Акварэльныя фарбы і адпавядаючы гэтай тэхніцы пэндзаль калі-нікалі бярэ ў рукі і жывапісец-станкавіст, што піша алеем, і манументаліст, і нават скульптар. Але выпадковыя стасункі гэта зусім не тое, што насамрэч засяродзіцца на акварэлі. Акварэль — нязмушаная эмоцыя. Калі іншыя віды мастацтва можна параўнаць з марафонам, калі трэба правільна размеркаваць сілы дзеля пераадолення шматкіламетровай дыстанцыі, дык акварэль — эмацыянальны спрынт.
Персаналія Паўлаўца, што зараз праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (галерэя “Лабірынт”), мае назву WET-ON-WET (“Мокрым па мокраму”). Гэта самая складаная і адначасова самая выразная акварэльная тэхніка, тут ніколі не ведаешь, што атрымаецца.
У экспазіцыі сабраныя работы розных гадоў. Так бы мовіць, выбраныя творы, найлепшае з найлепшага.
Вячаслаў па жыцці чалавек станоўчы (мне пашчасціла працаваць з ім разам у адной установе). А мастацтва — гэта заўжды аўтапартрэт творцы, так што на выставе глядач атрымае станоўчыя эмоцыі. Калі з акна вашай кватэры адкрываецца від хіба што на бятонную сцяну суседняга дома, і пры гэтым вы не маеце магчымасці выправіцца за горад на траву ля рэчкі, прыходзьце на выставу Вячаслава Паўлаўца. Там ёсць жывая прырода, да таго ж адухоўленая высокім прафесіяналізмам мастака.