|
Адзін яе выхад - гэта ўжо Тэатр. Такім мы запомнілі яе выступленне пад час сольніка ў Летнім амфітэатры ў 2002-м, фестывальных канцэртаў у 2005-м. Дарэчы, адзін з іх тады праходзіў разам з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з Міхаілам Фінбергам - і з гэтым калектывам, і з самім маэстра Лайму Вайкуле звязвае даўняе творчае сяброўства. *** Карэспандэнту "К" удалося "перахапіць" спявачку ў мінскім аэрапорце, па дарозе з Францыі ў Віцебск. Лайма ў тэлефоннай размове ласкава пагадзілася адказаць на пару пытанняў.
- Шаноўная Лайма, з якім настроем вы едзеце на фестываль?
- З вельмі добрым. Магу з вамі падзяліцца, што ўчора мы ігралі ў "Вялікія гонкі" - ёсць такая тэлевізійная гульня, і беларуская каманда перамагла ў гэтых спаборніцтвах. Я ж выступіла капітанам расійскай "зборнай". Атрымліваецца, што зараз я еду ў Беларусь і вязу добрую вестку.
- Што для вас віцебскі фестываль: праца, адпачынак, стасункі з сябрамі?
- Фестываль для мяне - гэта, у першую чаргу, новая інфармацыя. Заўжды хочацца ведаць, што адбываецца ў гэты момант у нашай сферы. Чым захапляюцца маладыя, якія плыні ў музыцы іх цікавяць. Таму на форуме я спадзяюся сустрэцца з цудоўнымі выканаўцамі.
- На фестывалі вы будзеце старшынёй журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009". На якія адметнасці артыстаў вы будзеце звяртаць увагу?
- Гэта павінны быць, вядома, талент, голас, харызма. Вельмі важна, каб малады выканаўца не баяўся сцэны: ён мусіць адчуваць сябе Артыстам. Да гэтага трэба яшчэ далучыць і песню. Можна сказаць, што я буду глядзець на ўсё гэта ў сукупнасці.
- А якія творчыя сюрпрызы чакаць нам ад спявачкі Лаймы Вайкуле?
- У пятніцу я буду выступаць з Раймандам Паулсам, а на канцэрце закрыцця - працаваць з Нацыянальным канцэртным аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
- Дзякуй за гутарку! І - да сустрэчы на фестывалі!
Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ