8 лістапада ў рэдакцыю завітаў Мікола Козенка, каб падзяліцца радаснай навіной: з друку выйшаў сігнальны экзэмпляр кнігі "Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць (Магілёўшчына)".
Фінансавую падтрымку выдання ажыццявіла ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама.
Кніга - пачатак серыі, што будзе прысвечана беларускаму народнаму танцу розных рэгіёнаў краіны, а Мікола Козенка з'яўляецца аўтарам праекта і адказным за агульнае і харэаграфічнае рэдагаванне. Выданне абагульняе вынікі комплекснага даследавання танцавальнай культуры Магілёўшчыны. У яго ўвайшлі матэрыялы, якія даюць уяўленне аб адметных асаблівасцях аўтэнтычнай мясцовай харэаграфіі (карагоды, танцы, скокі), аматарскай народна-сцэнічнай танцавальнай творчасці, а таксама аб мастацтвах, блізкіх да яе: інструментальнай музыцы і этнічным касцюме.
Кніга, над якой працаваў вялікі аўтарскі калектыў, стваралася цягам амаль пяці гадоў. Складаецца яна з раздзелаў "Народная спадчына", "Аматарская творчасць", "Узоры класічнай беларускай народна-сцэнічнай спадчыны" і "Урокі беларускага народна-сцэнічнага танца".
- Такім чынам, - зазначыў Мікола Козенка, - упершыню ў гісторыі краіны, ды і на абсягах былога Савецкага Саюза, комплексна і сістэмна разгледжана народная танцавальная культура пэўнага рэгіёна ва ўсіх яе праявах...
У кнізе, па словах Міколы Аляксеевіча, зроблена спроба напісання гісторыі аматарскай харэаграфіі Магілёўшчыны, а таксама ўпершыню разглядаюцца ўзоры класічнай народна-сцэнічнай харэаграфічнай спадчыны рэгіёна, прапануюцца ўрокі беларускага народна-сцэнічнага танца. Выданне багата ілюстравана фотаздымкамі, малюнкамі, графічнымі схемамі ды нотамі. Нагадаем, колькі гадоў таму іх друкавала "К".
Па словах Міколы Аляксеевіча, прэзентацыя кнігі адбудзецца ў сярэдзіне снежня ў Магілёве. А ўжо ў наступным годзе "Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць (Магілёўшчына)" паступіць на паліцы крамаў. Чарговая кніга серыі, па словах Міколы Козенкі, будзе прысвечана, хутчэй за ўсё, танцавальнай творчасці Міншчыны (папярэднія перамовы з упраўленнем культуры вобласці ўжо праведзены). Таксама не за гарамі праца над стварэннем выданняў па танцавальнай творчасці Брэстчыны і Гомельшчыны.
Фота Пятра ОВАД