Вось чаму цяперашняя выстаўка эстампа павінна выклікаць цікавасць і гледача, і саміх графікаў. "Мы, члены Беларускага саюза мастакоў,- адзначыў намеснік старшыні БСМ Сяргей Цімохаў,- спадзяёмся, што гэтая экспазіцыя крыху разварушыць айчынных творцаў. Магчыма, зробім яе рэгулярнай, хутчэй за ўсё, у форме трыенале. Словам, дадзены працэс наладжваць неабходна. І Саюз збіраецца за гэта сур'ёзна ўзяцца". На жаль, у поўнай меры рэалізаваць задуманае не атрымалася. Куратар выстаўкі Андрэй Басалыга адзначыў, што з-за недахопу выставачнай прасторы давялося выключыць са спіса экспанатаў некаторыя эстампы. Асноўным жа "расчараваннем" сталі маладыя творцы. І тут, як ні дзіўна, размова ідзе не пра якасць работ, а пра іх колькасць. "Хацелася б бачыць больш твораў ад маладога пакалення, адкрываць больш новых імёнаў. Менавіта для гэтага такія фэсты і ствараюцца!
Спадзяюся, калі выстаўка стане рэгулярнай і, тым больш, атрымае больш шырокі фармат, цікавасць да яе з боку маладых творцаў будзе большая",- лічыць А.Басалыга. Тым не менш, можна з упэўненасцю сцвярджаць: выстаўка агульнанацыянальнага ўзроўню сапраўды адбылася: не толькі з пункта гледжання геаграфічнага (на выстаўцы прадстаўлены работы і сталічных, і рэгіянальных мастакоў), але і ў адносінах да якасці экспануемых твораў і гучнасці імёнаў.
Менавіта тут можна ўбачыць самыя яркія старонкі беларускай графікі: работы народных мастакоў Беларусі Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча, Георгія Паплаўскага, іншых вядомых творцаў - Людвіга Асецкага, Андрэя Басалыгі, Аляксандры Паслядовіч, Алены Лось, Марыны Капілавай, Андрэя Асташова, Аляксандра Шапо... Асаблівую ўвагу на вернісажы звярнулі на Дзмітрыя Малаткова- прафесійнага друкара з 58-гадовым стажам, з непасрэднай дапамогай якога пабачылі свет амаль усе прадстаўленыя на выстаўцы творы. Зразумела, стварыць эстамп без удзелу друкара немагчыма. Таксама нельга стварыць сапраўды прафесійны, высокамастацкі эстамп без вопытнага, умелага спецыяліста, такога, як Малаткоў, што не толькі віртуозна валодае тэхнікай, але і добра адчувае мастака, яго думку, нібы становячыся сааўтарам графіка. У такім сінтэзе і заключаюцца традыцыі беларускай графічнай школы, якая высока цанілася і ў нас, і далёка за мяжой. Сёння вельмі важна не толькі захаваць гэтыя традыцыі, але і развіць найлепшае ў іх. Варта спадзявацца, што выстаўка "Мастацтва эстампа" стане значным крокам на гэтым шляху.