Тканыя андаракі, спадніцы з Дзятлаўшчыны, узорыстыя паясы з в.Гудзевічы Мастоўскага раёна ўражвалі сваім вытанчаным хараством. Своеасаблівай рэліквіяй Гродзеншчыны з’яўляецца чорнаглянцавая кераміка Іосіфа Шопіка, прадстаўленая Свіслацкім Домам рамёстваў. Упрыгожылі экспазіцыю і рапапортныя выцінанкі Ніны Шурак з Наваградка, спіралевае саломкапляценне з Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Шчучынскага раёнаў. Дамы і цэнтры рамёстваў назапашваюць узоры традыцыйнага рамяства, іх калекцыі ўвесь час папаўняюцца вырабамі сучасных майстроў.
Цікавасць тут выклікалі інкруставаныя саломкай скарбонкі і велікодныя яйкі Настассі Кузьміч, геаметрычная разьба па дрэве Барыса Лейкі з Карэліцкага раёна, тканыя рэчы Ганны Талоха і цудоўныя саламяныя вырабы Валянціны Краўчук з Гродзенскага раёна. Як паказала выстаўка, у практыку работы дамоў і цэнтраў рамёстваў Гродзеншчыны ўсё больш укаранецца ткацтва паясоў і выраб стылізаваных сцэнічных касцюмаў са спалучэннем розных тэхнік і натуральных матэрыялаў: лёну, воўны, саломкі. Супрацоўнікі гэтых устаноў самі распрацоўваюць сучасныя строі па этнаграфічных узорах.
Калекцыя шыцця з тэкстылю (а гэта адзенне і пасцельная бялізна, выкананыя ў шматковай тэхніцы) майстрыхі Лідскага РДР Ірыны Дыдышка ў сваім родзе адзіная ў вобласці. Вынікі конкурсу падведзены па некалькіх намінацыях. Пераможцамі ў намінацыі “Лепшая этнаграфічная калекцыя” сталі Зэльвенскі раённы Дом рамёстваў (асабліва адзначана велізарная праца С.Худзяева), Шчучынскі і Мастоўскі цэнтры рамёстваў. Лепшымі сучаснымі прызнаны калекцыі Лідскага і Ваўкавыскага РДР.
Алена ХРАМКОВА,
вядучы метадыст Гродзенскага абласнога
цэнтра народнай творчасці
вядучы метадыст Гродзенскага абласнога
цэнтра народнай творчасці