Вось што расказваюць аўтары пра свой праект: "У фотатворах можна пабачыць як хранікальна-дакументальную здымку, так і пастановачныя кадры, як фотаграфіку, так і работы, якія нагадваюць кніжную вёрстку. Фотаздымка ў розных краінах аб'яднана іранічнымі, часам парадаксальнымі, сумяшчэннямі. Шматлікія фундаментальныя паняцці еўрапейскай культуры даўно перавандравалі на вулічныя і дарожныя ўказальнікі, назвы магазінаў, сталі звыклымі, хаця іншы назіральнік бачыць у гэтым мастацкі вобраз. Еўропа- там, дзе еўрапейцы, таму па ўсім свеце раскідана мноства міні-Еўроп. Такіх Еўроп еўрапейцаў усё ж значна больш, чым геаграфічных цэнтраў Еўропы, якія з кожным годам размнажаюцца ў незразумелай прагрэсіі. У кожнага еўрапейца, як мінімум, - свой асабісты цэнтр Еўропы: ці то беларуская вёска Амерыка, ці то самы сапраўдны французскі Парыж.
Даследчы праект "Еўропа плюс-мінус" доўжыцца амаль дзесяць гадоў і ўключае дзённікавыя запісы, замалёўкі, тэксты і саму фотаздымку. Мастацтва ў сучасным свеце - гэта, перш за ўсё, даследчая дзейнасць. Мастацтва існуе для таго, каб служыць працэсу спазнання. Адна з задач нашага праекта - у вядомым знайсці нечаканае і невядомае".