Магчымы партрэт Скарыны.
Удзел у рабоце сімпозіума прынялі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі Валерый Курдзюкоў, дэлегацыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на чале з дырэктарам Раманам Матульскім, супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі і вучоныя з Інстытута гісторыі акадэміі. Беларусы прадставілі на навуковым форуме свае даклады, а таксама прынялі ўдзел у дыскусіях пасля выступленняў дакладчыкаў з іншых краін свету.
Найбольшую цікавасць выклікаў даклад чэшскага даследчыка з пражскага Карлавага ўніверсітэта Пятра Войта, які заявіў, што ідэнтыфікаваў другі прыжыццёвы партрэт Францыска Скарыны. Вучоны лічыць, што намаляваны ў адной з кніг Бібліі малады бязвусы чалавек, які ў чырвонай доктарскай мантыі стаіць на каленях перад Хрыстом, і ёсць Францыск Скарына. Натуральна, “К” будзе сачыць, ці атрымае навуковую падтрымку гэта гіпотэза ў беларускіх і іншых замежных скарыназнаўцаў.
Завяршылася навуковая праграма ўрачыстай цырымоніяй ускладання кветак да мемарыяльнай дошкі Францыску Скарыне на будынку Клементынума.
Акрамя таго, у гэты ж дзень міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі прынялі ўдзел у прэзентацыі і цырымоніі дарэння шматтомнага факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” чэшскім Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальнаму музею.
У рамках сімпозіума ў Нацыянальнай бібліятэцы Чэшскай Рэспублікі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і выставы сучаснай беларускай графікі.