Мая любоў да горада доўгі час спалучалася з крыўдаю за тое, што не ўсе падзяляюць мае пачуцці. А яшчэ і маюць нахабства сцвярджаць, што ў параўнанні з Масквой, Ленінградам, Кіевам ды сталіцамі прыбалтыйскіх рэспублік Мінск выглядае неяк несамавіта. Маўляў, у гэтай кампаніі ён успрымаецца як сваяк з далёкай вёскі, што прыехаў у горад на вучобу і першы раз у жыцці апрануў касцюм з гальштукам. А па сталіцы, дарэчы, мяркуюць пра ўсю краіну… І такі імідж Мінска савецкай пары пераносіўся на ўсю Беларусь.
Пагадзіцца з гэтым я не мог, але і крыць не было чым. Ну што ты зробіш, калі няма ў нашай сталіцы аналагаў Маскоўскага крамля, Неўскага праспекта, Кіева-Пячорскай лаўры, вежы Гедыміна і рыжскага Домскага сабора! Ёсць хіба цэнтральны праспект, але ў масавай свядомасці ён не з’яўляўся ні помнікам гісторыі, ні архітэктурнай каштоўнасцю. На той час у вачах мінчукоў і гасцей горада ён быў новабудоўляй, якой не стае шляхетнай паціны часу.
Сапраўдны гонар за Мінск я адчуў у гады Незалежнасці, калі сталінскі ампір галоўнага праспекта сталіцы быў нарэшце грунтоўна адрамантаваны і адрэстаўраваны, а недзе і дабудаваны дзеля надання архітэктурнаму комплексу эстэтычнай і сэнсавай завершанасці. Праспект стаў такім, якім яго ад пачатку бачылі праекціроўшчыкі, але ў будаўнікоў не хапіла грошай на паўнавартасную рэалізацыю. Праспект заззяў! І стала зразумела, што гэта помнік архітэктуры. Прычым шыкоўны і ўнікальны. А яшчэ і знак эпохі, якая завяршылася, — значыць, таксама і помнік гісторыі.
Да таго ж паўстаў — фактычна наноў — і гістарычны цэнтр: Верхні горад. Цяпер амаль тысячагадовая гісторыя Мінска засведчана ў матэрыяльных аб’ектах, якія навідавоку. І нарэшце горад узбагаціўся новай архітэктурай, якая выклікае неадназначную рэакцыю ў саміх мінчукоў, але госці сталіцы гавораць пра яе з захапленнем, называюць футурыстычнай. Сёння Мінск мае ўсё, што мусіць мець паўнавартасная сталіца.
Калі згадваю горад свайго дзяцінства і юнацтва і параўноўваю яго з сённяшнім, дык нібыта чытаю казку Андэрсана пра ператварэнне брыдкага качаня ў прыгожага лебедзя. Але пры гэтым мне шкада некаторых памятных з ранніх гадоў знакаў гарадской прасторы — алеі ўздоўж Свіслачы за цыркам, знішчанай пры пабудове ўзбярэжнай; старога драўлянага моста ў парку Горкага; характэрнай даваеннай брукаванкі, на месцы якой сёння асфальт ці тратуарная плітка; вулічных ліхтароў, якія ўпрыгожвалі цэнтральны праспект ад пачатку, а пазней былі пераробленыя пад больш эфектыўныя лямпы, і шэраг іншых нібыта дробязяў. Асабліва шкада старой Нямігі. Прытым што новаму пакаленню даспадобы Няміга новая. Мабыць, гэта належыць прымаць як дадзенасць, бо прагрэсу без страт не бывае. Разуменне гэтага — таксама чыннік мінскага менталітэту.