Літаральна месяц застаўся да таго, як у сталіцы Чэхіі адкрыецца Пражскі квадрыенале - найбуйнейшы міжнародны тэатральны форум, які раз на чатыры гады збірае разам сцэнографаў з усяго свету.
Вось і сёлета з 16 па 26 чэрвеня Прага стане сапраўдным горадам-тэатрам, "фабрыкай ідэй", дзе сваё бачанне развіцця "мадэлявання" тэатральных прастор і вобразаў прадставяць мастакі з самых розных краін.
Рыхтуюцца да паездкі на Пражскі квадрыенале і беларускія сцэнографы. Як мы пісалі раней ("К", № 14 за 2011 г.), па выніках традыцыйнай справаздачнай выстаўкі "Вынікі сезона-2011", што адбылася ў музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, былі вызначаны мастакі і работы, якія прадставяць айчыннае сцэнаграфічнае мастацтва ў рамках нацыянальнага павільёна.
Хочацца адзначыць той факт, што поруч з прызнанымі мастакамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў, Міністэрства культуры краіны стварае ўмовы для экспанавання ў Празе і работ маладых сцэнографаў, якія робяць свае першыя крокі ў гэтай прафесіі. Студэнцкі павільён прадставяць выхаванцы чацвёртага курса спецыяльнасці "тэатральна-дэкарацыйны жывапіс" (майстэрня Барыса Герлавана) і трэцякурснікі, будучыя майстры выяўленчага рашэння фільма (майстэрня Дзмітрыя Мохава), для якіх падобны "выхад у свет" і сустрэча з работамі масцітых сцэнографаў-калег станецца не толькі магчымасцю ацаніць уласныя сілы і ўзровень творчага мыслення, але і выдатным урокам таго, як творчыя амбіцыі скіроўваць у рэчышча, здольнае несці канструктыўны плён не толькі для самаўдасканалення, але і для развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва ў цэлым. Бо сёння менавіта такое ўменне мысліць маштабна, разглядаючы сваю творчую работу з пазіцый тэатральнай рэчаіснасці і перспектыўнага развіцця ўласнай прафесіі, - надзвычай каштоўны і важны навык, які ўжо ў хуткім будучым стане вельмі запатрабаваным.
На здымках: макеты дэкарацый да спектакляў "Эдзіп" і "Шэрыбрэндзі, анёл мой".