Пад час святкавання Дня беларускага пісьменства на мерапрыемствах у Хойніках і Мінску можна было сустрэць і нашага суайчынніка, старшыню Асацыяцыi беларусiстаў Санкт-Пецярбурга, загадчыка аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Мікалая Нікалаева. Нягледзячы на напружаны графік навукоўцы, звязаны ў тым ліку і з падрыхтоўкай другога тома "Гісторыі беларускай кнігі", карэспандэнт "К" усё ж пагутарыў з даследчыкам, плённая дзейнасць якога ў чарговы раз пераконвае, што вывучаць скарбы беларускай зямлі можна не толькі на Радзіме.
Капаць... кнігу
- Ведаю, у свой час вы марылі стаць археолагам. Але лёс склаўся інакш, і вы абралі працу, звязаную са старадрукамі. У пэўным сэнсе гэтую дзейнасць можна таксама назваць археалогіяй: той жа пошук артэфактаў, толькі не ў нетрах зямлі, а ў фондах бібліятэкі.
- Але гэта былі не проста мары! Цягам 15 сезонаў я прымаў актыўны ўдзел у раскопках. "Капаў" у Навагрудку - цудоўным горадзе, багатым на археалагічныя знаходкі. Пад час раскопак выяўляліся, да прыкладу, рэшткі спаленых кніжных зашпілек. І калі прыйшоў працаваць у Расійскую нацыянальную бібліятэку, дык убачыў жывыя кнігі, з такімі ж жывымі зашпількамі. А да гэтага яшчэ малюнкі, цікавы змест - усё гэта не магло не зачапіць. Да таго ж, я разумеў, што археолагаў на Беларусі і без мяне шмат, а вось гісторыкаў кнігі практычна няма, бо няма фондаў. Так атрымалася, што скарбы бібліятэкі Радзівілаў- у Санкт-Пецярбургу, у гэтым жа горадзе і часткі бібліятэк Сапегаў, Жыровіцкага манастыра. Вось што і вызначыла мой выбар. Але як гісторык кнігі я іду не ад гісторыі літаратуры, а дзейнічаю ад археалогіі. Мне цікавая кніга як феномен матэрыяльнай культуры.
- У прадмове да кнігі "Палата" кнігапісная" вы ўжылі такую фразу: "Падарожжа ў таемны свет старажытных манускрыптаў"...
- Калі бярэш старую кнігу, з'яўляецца адчуванне, нібыта вітаешся за руку з тым чалавекам, які яе ствараў. І калі гэта кніга Францішка Скарыны - атрымліваецца, што ты вітаешся з самім першадрукаром, бо і ён у свой час трымаў той фаліянт у руках. Кніга злучае нас і праз пяцьсот гадоў.
- У вашай дзейнасці, відавочна, важна не толькі знайсці тую ці іншую каштоўную кнігу, але і апрацаваць яе належным чынам...
- І выявіць кнігу мне цікава якраз для таго, каб сказаць грамадству: "Знойдзена тое, пра існаванне чаго мы нават не здагадваліся!" З іншага боку, пераважная большасць кніг ужо апісана. І сваёй працай я толькі ўводжу іх у сучаснае культурнае поле. Пры гэтым вельмі важна не толькі перавыдаць кнігу, але і зрабіць яе грунтоўны аналіз. Часам дадатак да кнігі з яе даследаваннем перавышае па аб'ёме факсіміле.
Найважнейшы пераход
- Трапяткое стаўленне грамадства да кнігі як да светача, крыніцы ведаў, здаецца, не змянялася цягам стагоддзяў. У той жа час змянялася сама кніга, і кожная эпоха прыўносіла ў яе свае асаблівасці як у аздабленні, кніжнай графіцы, так і ў тэматычнай і стылёвай разнастайнасці тэкстаў. Якая, на вашу думку, найбольш яркая ў гэтым сэнсе эпоха?
- Гэта, на маю думку, пераход ад рукапіснай да друкаванай кнігі. Першая - шматколерная, са шматлікімі аздабленнямі. Дабаўце сюды яшчэ разнастайныя ініцыялы - загалоўныя літары, устаўкі. А потым прыходзіць Францішак Скарына, чалавек-эпоха друкаванкі, і кніга, у выніку, становіцца чорна-белай. Але пры гэтым мае сваю адметную эстэтыку, якую можна адчуць праз гравюры. Досыць доўгі час два кірункі існавалі паралельна. І толькі ў ХІХ ст. друкаваная кніга пачынае набываць звыклы сучаснаму чытачу багаты колер.
- А як жа эпоха барока? Здаецца, цяжка знайсці ў гісторыі стыль, які настолькі моцна адбіўся на кніжнай культуры.
- Барока, у адрозненне ад папярэдніх эпох, і сапраўды спрыяла чалавеку ў яго імкненні да Бога, а значыць да прыгажосці, да розуму. Як тут не захапіцца тытанічнай працай гравёраў, наборшчыкаў! У тыя часы было папулярным рабіць генеалагічныя дрэвы магнацкіх родаў. Гэта ўжо свецкае мастацтва з выявамі рыцараў, гербаў. Працуючы над першым томам "Гісторыі беларускай кнігі", я імкнуўся падабраць як мага болей ілюстрацый, што адлюстроўваюць тую эпоху.
- Пад час "круглага стала" ў Нацыянальнай бібліятэцы ў рамках Дня беларускага пісьменства вы адзначылі: ХХ стагоддзе таксама вартае ўвагі даследчыкаў гісторыі кнігі. Але, падаецца, вывучаць друкаваныя выданні гэтага перыяду справа літаратуразнаўцаў...
- Гэтае пашыранае нават сярод навукоўцаў меркаванне звязана з няведаннем кнігі міжваеннага перыяду. Як бы ні парадаксальна гэта прагучала, але выданні 1920 - 1930-х амаль не захаваліся. Толькі адзінкі выратаваліся ў спецсховах. Справа ў тым, што ў гэты час складаліся цэнзурныя спісы на масавае знішчэнне кніг рэпрэсаваных аўтараў, мастакоў-ілюстратараў, рэдактараў. Таму, калі я пачаў рыхтаваць да друку другі том "Гісторыі беларускай кнігі" і знаёміўся з выданнямі са спецсховаў, то знайшоў дзясяткі імёнаў мастакоў-ілюстратараў, якіх не ведае Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Нават Міхась Баразна ў сваёй працы "Мастацтва беларускай кнігі" толькі часткова ўзняў гэты пласт.
Да таго ж, вывучаючы кнігі гэтага часу, адкрываю для сябе вельмі прыгожыя работы мастакоўафарміцеляў як кніг для дзяцей, так і тэхнічных, ваенных выданняў, якія, дарэчы, выдаваліся тады пераважна на беларускай мове.
"Перапісчык" паводле...
- Калі ў айчынных навукоўцаў узнікла цікавасць да кнігі як аб'екта матэрыяльнай культуры? І каго з сучасных даследчыкаў вы можаце вылучыць?
- Найперш, важна падкрэсліць значэнне студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэта на пачатку ХІХ ст., у тым ліку Лялевеля, Ёхера, - тых людзей, якія склалі бібліяграфію і апісанне першых друкарняў на беларускіх землях. Пазней узнікла школа навуковага даследавання. Можна вылучыць, скажам, і Івана Грыгаровіча, бібліятэкара ў палацы Румянцава. Менавіта ён паставіў на прафесійную аснову вывучэнне беларускай кнігі. І пры гэтым, жывучы ў Пецярбургу, падкрэсліваў сваё беларускае паходжанне. Вельмі важнае значэнне ў пачатку ХХ ст. адыграў, як гэта ні дзіўна, Максім Багдановіч сваім цыклам вершаў "Перапісчык". У адным месцы "Кіеўскага псалтыра" я знайшоў старонку, што дакладна паўтарае сюжэт верша Багдановіча. Шмат у чым дзякуючы яго радкам беларусы "новай хвалі" сур'ёзна пачалі займацца гісторыяй кніжнасці. І яскравы прыклад таму Вацлаў Ластоўскі, яго "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі" 1924 года. Сёння гістарычным кнігазнаўствам на Беларусі займаецца не так ужо і шмат людзей. У першую чаргу, гэта Іван Саверчанка і Георгій Галенчанка. З Георгіем Якаўлевічам мы неаднаразова працавалі ў агульных семінарах. У нас адбываецца своеасаблівая выверка, паралельная работа. І яго заўвагі, у прыватнасці, звязаныя з "Гісторыяй беларускай кнігі", вельмі важныя для маёй далейшай працы.
- Але ці былі даследчыкі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў?
- На жаль, у маіх кнігах вы не знойдзеце адказу на пытанне. Я абмінуў такія сюжэты. Хаця людзі, што працавалі бібліятэкарамі ў нашых магнатаў і былі інтэлектуальнай элітай таго часу, дасканала ведалі кніжную культуру, заслугоўваюць вялікай увагі. Але гэта надзвычай вялікі пласт працы і магчыма маладыя вучоныя возьмуцца за такое даследаванне.
- Што яшчэ патрабуе свайго дэталёвага даследавання і якія адкрыцці чакаюць чытача ў другім томе "Гісторыі беларускай кнігі"?
- Паўтаруся: 20 - 30-я гады ХХ ст. - суцэльныя адкрыцці. Вывучэнне гісторыі кнігі - гэта вельмі працаёмкая і дарагая справа, бо выданні раскіданы па ўсім свеце. Мы ведаем шмат выданняў, ад якіх захавалася толькі назва. Самі асобнікі невядома дзе захоўваюцца, і ніхто не дасць гарантыі, што яны яшчэ існуюць. Праца па іх пошуку вельмі складаная, але, безумоўна, прынясе адкрыцці. Напрыклад, мы ведаем толькі адну кнігу Васіля Цяпінскага. Але калі ў яго былі шрыфты, дык можна меркаваць, што ён выдаў не толькі Евангелле.
Вальтэр: нататкі на палях
- І такім знаходкам, відаць, зможа паспрыяць, як бы гэта дзіўна ні гучала, глабалізацыя. Найбольш перадавыя бібліятэкі свету скануюць і выкладаюць у Інтэрнэце электронныя копіі старадаўніх кніг.
- Безумоўна, гэты працэс мусіць паспрыяць працы даследчыкаў-кнігазнаўцаў. Хаця электронная копія не замяняе неабходнасці вывучэння арыгіналаў. Электронная кніга, як бы яе ні хвалілі, не перадае "шоргаты эпохі". У прыватнасці, каталог Расійскай імператарскай бібліятэкі сканаваны і выкладзены ў Інтэрнэт. Але там, хутчэй за ўсё, не будзе змешчана інфармацыя пра мастака кнігі, назва друкарні, тыраж і, тым больш, маргіналіі - надпісы чытачоў. Не многія ведаюць, што па старой кнізе вывучаюць яшчэ і гісторыю яе гаспадароў і чытачоў.
- А мне заўжды здавалася, што крэмзаць у кнігах вельмі дрэнна...
- "Не пэцкаць" кнігі пачалі вучыць дзяцей адносна нядаўна. Раней чалавек рабіў пазнакі, запісваў свае думкі, уражанні ад прачытанага на палях кнігі. У Санкт-Пецярбургу захоўваецца бібліятэка Вальтэра. Возьмем яго славутую фразу "Калі б Бога не было, яго варта было б прыдумаць". Я заўсёды думаў, што гэта вытрымка з нейкай яго кнігі. Насамрэч - усяго толькі пазнака ў кніжцы аднаго з рэлігійных аўтараў, пасля прачытання якога ў Вальтэра і нарадзілася такая ідэя.
Беларусы і Пецярбург
- Ці складана займацца беларусістыкай за межамі сваёй Радзімы?
- Як ва ўсіх справах, тут маюцца свае плюсы і мінусы. Работа над "Беларускім Пецярбургам" прывяла мяне да ўнутранага пераканання, што гэты горад насамрэч з'яўляецца... беларускім. Канешне, ён не беларускі па тэрыторыі, насельніцтве. Але Пецярбург - гэта каласальныя каштоўнасці: фонды бібліятэк Радзівілаў і Сапегаў, Жыровіцкага манастыра, Полацкай езуіцкай акадэміі, музейныя экспанаты, зборы зброі. Чаго вартыя тыя ж радзівілаўскія гарматы і косы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага... І што вельмі важна і прыемна, мяне падтрымлівае дырэкцыя Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, дзякуючы якой штогод праводзяцца канферэнцыі "Пецярбург і беларуская культура", выходзяць зборнікі з дакладамі іх удзельнікаў.
- У кнізе "Беларускі Пецярбург" вы пішаце, што да рэвалюцыі ў горадзе на Няве жылі некалькі дзясяткаў тысяч нашых суайчыннікаў. Што ўяўляе сёння беларуская дыяспара ў Санкт-Пецярбургу?
- Па статыстыцы, там сёння жыве каля 85 тысяч чалавек, якія вызначаюць сябе беларусамі. Усяго ж каля 300 тысяч чалавек непасрэдна звязаны з нашай Радзімай. На жаль, арганізацыйна гэта слаба аформленая грамада. Так, адбываецца супрацоўніцтва з культурнай аўтаноміяй "Беларусы Расіі", таварыствам "Бацькаўшчына". Але гэтая дзейнасць мае, збольшага, спарадычны характар. І што самае крыўднае, беларускай мове і культуры ў Санкт-Пецярбургу нідзе пакуль не вучаць, хаця жадаючых, відавочна, будзе багата.
- Ды і самі жыхары Санкт-Пецярбурга, наколькі мне вядома, неабыякавыя да беларускай культуры.
- Шчыра кажучы, мяне гэта моцна здзівіла. Я ведаў асобных беларускіх кнігалюбаў. Але, напрыклад, да выдання маёй кнігі спрычыніліся афіцэры арміі і міліцыі, урачы, прадпрымальнікі. Дзякуючы іх фінансавай дапамозе і пабачыў свет "Беларускі Пецярбург". І ці не ўсе нашы суайчыннікі з гэтага горада любяць беларускую мову. За дзесяцігоддзі службы ў арміі ці працы ў горадзе чалавек хоць і забывае роднае слова, тым не менш з настальгіяй, ласкай да яго ставіцца. Што і казаць: часам мяне нават просяць выкарыстоўваць у размове родную беларускую мову.