А.Рыбчынскі. “Беларускі край азёрны”. |
Сам Анатоль Ігнатавіч так кажа пра сваё крэда: “Для мяне няма нічога бліжэйшага за родную беларускую прыроду. У бурнай плыні нашага жыцця толькі яна дапамагае прыпыніцца, азірнуцца, разгледзець і ўбачыць неабдымную прыгажосць Радзімы.
Яна для мяне — невычэрпная крыніца сюжэтаў. Мяне аднолькава захапляюць і шырыня прастораў, і самыя простыя матывы, работа над якімі на натуры акварэллю ці алеем дае імгненні неўсвядомленага шчасця, радасці быцця, выклікае жаданне тварыць”.
І мастак творыць. Апантана, з натхненнем, няспынна піша ён чароўныя карціны, бясконца розныя, непаўторныя па сюжэтах і фарбах: Падзвінне і Паазер’е, Панямонне і Пасожжа, Пабужжа і родны Падняпроўскі край, Мінск і Міншчына; зімовыя карункі і майская зеляніна, летнія дажджы і подых восені. А побач — “Адвечны боль Чарнобыля” і “Пераможны май 1945 года”…
На выстаўцы быў і вельмі цудоўны літаграфічны трыпціх “Сын зямлі беларускай”, прысвечаны Францыску Скарыне. Гэты твор успрымаецца як своеасаблівы гімн-помнік Гуманізму, Асветніцтву, Рэнесансу, той далёкай і яркай эпосе, калі нараджаўся новы свет у нашым слаўным Полацкім краі.
Аляксандр РУНЕЦ