І.Шлозберг. “Асенняя віяланчэль”. |
Сёння, амаль праз 20 гадоў з моманту стварэння, некаторыя “арт-фактаўцы” з поспехам рэалізуюць свой творчы патэнцыял у іншых краінах, іншыя проста сышлі з вялікай мастацкай сцэны. Аднак “касцяк” калектыву застаўся ў Пінску. Яны ўзмужнелі, вызначыліся з асабістай прасторай і... прынялі пад свае сцягі новых аднадумцаў. Да ўжо вядомых і прызнаных майстроў мастацкага пэндзля — Сяргея Жылевіча і Віктара Сагановіча далучыліся прадстаўнікі старэйшага пакалення пінскіх мастакоў: Мікалай Казлоўскі, Аркадзь Шустэрман, а таксама фотамастак Яўген Таламай.
Першая калектыўная выстаўка творчага аб’яднання г. Пінска ў адноўленым складзе, якая адкрылася ў Музеі Беларускага Палесся, дазваляе пазнаёміцца з разнапланавасцю абраных тэм і сродкаў вобразна-пластычнай выразнасці.
М.Казлоўскі дэманструе новую серыю маштабных жывапісных гісторыка-краязнаўчых рэканструкцый “Пінскія базары”. А.Шустэрман традыцыйны ў сваіх рэалістычных нацюрмортах. Не так даўно гэтыя два “аксакалы” мастацкага пэндзля адзначалі свае важкія жыццёвыя даты вялікімі персанальнымі выстаўкамі ў Музеі Беларускага Палесся.
Нязменна прыцягваюць увагу драўляныя скульптуры С.Жылевіча, ён жа і аўтар інсталяцыі з рыбацкай сеткай і “залатой рыбкай”. З моманту нараджэння “Арт-Факта” С.Жылевіч стаў прызнаным майстрам палескай сталіцы. Гарадскія пейзажы В.Сагановіча — новыя старонкі ў творчасці нашага земляка і заяўка на персанальную выстаўку.
Сёлетняя выстаўка — з’ява сінтэтычная: сумесь жанраў і тэхнік выканання мастацкіх работ. У ліку творчага аб’яднання ўжо не толькі традыцыйныя віды мастацтва, але і мастацкае фота. Гаворка ідзе пра Я.Таламая, які працуе ў сферы кніжнай фотаілюстрацыі. Гуляючы аднойчы па гістарычным цэнтры роднага Пінска, яго аб’ектыў улавіў і зафіксаваў момант “Пасля дажджу” — сентыментальны настрой чыстага правінцыйнага гарадка, які з гонарам захоўвае ў сабе сівую даўніну, шчыра супраціўляючыся “аўтамабільнай”сучаснасці. Гэтая праца, бадай, адна з лепшых у рэпартажнай серыі гарадскіх пейзажаў фатографа.
Іна ДЗЯМІД,
спецыяліст аддзела культуры
Пінскага гарвыканкама