АЎДЫЯ
Гурт The Yankees of Moor, міні-альбом Berlin Nights
А.: Напэўна, увогуле той напрамак, які вызнае гурт, можна назваць індзі-рокам. Аднак жа дзве кампазіцыі, што ўвайшлі ў гэты міні-альбом, моцна адрозніваюцца паміж сабой. У першай — ламаныя куплеты, драйвовыя прыпевы. Другая больш суцэльная, якая нагадвае мне саўндтрэкі да фільмаў Таранціна. Але такую разнастайнасць я вітаю, падабаецца мне, калі выканаўца можа паказаць сябе і з аднаго боку, і з другога, і з трэцяга.
B.: Першая кампазіцыя, загалоўная рускамоўная, — пругкая, рытмічная, рок-танцавальная (каб музыканты яшчэ і не спявалі, то ўвогуле ўсё было б вельмі добра). Другая, англамоўная Time to Adore — павольная псіхадэлічная (каб яна была на хвілінку карацей — нараканняў у мяне не выклікала б). Агульнае ўражанне — нешта такое малазразумелае. Каманда за сваю гісторыю пакуль не выпусціла аніводнага поўнафарматніка, цалкам верагодна, выдай яна такі, стала б больш зразумела, што калектыў з сябе ўяўляе.
Праект Sneguole, міні-альбом Plyvie Coven
A.: Музыка крыху нагадала тое, што робіць этнатрыо “Троіца”, але ў большай ступені — “Палац”, калі ён пускаўся ў сваіх песнях у эксперыменты. Вось іх на рэлізе хапае. Хоць бы ў тых жа структурах трэкаў, калі ідзе доўгае інструментальнае ўступленне, потым з’яўляецца вакал і ў фінале зноў вяртаецца працяглы інструментал. Выдатная скрыпка, у другой песні каларытны, “першабытны” голас. Цікавая работа.
B.: Скрыпачка гурта VuRaj Анастасія Папова запрасіла для запісу гэтага рэлізу некаторых сваіх калегаў па калектыву і іншых музыкантаў. Сярод апошніх вылучаем бабулю Надзею Шылавец з трыо “Чабатухі” — дзіўную выканаўцу палескіх песень. Яе “сольны выхад” у кампазіцыі Plyvie Coven гэта нешта! Хацелася, каб яна ўсё не канчалася і не канчалася — настолькі зачаравальны трэк.
Яшчэ адзін вопыт па скрыжаванню фольку з электронікай. Удалы, хоць у цэлым міні-альбом смур наганяе, але ён такі правільны, прыродны.
ВІДЭА
Гурт Rostany, кліп на песню F#ck Me Harder
А.: Мы — як “Тяни-толкай” — з гэтым гуртом сустракаліся, калі ён яшчэ называўся Dali. Зараз, мяркуючы па гэтай музычнай дарожцы, яго песні сталі больш нішавымі — калі цяперашні рэпертуар каманды складаецца ў большай ступені са стылістычна падобных кампазіцый, не думаю, што аўдыторыя яе вельмі ўжо шырокая. І кліп такі ж — не для ўсіх. Пра густы, вядома, не спрачаюцца, але мне ў роліку не хапіла скразной сюжэтнай лініі. Шмат дзейства, мітусні, трэша нават, але агульнай карцінкі не вымалёўваецца.
B.: Дала каманда, вядома, жудасці ў гэтым псіхадэлічным відэа. Лізнуў чувак таго, чаго лізаць не рэкамендуе не толькі Міністэрства аховы здароўя, але і органы праваахоўныя забараняюць, і “дах” у яго за тое — адгадалі, паехаў. I з’ехаў у такія нетры чалавечай свядомасці з душой, што зваротнай дарогі — пры частым лізанні неналежнага — можа ўжо і не быць. Збірайце маркі, збірайце, але слінявiць некаторыя з іх — Божа вас барані!
І песня цалкам спатрэбіцца для вячэрне-начнога клубнага трыпа — электронная, калі так можна выказацца ў дадзеным выпадку, танцавалка. Ну як танцавалка — таксама для людзей з памутненнем розуму з прычыны такога доўгага баўлення часу.
Гурт Drum Ecstasy, кліп на песню Happy Day
А.: Для малабюджэтнага відэа ўсё выйшла вельмі нават выдатна! Глядзіцца яно на адным дыханні, настрой нейкай нястрымнай весялосці гледачу перадаецца. І — што важна — музыка і карцінка абсалютна дапаўняюць адна адну, нішто не перацягвае коўдру на сябе. Але ўсё-ткі слухаць і глядзець гэты гурт лепш “жыўцом”: калі ён нешта грае, а на задніку сцэны ідзе відэашэраг, які падкрэслівае нейкія характэрныя асаблівасці кампазіцый.
B.: Ролік таксама на танцавальны (дыскатэка ў нас сёння суцэльная!) трэк, ну наколькі здольныя складаць і запісваць дэнс-дарожкі знакамітыя беларускія “барабаншчыкі”. Аказваецца, могуць. Пад запальную іспанскамоўную кампазіцыю на ўсю моц адцягваюцца сімпатычныя дзяўчынкі, а мужныя хлопцы з Drum Ecstasy крывяць тварыкі. Думаю, на танцпляцах гэтая бесшабашная штучка пойдзе “на ўра”. Калі, натуральна, дойдзе да гэтых танцпляцаў. Але шанец ёсць: у нас жа як — калі песня на няроднай з дзвюх моў ды яшчэ завадная, то дыджэі абавязкова возьмуць яе на заметку. А родная завадная будзе чакаць сваёй чаргі.