У сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва экспанаваліся творы знакавага мастака сучаснасці Георгія Скрыпнічэнкі. Гэта работы за перыяд з канца 1960-х да пачатку 1990-х.
Г.Скрыпнічэнка. "Куткі юнацтва".
Інакш кажучы, ад “суровага стылю” — да сац-арту. Пры жаданні ў ягоных палотнах і аркушах можна знайсці водгулле гэтых моцных хваляў, але — толькі водгулле. Мастак заўжды цураўся груповак паводле ідэалогіі альбо эстэтыкі, не ім пратаптанай дарогі і калектывізму як рэлігіі. Ягоная творчасць не належыць да ніводнай з плыняў беларускага мастацтва апошніх пяцідзесяці гадоў. І рэалізм у яго з нейкім містычным ухілам, і “сюр” Далі нагадвае хіба аддалена; і этнаграфічныя матывы, якія так любілі-шанавалі мастакі 1980-х, у яго пазбаўлены пачуццёвасці. Скрыпнічэнка, чалавек надзвычай сімпатычны і з адкрытай душой, у творчасці паўстае асобай закрытай і загадкавай. І хацеў бы, можа, быць іншым, але не атрымліваецца… Ён не ўмее падабацца гледачу. Натура ў яго мацнейшая за кан’юнктуру. Не кожную работу Георгія Скрыпнічэнкі павесіш дома, але на выстаўцы ля яе абавязкова спынішся.
Г.Скрыпнічэнка. "Дрыгва".
У экспазіцыі дамінуюць раннія работы. Але часам акрэсліць дату стварэння даволі цяжка. Справа ў тым, што Георгій Сяргеевіч мае звычку калі-нікалі звяртацца да свайго палатна ці аркуша якой заўгодна даўніны каб дадаць рысы, адпаведныя сённяшняму разуменню той тэмы і таго сюжэта. Гэта акалічнасць сведчыць пра наяўнасць у творцы ўнутранага стрыжня і эстэтычнай праграмы, якой ён трымаецца ці ні ад першых самастойных работ.
Многае на гэтай выстаўцы для прыхільнікаў творчасці Скрыпінічэнкі будзе адкрыццём, бо большасць работ экспануецца ўпершыню.