Не арганізатары выставак "вінаватыя" ў тым, што матэрыял да іх прапаноўваецца ўсё бяднейшы, - сам стан падрыхтоўкі мастацкіх кадраў і малая зацікаўленасць у іх грамадства, недастатковасць тэарэтычнай падрыхтоўкі мастакоў і мастацтвазнаўцаў, якія ўжо даўно не спрабуюць адказаць на пытанне: "Што такое добра і што дрэнна ў нашым выяўленчым мастацтве?". Галоўнае - ніхто не ведае, куды ісці. Вось у чым сутнасць праблемы!
Ці то пейзаж, ці партрэт, ці тэматычны жывапіс, ці жанрава-бытавая карціна - хіба хто ўспомніць нешта значнае і цікавае з твораў апошніх выставак? Тэматычная карціна, якая не так даўно была ў цэнтры экспазіцыі, увогуле знікла, партрэт ператварыўся ў выяву знешняга хараства сучаснікаў і сучасніц, нібыта ўвесь свет зацыкліўся на конкурсах прыгажосці, і г. д. Сустракаюцца, вядома, і партрэты старых, бацькоў-пенсіянераў, але таксама, на жаль, знешнія і малавыразныя.
Калі няма псіхалагізму ў партрэце, дык адкуль ён прыйдзе ў пейзаж, якому, паводле нататак аглядальніка выстаўкі, якраз бракуе яго, як і эмацыйнасці, глыбіні задумкі, змястоўнасці?
Зразумела, аніякі арганізатар выстаўкі не палепшыць становішча, калі ў рэзервах няма іншага. Не спецыяльна ж мастакі нясуць да іх нецікавыя работы. Так атрымалася, што адны працягваюць прытрымлівацца кансерватыўнай традыцыі, іншыя ж - кідаюцца ў вір суперсучасных плыняў. Ізноў-такі не самімі імі прыдуманых, а "каб было ўсё, як ва ўсіх". Яно і атрымліваецца, як ва ўсіх, толькі ў некаторых тое схавана пад "мясцовым адзеннем", якое лічыцца за нацыянальную прыкмету. Але гледачу ўсё роўна не цікава: ён трапляе ў Інтэрнет і бачыць тое самае, толькі часцяком лепшых узораў. Інфармаваныя людзі кажуць, што сучаснае беларускае мастацтва не горшае за замежнае, і гэтым можна ганарыцца. Але ці ў добрым стане апошняе? Хіба існуе ў ім тэматычная карціна або кампазіцыйны пейзаж? Імітацыя прымітыву, дзіцячага бук-арту, камп'ютэрная графіка - вось асноўны арсенал відаў выяўленчай творчасці. У тым ліку, і па знакамітых біенале.
Так, даўно мы забыліся на мнагалюдныя мастакоўскія дыскусіі, якія ішлі ў перапоўненых выставачных залах, дзе востра і грунтоўна абмяркоўваліся розныя праблемы бягучага жыцця нашага мастацтва. І, ведаеце, вынікі - былі! Што тут казаць: большасць твораў тых часоў сёння знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, і ўсе яны, як правіла, праходзілі праз сур'ёзнае "сіта" мастацтвазнаўчых аналізаў у СМІ і на грамадскіх абмеркаваннях. Дзе ўсё гэта сёння?..
Ірына ЕЛАТАМЦАВА, мастацтвазнаўца