Таму і зразумела, што праца аўтабібліятэкі, сістэмная і якасная, хвалюе мяне ўсё болей і болей. А ў Баранавіцкім раёне яна, як аказалася, досыць дынамічная, бо запатрабаваная. А запатрабаваная таму, што выніковая. Я пацікавіўся нюансамі і пераканаўся, што працэс “кнігазабеспячэння” раёна па яркасці і выразнасці нагадвае тэлесерыял з элементамі экшна і эксцэнтрычнай ды лірычнай камедыі. У гэтым ключы і пастараўся выказаць думкі свае і тых, ад каго залежыць праўдзівасць “кінарасповеду”.
Сцэнарый і цітры
Сцэнарый — бясконцы. Ён удакладняецца штомесячна і пішацца калектыўна. У пачэснай справе бяруць удзел бібліятэчныя метадысты (асістэнты рэжысёра), дырэктар Баранавіцкай ЦРБ імя Яна Чачота Таццяна Лайша (рэжысёр-пастаноўшчык), бібліятэкар аўтабібліятэкі Вольга Ланкевіч (памочнік рэжысёра) і вадзіцель гэтай мабільнай установы Казімір Вярбіцкі (дырэктар фільма, без якога ў серыяле — ніякага руху). Яны ж і асноўныя дзейныя асобы нашага “серыяла”. А таксама — 500 бабуль і дзядуль, якіх абслугоўвае бібліятэка на колах. Роля кожнага чытача — унікальная і самабытная.
Сутнасць сцэнарыя наступная. У зоне абслугоўвання — 55 вёсак і 500 чытачоў. Каб кожнае паселішча наведаць раз у месяц, распрацавана 13 маршрутаў. Бібліёбус дзейнічае ў раёне з 2008 года. Увесь гэты час ім кіруе Вольга Ланкевіч. І ўвесь гэты час за стырном аўтабібліятэкі — Казімір Вярбіцкі. Так што сёлета — адзінаццаты сезон кнігаперавозак, а якая серыя — нават і сказаць немагчыма. З адзінаццатага сезона і пачнём.
1 серыя: “Паясі са мной, дзетка?”
Аўтарская прэамбула. Выязджае перасоўная бібліятэка тры разы на тыдзень. І зімой, і ўлетку. Перашкодай можа стаць толькі залева ці завея. Тады дні выезду мяняюцца. Пра гэта Вольга Антонаўна сваіх бабуль і дзядуль папярэджвае па тэлефоне. Сувязь — пастаянная. Удакладняецца, што з кніг неабходна даставіць, якія паслугі забяспечыць. Юлій Цэзар, кажуць, ведаў у твар кожнага свайго салдата. Ланкевіч ведае не толькі імя і прозвішча чытачоў, але і тое, чым кожны жыве, пра што марыць і які характар-нораў мае. Такія веды для сапраўднага бібліятэкара — абавязковыя. Без іх да чытацкай душы не прабіцца. А вось прабіцца ў любы час да любой вёскі — гэта задача Казіміра Вярбіцкага. І спраўляецца ён з ёй бліскуча. Як Вольга Ланкевіч кажа, можа праехаць па такіх казіных сцежках, што і мясцовым невядомыя. І ні разу не заблукае. У аддзеле культуры вадзіцель — больш за трыццаць гадоў: раён ведае дасканала… “Аўтабібліятэчная” машына паспела, натуральна, пастарэць, але па знешнім выглядзе пра гэта здагадацца немагчыма. Пестуе яе Вярбіцкі, як жывую істоту. Так, яна не мае стэлажоў і кніжных паліц. Пра гэта Вольга Ланкевіч толькі марыць. Але і скрынкамі для кніг яна навучылася карыстацца так, што ў чытачоў — ніякіх прэтэнзій…
А цяпер — паехалі. Вёска Гута. Візіт да Яніны Мацюшка. Яна — інвалід, без кійка не абыходзіцца. Таму бусік заязджае на падворак. Вадзіцель дапамагае бібліятэкару ўправіцца з кнігамі. Сустракае іх Яніна Іосіфаўна. Як яна гэта робіць, трэба бачыць. “Волечка, дзетка, можа ты са мной паясі? Ці гарбатай пачастуецеся? ”
Пытанні не проста дзяжурныя, яны — ад чыстага сэрца. Бабуля Яніна і сапраўды хоча ўвесь свет накарміць. Вясковыя кабеты — асаблівыя. Яны думаюць не толькі галавой, але і напрацаванымі за жыццё рукамі. Ведае, што сёння да яе госці завітаюць, таму рукі самі гатуюць і для сябе, і для Вольгі з Казімірам. Яны — як родныя дзеці.
Што чытае бабуля Яніна? Жаночыя раманы пра жарсці гарачага кахання. Кажа са смехам, што якраз у тым узросце калі бязмежныя пачуцці не замінаюць.
Вёска Пастарынне. Тут самая выбітная чытачка — баба Рома. Спецыялістка па гістарычных творах і класічных дэтэктывах. Гэткая вясковая міс Марпл, балазе, не на практыцы, а толькі ў тэорыі. Рома Шутава — таксама даўно на пенсіі. Чытанне лічыць своеасаблівымі і дзейснымі лекамі ад старасці. Я з Ромай Станіславаўнай цалкам згодны. Лячуся тым жа.
2 серыя: “А чытаю я ў кабінеце”
Голас “за кадрам”. Непрыкметна мінула першая палова дня. Сёння разам з мабільнай установай у кніжную вандроўку выбраліся супрацоўнікі Баранавіцкай ЦБС. Ёсць намер правесці ў вёсках Ягадная і Ніжняе Чэрніхава акцыю “Прыпынак, які чытае”, ужо абкатаную як след у раённым цэнтры. Вось у чым сутнасць “Прыпынку…” На вясковым прыпынку бусіка ладзіцца выстава, заўжды тэматычная: прысвечаная, да прыкладу, Дню Перамогі ці краязнаўству. (У Новай Мышы днямі прайшла выстава, прымеркаваная да Дня ведаў.) Арганізоўваюцца бібліятэчны фрымаркет і буккросінг. Можна пагуляць у “Бібліялато” (прызы набываюцца за кошт пазабюджэткі), пакінуць заяўку на атрыманне прававой інфармацыі. Словам, на прыпынку ў маланаселеных вёсках заўжды людна і весела. І для дзяцей, калі яны ёсць, заўсёды знаходзіцца справа: конкурс чытальнікаў ці літаратурная віктарына…
Паехалі. Вёска Вялікая Сваротва. Соф’я Крамянеўская ўжо зачакалася. Яна любіць сваю вёску, любіць людзей, што працуюць на зямлі і кормяць не толькі сябе, але і краіну. І ўвогуле пераканана, што ў гарадах — жыццё несапраўднае, няма часу падумаць, тое ты робіш ці не. А вёска — пачатак усяму, шчыры і непадманны. Вось толькі дапамагчы ёй трэба, каб не чэзла, каб моладзь не губляла. Таму і чытаць любіць пра сённяшнюю беларускую вёску. Вось толькі сапраўдных кніг пра гэта вельмі мала.
Вёска Антанова. Тут жыве чарговая чытацкая зорка — Уладзімір Агурцоў. Хоць і на пенсіі даўно, але яшчэ вельмі жвавы. Даглядае кабанчыкаў, каб гатаваць ім “сёрбала” зрабіў сабе на падворку буданчык з дошак, назваў яго строга — “кабінет”. У ім і чытае ў ахвотку. У ліку першасных інтарэсаў — сур’ёзная гістарычная проза. Агурцоў увогуле сур’ёзны чалавек.
Вёска Новыя Вайковічы. Тут чытацкую марку трымае Віктар Глазкоў. Яму даспадобы і буккросінг, і кніжны фрымаркет. І ўвогуле Віктар Сяргеевіч любіць прымаць гасцей, а ў кнігах шукае адказ на пытанне “для чаго жыве чалавек”. Глазкоў таксама любіць вёску і верыць у яе абавязковае адраджэнне.
Канец фільма
У Баранавічы бусік вяртаецца на сконе дня. Паслязаўтра — у чарговы рэйс. Але спачатку трэба абзваніць чытачоў на маршруце, удакладніць заяўкі, абвесціць сваю праграму і пазначыць час прыезду. Чарговы дзень — чарговая “серыя” з дакладна вызначаным сюжэтам і бясконцымі імправізацыямі ў зносінах з галоўнымі героямі “фільма” — вясковымі бабулямі і дзядулямі, якія вераць у будучыню беларускай вёскі.
Фота з архіва Баранавіцкай ЦБС