Дыялектыка рукачыннага
У Палацы мастацтваў паглядзеў выстаўку “Беларускаму плакату — 100 гадоў”. Паглядзеў і трошкі збянтэжыўся: чаму сто гадоў? Таму што выдатны жывапісец Фердынанд Рушчыц у верасні 1913-га зрабіў рэкламны плакат да “Першай краёвай выстаўкі хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні”? Пры тым, што мастак ніколі сур’ёзна не займаўся плакатам, а жывапіс, графіка і сцэнаграфія былі для яго галоўнай справай. Зразумела, што дата “1913” вельмі добра кладзецца на наш 2013 год, але ўсё высакароднае імкненне арганізатараў экспазіцыі трошкі, як кажуць, прыцягнута за вушы. Бо далей — безупынныя “белыя плямы”: дзе, напрыклад, плакаты часоў супрэматызму? Тых жа Лісіцкага ці Суэціна? Дзе плакаты 1920 — 1930-х (ці тады зусім не было беларускіх твораў?)? Дзе бліскучыя беларускія савецкія плакаты і плакаты-лістоўкі эпохі Вялікай Айчыннай? Калі пастарацца, можна было б іх знайсці ў фондах іншых музеяў ці зрабіць фотакопіі, як атрымалася з плакатам Ф.Рушчыца. Між іншым, выдатны мастак Леў Бакст, выхадзец з Гродна, свой першы рэкламны плакат зрабіў ажно ў 1899 годзе!
Далей