Народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, лаўрэат рэспубліканскага фестывалю "Беларусь - мая песня" і ўладальніца безлічы ўзнагарод за ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках і конкурсах народнага мастацтва, метадыст па ткацтве Івянецкага музея традыцыйнай культуры Марыя Сасонка сустракае свой юбілей у самым творчым росквіце.
Звычайная сялянская дзяўчынка з вёсці Шыкуці ўзнялася на творчы Алімп дзякуючы прыроднаму таленту і надзвычайнай працаздольнасці. З маленства Марыську з усіх відаў сялянскай працы асабліва прываблівалі ткацтва і вышыўка, што генетычна перадалося ад продкаў па жаночай лініі.
Урбанізацыя грамадства ў пасляваенныя гады і асабліва калектывізацыя сельскай гаспадаркі змусілі моладзь з вёсак і хутароў шукаць лепшай долі ў прамысловым Івянцы. У сямнаццаць гадоў Марыя, пераадолеўшы бюракратычныя табу, уладкавалася вышывальшчыцай у арцель імя Сталіна. Спачатку вышывала і ткала па зададзеных канонах-эскізах мастакоў, але няўрымслівая фантазія нараджала свае арыгінальныя арнаменты, выпрацаваныя на аснове спрадвечных традыцый ткацтва Івянецкага рэгіёна. Яе ўзоры атрымліваюць высокую ацэнку на мастацкіх саветах і, як эталон, зацвярджаюцца ў масавую вытворчасць на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці. Хутка Марыю Ксавераўну прызначаюць на пасаду народнага ўмельца - фактычна майстра вытворчасці. Складана ўявіць, як маладая жанчына паспявала кіраваць мастацкім працэсам у цэху, дзе працавала каля трох дзясяткаў ткачых і больш за сотню майстрых- надомніц з навакольных вёсак.
Сасонка авалодала ўсімі тонкасцямі рамяства. Ёй падуладны тэхнікі пераборнага, шматнітовага, закладнога ткацтва і нават тэхналогіі габелена. Па яе творчасці пішуцца навуковыя манаграфіі, абараняюцца кандыдацкія дысертацыі.
Пасля выхаду на пенсію Марыю Ксавераўну запрасілі арганізаваць майстэрню ткацтва пры Івянецкім музеі, з чым яна бліскуча справілася.
Алег РАМАНОЎСКІ Івянец