актыўны глядач.
У яго наяўнасці сёлета пераканалі продажы білетаў на адкрыццё і закрыццё форуму, якія адбыліся ў шматтысячнай "Бабруйск-Арэне". "Хоць кошты падвысілі, але попыт - стабільны. Таму і вынік грашовы, натуральна, маецца. За адносна невялікую цану ў бабруйчан з'явілася магчымасць не толькі наведаць адкрыццё і закрыццё "Вянка дружбы", але і, адначасова, пабываць на канцэртах зорак эстрады", - адказаў наконт эканамічнай рэнтабельнасці правядзення канцэртаў фэсту ў найвялікшай зале Бабруйска намеснік старшыні гарвыканкама Міхаіл Кавалевіч у гутарцы з карэспандэнтам "К". Зрэшты, пытанне- невыпадковае: летась эксперымент з продажам білетаў адбыўся на "Вянку дружбы" ўпершыню. "Ён даў свой плён, бо на папярэдніх форумах было нямала ахвотных трапіць на канцэрты, а запрашальнікаў не ставала",- адзначыў начальнік аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама Вадзім Шчэрбіч.
Гаворачы пра эканоміку, варта адзначыць і наступны арыфметычны
эксперымент.
Сёлета Бабруйск прыняў гасцей з 11 краін. Летась жа ансамблі і салісты прадстаўлялі 6 краін. Як дасягнуць такога колькаснага рыўка? Як перакананы Міхаіл Кавалевіч, тут адыгрывае ролю якраз якасны фактар: супрацоўніцтва з гарадамі-пабрацімамі, кантакты з пасольствамі замежных краін у Беларусі, а таксама рэклама ад саміх удзельнікаў форуму. Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Алег Хмялькоў дадае: "А яшчэ- пастаянная рэклама ў час шматлікіх канферэнцый і семінараў як у рэгіёне, рэспубліцы, так і за мяжой".
Калі ў гараджан змена "месцаў дзеяння" фестывальных праграм па плошчах і вуліцах Бабруйска цягам некалькіх гадзін выклікае натуральнае пытанне "Што выбраць?", дык удзельнікаў пастаянная ўключанасць у
кола падзей,
падаецца, цалкам задавальняе. Адсюль і канцэртныя пляцоўкі ажно на дзвюх плошчах райцэнтра, "Горад майстроў", падворкі з нацыянальнымі стравамі, канцэрт мясцовых юных артыстаў у "Бабруйск-Арэне", шэсце калектываў - удзельнікаў форуму. І паўсюль, як у той песні, "госці, госці, госці..." Але "разлічыць" цікавасць гледача, яшчэ раз упэўніўся, - няпроста, калі нават і пляцоўкі непадалёк адна ад адной, і праграма - насычаная надзвычайна.
Дык на чым жа спыніць сваю ўвагу? Нягледзячы на найменне фестывалю, дзе пазначана яго арыентаванасць на народную творчасць, я параіў бы звярнуцца да...
Амара Хаяма.
Так-так, і не толькі таму, што цягам форуму ў Бабруйску працавала выстаўка іранскага мастацтва. Народнага, дарэчы, таксама. Якраз зборнік твораў паэта трымаў у руках на адкрыцці экспазіцыі начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец. І хаця рубаі ў яго выкананні так і не прагучалі, але да канцэпцыі яднання творцаў "Вянка дружбы", мяркую, пасуе такі радок персідскага паэта: "Лаві імгненне! Бо яно не паўторыцца!.." Гэта - і пра шосты па ліку бабруйскі форум сяброўства.
Фота аўтара