Дарога “Культуры” на “Славянскі...”
Рэдакцыя нашай газеты праклала свой уласны, сапраўдны эксклюзіўны інфармацыйны шлях на знакаміты міжнародны форум. Кожны ліпень для журналістаў “К” быў на працягу гэтых трох дзесяцігоддзяў як самы напружана-няўрымслівы месяц, гарачы на эмоцыі ды, зразумела, на пошук таго самага эксклюзіва ў віры ўсімі чаканай падзеі. Але ж пачынаўся для нас фестывальны марафон як мінімум напрыканцы мая ці самым пачатку чэрвеня, калі ішла перапіска праз Сеціва з арганізатарамі фэсту, а таксама заяўленымі на “Славянскі базар у Віцебску” канкурсантамі з многіх і многіх краін свету. А потым нашы карэспандэнты сустракаліся з імі ў Мінску на генеральных рэпетыцыях, пасля якіх шлях канкурсантаў палягаў у Валошкавы горад над Заходняй Дзвіной...
Ну і, вядома, нараджэнне святочнага нумара “К”. Літаральна са станкоў цэха Дома друку — калі ўначы, калі а шостай раніцы — мы здымалі тысячу экземпляраў газеты і куляй ляцелі на машыне ў Міжнародны прэс-цэнтр, каб паспець пакласці шыкоўна аформлены нашым дызайнерам Наталляй Овад спецвыпуск “Культуры” на сталы для калег перад адкрыццём першай прэс-канферэнцыі. І так адбывалася штогод. Словам, усе дарогі ў ліпені вялі нас у Віцебск!
Далей