28 ліпеня распачаліся здымкі чатырохсерыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма "Снайпер" — сумеснай карціны Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Белтэлерадыёкампаніі і расійскай кампаніі "Цэнтрал Партнершып". Рэжысёрам новай стужкі з’яўляецца беларус Аляксандр Яфрэмаў. Акцёрскі ж склад стужкі — інтэрнацыянальны: расіяне Дзмітрый Пяўцоў, Марыя Міронава, Аліна Сяргеева, беларусы Ганна Хітрык, Барыс Гергалаў і сам Аляксандр Яфрэмаў, Павел Дэлонг — з Польшчы, Пауль Асбек — з Германіі, Уладас Багдонас — з Літвы.
Дзеянне фільма адбываецца ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1942-ім годзе пад Сталінградам група снайпераў пад кіраўніцтвам лейтэнанта Яшына сутыкаецца з хітрым праціўнікам — нямецкім капітанам Карлам Кляйстам, у выніку чаго гіне дзяўчына Яшына. Ужо пасля вайны, выконваючы абавязкі каменданта невялічкага нямецкага гарадка, Яшын атрымлівае магчымасць разлічыцца за смерць каханай. Як паведамляе сайт кінастудыі, "Сталінград" кінематаграфісты "пабудуюць" пад Мінскам, а вось асноўныя здымкі пройдуць у Мірскім замку.
Не адстаюць ад сваіх калег з мастацкага цэха і кінадакументалісты: мастацкаму савету кінастудыі прадстаўлена новая работа "Кацярына" рэжысёра Уладзіміра Цеслюка. Новы хранікальна-дакументальны фільм распавядае пра лёс беларускай дзяўчыны Каці Хадатовіч — вядомай спартсменкі, двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі і чатырохразовай чэмпіёнкі свету па акадэмічным веславанні, вядомай у спартыўным свеце як Кацярына Вялікая. Яна ўжо дзесяць гадоў жыве ў Германіі і мае нямецкае прозвішча Карстэн, але па-ранейшаму змагаецца за гонар сваёй краіны. Зараз у яе на парадку дня — Алімпіяда ў Пекіне.
Ул. інф.