“Фартэцыя” супраць аптымізацыі
Раман Мельнікаў — родам з Быхава. Раней у мясцовым райвыканкаме займаўся справамі моладзі. Паўтара года як начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Безумоўна, яму цяпер няпроста. І з той прычыны, што доўгі час пасада кіраўніка аддзела заставалася вакантнай, і з той, што культура раёна ніколі не вызначалася заможнасцю. У чым выйсце з сітуацыі? У актыўнай праектнай дзейнасці, упэўнены Раман Валер’евіч. Нагадаем, новы раённы музей заняўся гэтым ушчыльную.
Гаворка не толькі пра райцэнтраўскую акцыю: у справу ўцягнута і сяло. Маем на ўвазе экскурсійныя маршруты ў фармаце “military”. Справа ў тым, што і колішні касцёл у Быхаве, які не захаваўся, і сінагога, і замак, немалыя рэшткі якіх дажылі да нашага часу, і стары манастыр ля Баркалабава былі аб’яднаныя ў адну абарончую фартэцыю. Так, упартай талакой, прасцей было змагацца з любой навалай. Міжвольная сучасная асацыяцыя: у гэткую антыаптымізацыйную “фартэцыю” варта аб’яднаць і наяўныя ўстановы культуры, у першую чаргу — сельскія. Такой “абарончай сістэмай” і стала праектная дзейнасць. Цудоўна, што начальнік аддзела гэта разумее. А першай спробай стаў музейны маршрут па рэштках колішніх збудаванняў.
Баркалабава ўвогуле — месца для беларусаў сакральнае. Тут, як вядома, на пачатку XVI стагоддзя на старабеларускай мове быў створаны (нібыта Фёдарам Філіпавічам Магілёўцам) знакаміты Баркалабаўскі летапіс пра жыццё Вялікага Княства Літоўскага і прылеглых дзяржаў... Так што не адным толькі “military” вызначаецца музейны экскурсійны маршрут.
(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна
Раман Мельнікаў распавёў, што падпіска на “К” па раёне — збольшага індывідуальная, на ведамасную сродкаў не стае. Але сітуацыя, па меры магчымасці, будзе выпраўляцца. Вельмі хацелася б у гэта верыць! А мне з нагоды пастаяннага жадання раскатурхаць чытача на канструктыўны дыялог падумалася: вельмі дарэчнай аказалася б рэгулярная публікацыя калонкі “Падпісчык аналізуе і прапаноўвае”, дзе вы вялі б гаворку пра наша выданне. Давайце ствараць “Культуру” разам!
Навукі без гузакоў не бывае
Яшчэ адзін праект звязаны з будучыняй быхаўскай сінагогі, а больш дакладна — будынка, што ад яе захаваўся. Тут у перспектыве з’явіцца выставачная зала. Цяпер аддзел знаходзіцца ў пошуках інвестара. Хтосьці скажа: “Ну-ну, няхай пашукаюць!” Але адзін кажа, а іншы робіць. Урэшце, пошук інвестара — таксама навука, і пакуль гузакоў не наб’еш, знаўцам у гэтай справе не станеш.
Чарговы захад па адшукванні праектных рэзерваў знітаваны з брэндам Быхаўшчыны — саламяным павуком. У чарговым артыкуле мы распаведзем пра тое, як яго вырабляюць у Быхаўскай дзіцячай школе мастацкіх рамёстваў. А сёння гаворка толькі пра тое, што павук гэты неўзабаве набудзе статус гісторыка-культурнай спадчыны. Дарэчы, яшчэ адзін абярэг (у прамым і пераносным сэнсах) ад паспешлівай аптымізацыі. Як скарачаць той сельскі клуб, дзе свая, непаўторная тэхніка саломкапляцення? Толькі так, напэўна, і можна захаваць глыбінку. І ўвогуле, аддзел ІРКСМ райвыканкама цяпер імкнецца да перамог у конкурсах грантаў, бо хоча развіваць традыцыйныя жаноцкія рамёствы і аднавіць знакаміты Баркалабаўскі кірмаш. Мяркуецца праводзіць яго 11 ліпеня, калі ў мясцовым манастыры з’явілася Ікона Баркалабаўскай Божай Маці — старадаўні цудатворны абраз, які адзін з нямногіх на Беларусі захаваўся ў арыгінале. У гэты дзень збіраюцца ля манастыра сотні паломнікаў — самы зручны час для кірмашовых захадаў.
Так, грант атрымаць няпроста. Не ўсе асвоілі тую метадалогію. Але, да слова, Інстытут культуры Беларусі абяцае дапамагчы ахвотным з дапамогай нашай газеты. Менавіта для гэтага мы адкрываем новую рубрыку “Лабараторыя“ (яе прэм’ера — у гэтым нумары: на 11-й паласе гаворка пойдзе пра этнаадукацыю). Карацей, разам прыступаем да навукі. Яна, як той казаў, хоць і намучыць, але жыць навучыць.
(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча
Пачуўшы пра цікавасць быхаўскага кіраўніцтва да грантавай і праектнай дзейнасці, згадаў пазітыўны досвед Жыровіцкага манастыра і Слонімскага райвыканкама. Не першы год там адбываецца “Жыровіцкі фэст”, багаты не толькі на духоўную, але і на культурную тэматыку. У выніку рэлігійнае мерапрыемства ператвараецца ў мясцовае свята, цікавае не толькі паломнікам, але і шырокай грамадскасці.
А свежая крытычная публікацыя ў інтэрнеце пра выкарыстанне гранта ў Докшыцкім раёне, выдаткаванага ЕС/ПРААН на культурную дзейнасць, прымусіла паразважаць, як засцерагчы ад магчымых памылак быхаўскіх работнікаў культуры. На грант падавалася ініцыятыва пад назвай “Адраджэнне сядзібна-паркавых збудаванняў”. У рамках ініцыятывы планавалася стварыць музейную экспазіцыю ў сельскай бібліятэцы ў аграгарадку Сітцы. У выніку музейчык быў створаны, але асноўная частка сродкаў была выдаткавана не на яго, а на інфраструктуру: асфальтаванне паркоўкі, сцежак у старадаўнім парку, стварэнне будаўніцтва сцэны ў парку, набыццё гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры. Усё так і планавалася, ніхто ў кішэню грошай не клаў. Але зразумелай падаецца і крытыка мясцовага краязнаўцы. Каб яе не было, трэба, відаць, больш артыкулявана фармуляваць назву і мэты праекта.
У полі зроку — 29 клубаў
Дырэктар цэнтрэалізаванай клубнай сістэмы Ганна Захаранка нам спадабалася адразу і назаўжды. Менавіта яна сказала, што “Культура“ — газета для прафесіяналаў, таму заўсёды яе выпісвала і будзе выпісваць. Аднак не толькі гэтым узяла за сэрца Ганна Захараўна. Нагадаем, што ў № 22 “К“ за 30 мая мінулага года мы апублікавалі артыкул “Парк крэатыўнага перыяду“, дзе гаворка ішла пра наш аўтаваяж у вёскі Дзедава і аграградок Новы Быхаў. Жыхары першай паскардзіліся на тое, што даўно не бачылі аўтаклуба, а работнікі культуры другой распавялі аб праекце “Пчаліны вырай“. На наш погляд, ім была патрэбна метадычная дапамога… Дык вось, Ганна Захарава і не падумала пакрыўдзіцца: “Любую крытыку прымаю станоўча“. Аўтаклуб дзейнічае цяпер належным чынам. А дзяўчаты з Новага Быхава наладзілі ўзорныя кантакты з кіраўніком мясцовага СВК Сяргеем Краўцовым, які стаў для клубнай установы вядучым спонсарам.
Спадабалася нам і тое, што ў раёне — восем філарманічных пляцовак. Кожная рэгулярна прымае калектывы з Магілёва. З адміністратарам філармоніі ў Ганны Аляксандраўны вельмі шчыльныя кантакты. Таму да платнай канцэртнай дзейнасці насельніцтва прывучаць ужо не трэба.
У клубнай сістэме — 29 устаноў, дзве з іх — у раённым цэнтры. Ганна Захарава лічыць, што скарачаць больш няма чаго. З кадрамі ўсё досыць добра. Сёння ў сістэме працуе 7 завочнікаў, за тры гады 9 чалавек набылі спецыяльную адукацыю. Штогод ладзяцца фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі, у раён рэгулярна прыязджаюць “зоркі”. Словам, на Быхаўшчыне культура — гэта не проста гук, а суцэльная сімфонія.
Агульнае (не)лірычнае заканчэнне
Часам рэдакцыйнае кіраўніцтва папікае, маўляў, паўтараецеся, рушыце туды, дзе ўжо некалі бывалі. Прыклад Быхаўшчыны пераконвае, што вярнуцца ў знаёмыя мясціны часам бывае вельмі карысна. Найперш, каб пабачыць, што ў той ці іншай установе культуры змянілася, і ці захавалася ўвогуле тая ўстанова. Каб пачуць не апраўданні, а крэатыўныя ідэі праектаў на будучыню. І хай снарад, у метафарычным сэнсе азначаючы каманду нашага аўтатура, у адну варонку ў трэці раз, пэўна, і не патрапіць, ва ўстаноў культуры ўсё ж будзе яшчэ адзін стымул для ўдасканалення і супрацоўніцтва з “Культурай”.
Мінск — Бялыніцкі раён — Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці — Мінск
Фота аўтараў