1. Дзе знайсці эмоцыі?
Ці варта доўга тлумачыць, што інтэрнэт-рэсурсы — гэта каштоўная скарбонка крэатыву? А без карпатліва падабраных сродкаў мастацка-эмацыйнага ўздзеяння на гледача культурна-масавае мерапрыемства проста не будзе мець поспеху.
Вось прыклад таго, як можна “расфарбаваць” творчую дзею. Пры падрыхтоўцы тэатралізаванай акцыі ў гонар 68-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне наш гарадскі Цэнтр культуры скарыстаўся магчымасцямі Міжнароднага форуму культработнікаў. Адразу з’явіўся асноўны візуальны акцэнт свята: вобраз Радзімы-маці — непахіснай жанчыны. Ідэю мы рэалізавалі на цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы. Гэтая сцэна тэатралізацыі (пад дыктарскі тэкст) выклікала самыя станоўчыя эмоцыі гледачоў.
2. “Пакаштаваць” кнігу
Асноўны клопат нашых бібліятэк — прыцягненне большай колькасці чытачоў. Старыя метады папулярызацыі цяпер не спрацоўваюць. Наша ноу-хау — прэс-кавярня “Кніга выйшла пагуляць”. На гарадской плошчы, у імправізаванай кавярні за столікамі, можна адпачыць, пагартаць часопіс, пазнаёміцца з літаратурнымі навінкамі, “кніжным меню”, запісацца ў бібліятэку, паўдзельнічаць у гумарыстычным аўкцыёне. Запытаецеся: а пры чым тут Інтэрнэт? Ды проста гэтая прастора — яшчэ і дадатковая магчымасць для самапіяру. Таму цалкам верагодна, што на сайтах неўзабаве з’явіцца доказ, што нашу ідэю падхапілі калегі з іншых абласцей ды краін.
3. Выбраць праект
Менавіта Інтэрнэт спрыяе пераходу клубаў ды бібліятэк да больш актыўнага асваення праектных тэхналогій. Вялікая разнастайнасць творчых сацыякультурных праектаў у Сеціве вызначыла перспектыўны напрамак дзейнасці аддзела культуры. Культурны прадукт стаў больш прывабны і якасны.
4. Танцы па-над возерам
Як падтрымаць актыўную грамадскую пазіцыю дзяцей і моладзі, не пакінуўшы пры гэтым без увагі людзей сярэдняга і сталага веку? Такое пытанне задаюць сабе многія работнікі культуры. Як правіла, мы ладзім мерапрыемствы, скіраваныя на пэўную катэгорыю насельніцтва. А вось нашы калегі з латвійскага горада Балві практыкуюць сямейныя летнія балі, якія праводзяцца на адкрытым паветры (на беразе возера, напрыклад). Масавае гулянне для ўсіх узростаў і катэгорый насельніцтва пад жывую музыку стварае сяброўскую атмасферу. Ці ж магчыма не выкарыстаць такі бліскучы досвед для ўмацавання ўнутрысямейных стасункаў і сацыялізацыі маладога пакалення?
5. Гаданне на рунах
І яшчэ адзін вынік нашых інтэрнэт-пошукаў, калі з аскепкаў чужых ідэй неўзабаве нараджаецца штосьці сваё, непаўторнае. Мы стараемся ўкараніць у музейную справу больш актыўныя формы работы. Зала этнаграфіі заўжды прыцягвала павышаную ўвагу наведвальнікаў. Усе жадаюць ведаць, як жылі продкі і чаму яны пакланяліся. Так з'явілася ідэя стварэння пляцоўкі для гадання на рунах. Як вядома, руны — магічныя алфавітныя знакі, што высякаліся на камянях або выразаліся на дрэве. Дык вось, лясная німфа прапаноўвае раскруціць чароўнае кола і прыадкрыць заслону над будучым. Яшчэ адзін сродак узняць настрой гасцям музея і атрымаць прыз!..
Інга ЖУРОМСКАЯ, начальнік аддзела культуры Докшыцкага райвыканкама