Мне падаецца, мы выбралі вельмі ўдалую нішу: напрыканцы лістапада ўжо заспакоіцца калейдаскоп восеньскіх тэатральных і кінафестываляў, а да каляднай кампаніі яшчэ застаецца час. Усе патэнцыйныя гледачы змогуць наведаць нас. Па тры спектаклі адбудуцца на сцэнах РТБД і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Астатнія можна будзе паглядзець у сценах Купалаўскага тэатра і ТЮГа. Амаль год Экспертны савет знаёміўся з работамі маладых рэжысёраў, драматургаў, мастакоў краін-удзельніц СНД. Нашу рэспубліку прадставіць Магілёўскі абласны тэатр лялек з пастаноўкай Ігара Казакова “Гамлет” .
Да ўдзелу ў маладзёжным форуме запрашалі творцаў з краін, якія некалі ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза. З былых пятнадцаці рэспублік да нас прыедзе трынаццаць. Пакаленні, што выйшлі з той эпохі, сочаць за творчасцю адзін аднаго і падтрымліваюць сувязі. Моладзь жа часцяком не ведае, што адбываецца ў гэтай прасторы. Ініцыятыва стварыць прафесійную платформу, каб аб’яднаць рэжысёраў, акцёраў, драматургаў, сцэнографаў, належыла Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў, якая з’яўляецца правапрыемніцай Саюза тэатральных дзеячаў СССР.
Лічу, што маладзёжны Форум — вельмі статуснае мерапрыемства для нашай краіны. Ён дапаможа айчынным тэатрам завязаць новыя сувязі, знайсці цікавыя кантакты, адкрыць адмысловыя п’есы. Для творцаў, якія наведаюць глядацкую залу, фестывальныя паказы стануць своеасаблівымі майстар-класамі. А для публікі фэст акажацца безумоўным пашырэннем даляглядаў.
Дырэкцыя Форуму створана на базе РТБД таму, што наш тэатр стаяў літаральна ля вытокаў яго стварэння: пры падтрымцы Міністэрства культуры і Беларускага саюза тэатральных дзеячаў трупа прымала ўдзел у першым фестывалі. У Кішынёве пабывалі прадстаўнікі нашага Цэнтра беларускай драматургіі. Яны ўдзельнічалі ў маладзёжнай лабараторыі. Зрэшты, з таго міжнароднага тандэму — драматург Дзмітрый Багаслаўскі з кіргізскім рэжысёрам Шамілем Дыйканбаевым — нарадзіўся цудоўны спектакль “Ціхі шэпт сыходзячых крокаў”. МКТС часткова прафінансавала пастаноўку, а потым дапамагла прасоўваннем яе на рынку: пры падтрымцы арганізацыі мы змаглі сёлета прыняць удзел у Міжнародным фестывалі імя Антона Чэхава ў Маскве, а таксама выступіць на сцэне Нацыянальнага тэатра ў Кыргызстане.
Прызначэнне РТБД арганізатарам такога масштабнага форума дае тэатру магчымасць завязаць новыя кантакты, прэзентаваць на міжнароднай арэне. У фестывалі будзе задзейнічаны ўвесь тэатр: фае, асноўная сцэна, малая зала. Прынамсі, зараз мы рыхтуем да друку рэпрадукцыі твораў сцэнографаў, чыю выстаўку зладзім у холе. Дарэчы, мастакоў будзе больш за трынаццаць, бо Кыргызстан прадставіць свайго мастака, але спектакль паказваць не будзе. Не застануцца ў баку маладыя драматургі: іх лепшыя п’есы будуць апублікаваны ў спецыяльным зборніку, які фінансуецца МФГС. Гэта не камерцыйны зборнік: яго падораць кожнай з дылегацый.
Хочам кожнай краіне прысвяціць своеасаблівыя дні культуры, праводзіць прэзентацыі, магчыма, запрашаць на спектаклі дыпкорпус. Мы імкнемся ў нечым па-новаму падаць спектакль, каб глядач заглыбіўся ў гісторыю, менталітэт краіны, дзе быў створаны той ці іншы прадукт. Таксама зладзім прэзентацыі работ, "круглыя сталы", творчыя сустрэчы для шырокай публікі, майстар-класы, семінары, воркшопы. Плануем правесці сустрэчы з выбітнымі тэатральнымі дзеячамі і калегамі з суседніх краін, ладзіць імпрэзы з вядучымі акцёрамі спектакляў. Хочацца, каб атрымалася сваеасаблівая творчая тусоўка, каб у натуральнай абстаноўцы творцы змаглі вызначыць новыя стратэгіі развіцця.