У фае ПК разгарнулася выстаўка народных рамёстваў, а на галоўнай сцэне ўстановы выступалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцей, што пражываюць у Беларусі. На думку сакратара журы фестывалю і дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Ірыны Лемцюговай, усе нацыянальныя калектывы, якія паказвалі свае творчыя здабыткі на сцэне Палаца культуры, па-свойму прыгожыя, і кожная нацыянальнасць годна паказала свой нацыянальны каларыт. Як лічыць Ірына Васільеўна, фестываль нацыянальных культур з'яўляецца мастацкім сімвалам яднання нацый, народнасцей, духоўнага багацця, разнастайнасці нацыянальных культур, міжнацыянальнага сяброўства і міру на беларускай зямлі. Мерапрыемства яшчэ раз засведчыла слушнасць гэтых слоў і тое, што таленты прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей будуць і далей развівацца і ўдасканальвацца на добразычлівай зямлі Беларусі.
Іван АРХІПАЎ
***
А 5 снежня ў Маладзечне прайшоў абласны фестываль нацыянальных культур. У ім удзельнічалі прадстаўнікі 12 дыяспар з 14 раёнаў Міншчыны. Свае творчыя здабыткі ўпершыню паказалі латышы і ўдзельнікі грамадскага аб'яднання "Беларускае казацтва". Таксама ў рамках фестывалю прайшлі выстаўкі работ народных майстроў, літаратуры народаў свету і нацыянальных страў.