Пераадоленне “нязручнага” свету
Магутным кантрапунктам Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Панарама” стаўся пачатак міжнароднай праграмы. Яе адкрылі спектаклі “Чаму чаму” ў рэжысуры Пітэра Брука тэатра “Шаўшпільхаус” са Швейцарыі і “Соня” ў пастаноўцы Алвіса Херманіса “Новага рыжскага тэатра” з Латвіі, якія сталіся сапраўдным тэатральным гурманствам для многіх гледачоў. Аднак у шэрагах тых, хто набыў білеты на гэтыя пастаноўкі, нямала аказалася і тых, хто са здзіўленнем і пэўным непаразуменнем паставіўся да гэтых работ: прад’яўляючы да Брука прэтэнзіі ў адсутнасці сюжэтнай лініі і яркай відовішчнасці, а да Херманіса — у ігры на акцёрскім “крыўлянні”. Між тым, абедзве пастаноўкі, прадстаўленыя ў афішы “Панарамы”, уяўляюць з сябе лепшыя ўзоры тых перспектыўных накірункаў, па якіх сёння рухаецца сусветнае тэатральнае мастацтва.