Вечнае, часовае і мінулае- лейтматыў яго твораў. Ён піша дом, чалавека, месцы яго знаходжання - матывы, распаўсюджаныя яшчэ ў галандскім жывапісе XVII стагоддзя. Але Г.Матусевіч уносіць у гэтую тэму драматызм сённяшняга дня і імкнецца рашыць яе па-новаму. Мастак не проста ўзводзіць простыя рэчы ў ранг мастацтва - ён "прымушае" нас зачароўвацца гэтымі простымі, звычайнымі, на першы погляд, рэчамі. Іншымі словамі - стварае сваю эстэтыку прыгажосці. Яго інтэр'еры прыцягваюць сваім асаблівым настроем і гарманічна звязаны з жыццём. Цудоўна адчуваецца кампазіцыйная і лагічная суразмернасць. У такіх творах заўсёды адчуваеш прысутнасць чалавека. І ў пейзажным жывапісе ён стварае сваю стылістыку. Рацыянальнае і рамантычнае светаўспрыманне ўступаюць у складанае ўзаемадзеянне. Так, мастак падкрэслівае першасныя якасці прыроды, але і надае ёй часам нечаканае гучанне. Рэалістычная манера пісьма, адсутнасць ідэалізацыі, нескладаная тэхніка, пры гэтым да колеру мастак ставіцца як да самадастатковай каштоўнасці.
"Памяркоўны імпрэсіянізм"- так называюць гэты накірунак яго сябры. Але ў гэты памяркоўны імпрэсіянізм дададзены элементы такога ж памяркоўнага сімвалізму. Элементы загадкавай недасказанасці ў творах Г.Матусевіча ствараюць атмасферу напружанага чакання. Напрыклад, дзеці на ягоных партрэтах падобныя на сфінксаў, якія захоўваюць таямніцу быцця, а нацюрморты і краявіды - формулы эмацыйнага і, у той жа час, вытрыманага ўсхвалявання. Дынамічны элемент жывапісу - святло. Творчасць для Генадзя - натуральная і пастаянная форма існавання. Часта, найбольш - пад час вандровак па родных мясцінах, побач з блізкімі, мастак схоплівае позіркам беглае ўражанне ўбачанага, сполах святла, якое пасля абавязкова знойдзе сваё адлюстраванне ў творы. Выпадковага і непрадуманага ў творчасці няма. У апошнія гады мастак актыўна займаецца драўлянай скульптурай і керамікай. Выбар гэтых матэрыялаў арганічна працягвае яго заглыбленне ў прасторава-часовы кантыніум, у якім ён існуе ўсё творчае жыццё. Адхінуўшы заслону часу, паўсталі з дрэва і гліны паганскія багі, хрысціянскія святыя і іншыя постаці беларускай міфалогіі ды далёкай мінуўшчыны.
Вольга НАЗАРУК, выкладчык Чэрвеньскай ДШМ
На здымках: работы Г.Матусевіча.