Па словах Уладзіміра Пінчука, менавіта ўкараненне сучасных тэхналогій дазваляе знізіць дзіцячую інваліднасць і палепшыць сацыяльную адаптацыю хворых. Аддзяленне трымае пад кантролем не толькі горад, бо з'яўляецца, па сутнасці, арганізацыйна-метадычным цэнтрам абласнога ўзроўню.
Словам, аддзяленне, што існуе з 2001 года, - адна з вядучых структур паліклінікі. І ўвесь час загадвае ім знаны спецыяліст Галіна Шаўко. Пра сваю высакародную справу яна гатова распавядаць бясконца. І за кожным ейным словам добра заўважныя канкрэтныя ўчынкі. Штодня дзецям і іх бацькам дапамагаюць больш за 20 супрацоўнікаў аддзялення: гэта высокакваліфікаваныя дыягносты, лагапеды, псіхолагі, кансультанты. Іх неаспрэчная заслуга ў тым, што з 2009 па 2011 гады кансультатыўна-дыягнастычную і карэкцыйна-рэабілітацыйную дапамогу атрымала амаль 90 тысяч дзяцей.
У аддзялення, як распавядае яго загадчык, - некалькі асноўных кірункаў дзейнасці. Пастаянна дыягнастуюцца дзеці з паталогіямі, у тым ліку і генетычнымі. Робіцца ўсё магчымае для карэкцыі парушэнняў у моўнай, рухальнай, псіхалагічных сферах. Штодзённая ўвага надаецца не толькі дзецям, але і іхнім бацькам. Без спрактыкаванасці і дасведчанасці апошніх іншым разам проста немагчыма перамагчы дзіцячую хваробу. Урачы і бацькі - саюзнікі ў змаганні за сыноў і дачок.
- Здароўе фарміруецца не толькі з дапамогай сучасных лекаў і апаратуры, - упэўнена Галіна Шаўко. - Кожнаму з нас неабходна імкнуцца быць фізічна здаровымі на, так бы мовіць, духоўным узроўні і перадаваць гэтае імкненне сваім дзецям...
У аддзялення ранняга ўмяшання - пастаянныя кантакты і з мясцовым аддзелам культуры. Дзеці наведваюць самыя розныя гурткі, спрабуюць творчыя сілы ў самых розных відах мастацтва. І ў гэтым - таксама залог іх будучага здароўя.
На здымку: калектыў аддзялення ранняга ўмяшання Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі.