Я апісваю музейныя прадметы — аснову асноў. Захоўваю для будучыні нашу гісторыю, займаюся навукова-даследчай працай. Ваджу экскурсіі. Мы, музейшчыкі (называем сябе менавіта так, хоць правільна — музеязнаўцы), ладзім прэзентацыі мастацкіх выставак, арганізоўваем творчыя вечары, адказваем, так бы мовіць, за духоўнасць грамадства.
Хтосьці запытаецца: “А навошта нам музеі? Даходаў прыносяць мала, а выдаткаў на набыццё экспанатаў патрабуюць шмат!” Мо сапраўды пазачыняць нахлебныя ўстановы ды паразганяць “музейных пацукоў”? Заўжды адказваю сваім апанентам: “І што пры гэтым стане з грамадствам?” Успомніце даўніну: заможная інтэлігенцыя калекцыянавала прадметы гісторыі, мастацтва, літаратуры. Так узніклі музейныя калекцыі, якія і па сёння вучаць нас і выхоўваюць. Любы прадмет цягам часу набывае гістарычную каштоўнасць, вялізны гісторыка-культурны патэнцыял... Музеі не знікнуць! Гэта — асветніцкія цэнтры, захавальнікі духоўнасці для будучых пакаленняў. Музеямі багатыя збольшага еўрапейскія краіны: Луўр, Прада, Дрэзден... Каб пазнаёміцца з музейным багаццем гэтых знакавых аб’ектаў, спатрэбіцца не адно дзесяцігоддзе. Але для еўрапейцаў гэта — неад’емная частка жыцця. І музейныя веды для іх — абавязковая прыкмета інтэлігентнасці. Менавіта на гэта з дня ў дзень працуюць музейшчыкі, якія ніколі не задумваюцца пра марнасць прафесійных намаганняў. У выніку іх узніклі Музей лялек у Чэхіі, Музей “Тытаніка” ў Амерыцы, Музей чарцей у Літве... Усе яны становяцца неад’емнай часткай культурнага жыцця краіны. Музей — памочнік у духоўным узбагачэнні любога з нас. Спрачацца з гэтым — бессэнсоўна. Музейная гісторыя бярэ адлік з часін антычнага храма муз. І гісторыя гэтая ніколі не скончыцца. Вучыцеся любіць музей!
Ваша чытачка
Ірына ШОРАЦ
Мінск