Гістарычныя карані ўзнікнення і развіцця народнай іконы звязаны з фарміраваннем і развіццём самабытнай беларускай іканапіснай школы, якая сфарміравалася ў XVI ст. на аснове традыцый візантыйскага мастацтва, з аднаго боку, з іншага — пад уплывам ідэй заходнееўрапейскага Адраджэння. Далейшая дэмакратызацыя культавага мастацтва прывяла да ўзнікнення значнага пласта — так званага народнага прымітыву — і памежных форм, якія сталі неад’емнай часткай народнай культуры.
Народная ікона мела шырокае распаўсюджанне на Гомельшчыне ў XVIІІ— пачатку ХХ стст. У адрозненне ад кананічнага, іканапіс падобнага роду больш дэмакратычны як у сюжэтах, так і ў выкананні. Малюнак выконваецца алейнымі фарбамі проста на дошцы, без папярэдняй грунтоўкі і нанясення прарысоўкі. Улюбёны прыём дэкарыравання— раслінны арнамент. У канцы ХІХ— пачатку ХХ стст. такія школы ўспрымаліся як неад’емная частка інтэр’ера беларускай сялянскай хаты і вясковай царквы.
На выстаўцы прадстаўлены іконы, якія бытавалі на тэрыторыі Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей у XVIІІ— ХХ стст. Экспазіцыя дапоўнена прадметамі этнаграфіі: ручнікамі, народным касцюмам, што дае магчымасць убачыць тое асяроддзе, з якім ікона непарыўна звязана.
Ул. інф.