Гаворка пра неабходнасць стварэння годнага мемарыалу на месцы масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты ідзе даўно. Бадай, з таго моманту, як назва ўрочышча, вобразна кажучы, выбухнула сярод беларусаў напрыканцы 1980-х. Тады ж загаварылі і пра помнік. Былі і канкрэтныя прапановы. Сёння, мяркую, можа, і добра, што ніводная з іх не была рэалізаванай. Савецкая манументальная школа мае свае вартасці, каштоўны досвед, але для стварэння такога мемарыялу патрэбны іншы творчы менталітэт, пластычнае мысленне. Так здарылася, што ў Курапатах, можна сказаць, стыхійна з’явіўся народны мемарыял. Хтосьці лічыць, нічога большага і непатрэбна — сосны і крыжы найлепшае, што толькі можна сабе ўявіць. Іншыя кажуць, што мемарыял ад імя дзяржавы і ўсяго беларускага грамадства неабходны — як знак таго, што мы ўсе разам пераадолелі цяжкае мінулае, сацыяльна пасталелі, і Курапаты на нашай зямлі больш ніколі не паўторацца.
Зараз адной з умоў конкурса было захаванне існуючага народнага мемарыялу. Яе строга прытрымліваліся ўсе ўдзельнікі. Журы адхіліла праекты, дзе выразна прысутнічала рэлігійная тэма. Таксама непрымальнай была і сімволіка палітычная. Не прыйшліся журы даспадобы і тыя прапановы, якія маглі б разбурыць ці непазнавальна змяніць ландшафт урочышча. Праекты, якія прайшлі гэтую стадыю выпрабавання, яднае філасофскае ўспрыманне рэчаіснасці нават у яе трагічных праявах. На мемарыяле ахвярам атамнай бамбардзіроўкі ў Хірасіме напісана: “Спіце спакойна, гэта не паўторыцца”. Мяркую, на такі лад мусіць настройваць людзей і будучы мемарыял у Курапатах.
Збор сродкаў на памятны знак вядзецца з мінулага года. Грошы ідуць на дабрачынны рахунак, адкрыты на базе Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Ужо сабрана каля 12 тысяч беларускіх рублёў.