Начальнік аддзела культуры Полацкага
гарвыканкама Алена Астапава распавяла “К”, што ў чацвер, 24 мая, у новым мікрараёне “Аэрадром” старадаўняга горада адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка дойліду Іаану — заснавальніку полацкай архітэктурнай школы, які па загадзе Ефрасінні Полацкай узвёў у XII стагоддзі Спаса-Праабражэнскі храм. Аўтар помніка — ураджэнец Віцебшчыны Уладзімір Шапо, вучань Фелікса Гумена. Помнік выраблены за сродкі гарадскіх будаўнічых арганізацый. Старадаўняя полацкая традыцыя — арганічнае спалучэнне старадаўняй і сучаснай архітэктуры — займела чарговы працяг.
А афіцыйнае адкрыццё юбілейных мерапрыемстваў з удзелам шматлікіх гасцей адбылося ўчора, 25 мая. Па рашэнні мясцовых улад, гэты дзень у Полацку быў абвешчаны выхадным. Як распавяла Алена Астапава, толькі ў старце святаў пад назвай “Гімн Полацку — бацьку гарадоў беларускіх” прыняло ўдзел паўтары тысячы выканаўцаў з рэспублікі, вобласці, раёна і горада.
Святочная дзея разгарнулася на шасці канцэртна-забаўляльных і гандлёвых пляцоўках. А на плошчы Свабоды адбылося шанаванне лепшых у прафесіі гараджан, прайшлі канцэртныя імпрэзы. Выступілі Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, арт-група “Беларусы”… Ля помніка Сімяону Полацкаму адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя Году кнігі.
Сёння дзейнічае Крывіцкі рамесны кірмаш, распачынаецца канцэрт творчых калектываў гарадоў-пабрацімаў Полацка, працуюць гандлёва-рамесніцкія падворкі…
Урачыстыя мерапрыемствы будуць доўжыцца да 5 чэрвеня. У праграме — Фэст сярэднявечнай культуры “Рубон”, мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай…