Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі В.Баркоўскі, ствараючы спектакль “Позняе каханне” па добра вядомай п’есе, асаблівую ўвагу звярнуў на сучасныя праблемы. Пачынаецца спектакль з гульні Дармідонта (Юрась Гапееў, Андрэй Касцючэнка) у лялькі (пастаноўка лялечных нумароў Вольгі Корзун), і ўсе персанажы распавядаюць гісторыю свайго жыцця праз ляльку. Бадай, што кожны з нас вяртаецца ў пару дзяцінства, вывяраючы жыццё і лёс праз самае чыстае і дарагое.
Адстаўны адвакат Маргарытаў (нар. арт. СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Фёдар Шмакаў, арт. Уладзімір Сівіцкі) атрымлівае адказнае заданне. Купец Дароднаў даручае яму забраць грошы ў сваёй даўняй даўжніцы Лябёдкінай (Галіна Букаціна, Ірына Цішкевіч). Адвакату паабяцана ўзнагароджанне. Гэта дае яму надзею зладзіць асабістае шчасце адзінай дачкі. Толькі яна, Людміла (Ульяна Ацясава, Анжаліка Баркоўская), выратавала яго ад самазабойства, калі на службе здарыўся непапраўны канфуз. I цяпер, калі дзяўчына на выданні, бацька павінен падумаць аб яе будучым. Але, як ні дзіўна, гісторыя паўтараецца. Людміла, якая кахае сына гаспадыні дома Шабловай (Раіса Грыбовіч, Ніна Левашова) Мікалая (Арцём Бародзіч, Андрэй Качан), перадае яму пазыковы ліст Лябёдкінай.А бацька спадзяваўся, што толькі яна захавае гэты вельмі важны дакумент. Усё скончылася б трагічна, каб не хітрасць Мікалая...
Мы вельмі спадзяёмся, што перапоўненая глядзельная зала на кожным з прэм’ерных паказаў прыўнясе шмат шчаслівых момантаў у жыццё легендарнага акцёра, ганаровага жыхара нашага горада Фёдара Іванавіча Шмакава.
Святлана ДАШКЕВІЧ,
загадчыца літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа