Вераніка Панізнік (дачка аўтара і былая супрацоўніца "К") у музеі.
20 сакавіка 1979 года ў вёсцы Цінкаўцы, што пад Бігосавам у Верхнядзвінскім раёне, ад Канстанціна, сына Параскі, была набыта хата пад саламянай страхой. Дзякуючы добрым людзям, а найперш даўняму сябру Фёдару Кудзянаву, запусцелая хатка пераўвасобілася ў музейную сядзібу. Так гэты прыбераг Дзвіны стаў для мяне прыстанкам для спаўнення творчай працы — даследавання Асвейскай трагедыі. І ў выніку пошукаў з’явіліся выданні дакументальнай прозы “Пасля вогненных вёсак…”, “Браніслава”, “Асвейская трагедыя”. А музей у гонар былой гаспадыні, народжанай на Дзісненшчыне, стаў называцца “Хата бабкі Параскі”. З пазнейшай дабаўкай, што ён знаходзіцца на шляху з грэкаў у варагі. Пра Музей радзімазнаўства “К” турбавалася летась. А старэйшы за яго — 35-гадовы — музей знаходзіцца праз Дзвіну наўпроць Лявонпаля.
“Помнікі працы”. І...
Для этнакалекцыі збіраліся “помнікі працы”, для літаратурнай — кнігоўня з дарчымі надпісамі пісьменнікаў… Разлічвалася, што сядзіба паслужыць краязнаўчым асяродкам для спазнання Прыдзвіння. У Гасцявой кнізе сталі спаяўляцца ўражанні-зычэнні наведнікаў. Некаторыя запісы пастараюся ўзнавіць.
“Дарагая бабка Параска! Сёння ў мяне сустрэча ў тваёй хаце. Я хачу, каб табе зямля была пухам. Твая ўнучка Галіна Цяста. 15.VІ.1982 г.”
Наўпроць Цінкаўцаў, за Дзвіной, — мястэчка Лявонпаль, дзе ў тыя часы абнаўлялі былую графскую рэзідэнцыю Лапацінскіх студэнты Мінскага інстытута культуры. “Роспіс на шчырасць” пакінуў 18.06.1982 г. выкладчык установы Рычард Саматыя. Недзе ў 1980-х тут звязваў у вузел навуковыя ніці з розных кантынентаў, каб аздобіць ім грэка-варажскі шлях, Адам Мальдзіс. Гародчык бабкі Параскі доўга памятаў яго праполку. А паэту Дзмітру Чэрэднічэнку з Кіева пашчасціла прыбыць на Дзвіну 16 жніўня 1985 года. У маім перакладзе з украінскай радкі гучаць так:
Дзякую брату за хлеб і за хату
і за тую Дзвіну, у якой я пабачыў
Беларускіх нябёс сінізну.
Я й Слову падзяку нясу:
адчуў яго сілу, красу…
І калі Дзмітро заахвоціўся агледзець порт-сядзібу з боку грэкаў, то рыжскі мастак Вячка Целеш — з боку варагаў. Ён толькі скончыў “беларускую кругасветку”: наведаў Дзісну, Лепель, Полацк, Віцебск, Оршу, Мінск… 12 ліпеня 1986 года ўзнёслы запіс ён завяршыў радкамі: “Няхай “Хатка” стане сапраўдным агеньчыкам для Прыдзвіння і нясе людзям любоў да роднага краю, роднай Беларусі, да гісторыі, культуры, мовы”.
З 15 да 30 мая 1988-га па Дзвіне-Даўгаве ад вытока да вусця праходзіла экаэкспедыцыя . Удзельнікі яе — пісьменнікі, вучоныя з Латвіі, Беларусі, Расіі. “Тры народы” памясціла хата бабкі Параскі. Сярод начлежнікаў — Эгілс Зырныс, Юрыс Кунас, Артурс Сніпс, Айя Лацэ, Васіль Якавенка, Іосіф Васілеўскі, Вячаслаў Вараб’ёў, Віктар Плужнікаў… Падрабязнасці — у публікацыі Айі Лацэ “З грэкаў у варагі” ў кнізе “Крывіцкія руны”.
Віціеватыя віціі
Развітацца з 1980-мі дапаможа гасцявая кніга, дзе пакінуў запіс львоўскі паэт Уладзімір Лучук. Маіх даўніх сяброў Уладзіміра і яго жонку Аксану Сенатовіч я спачатку азнаёміў з Лявонпалем (Лапацінскія і на Валыні жылі), а потым мая сям’я частавала іх у Цінкаўцах. Уладзімір Лучук склаў “Вітальную віцію”. Вось фрагмент з яе ў маім перакладзе:
Шчасліва вяла нас доля
З лявонпальскага прыволля.
У хаце бабулькі Параскі
Пазналі мы промнікі ласкі.
Штовечара шчыра суседзі
Гасціліся ў нас на бяседзе...
А што пакінулі нам 1990-я? Антон Бубала — мой суаўтар па тэме Асвейскай трагедыі. Але ў вершах, прысвечаных цінкаўскаму музею, ён — гумарыст:
Гляджу на маціцу я закапцелую,
Патыліцу скрабу я успацелую,
Бо полымя ў каміне аж гудзе…
А за сталом бяседайка ідзе!
“У Цінкаўцах гуляюць менчукі!” — асцярожнічае “тутэйшы” Антон. І не дарма. “Гэтую памятку я пішу 18 лютага 1993 года ў 18.00. Хацелася б, каб у гэтай хаце пісаліся класічныя творы як паэзіі, так, прабачце, і класічная музыка кампазітара Чыркуна А.М.”. І ў школьных класах выконваліся нашы з Алегам Чыркуном песні “Ад Полацка да Турава”, “Пад зоркай”, “Карагод”. І яшчэ адзін госць, сааўтар той кнігі — паэт, журналіст Алесь Касцень. З ім я служыў у 120-й дывізіі ва Уруччы:
Па Мядзелцы маёй,
далей па Бірвіце
Чаўны з-пад нарачанскіх
соснаў вырвуцца
На хвалі хуткаплыннае Дзісны,
І далей да Заходняе Дзвіны.
Тут я да берагу
прыстану правага,
Гаспадара вітаючы рухавага
У хаце, дзе Параска векавала
І, лёзная, святло
нам даравала…
Лёзным быў і аўтар “Зруба”, “Каменьчыкаў у кірзавым боце” — сам Алесь…
1993 год аказаўся багатым на прызнанні. Вось радкі Уладзіміра Якаўлева, тагачаснага намесніка старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама ад 3 ліпеня (перапісваю без перакладу!): “Вялікі дзякуй, што Вы ёсць. Поспехаў Вам, паважаны Сяргей Сцяпанавіч!”. Пазней Уладзімір Яфімавіч падпісаў характарыстыку з такімі словамі: “С.С. Панізнік доўгія гады аддана служыць Віцебшчыне, Прыдзвінню, Верхнядзвіншчыне. У вёсцы Цінкаўцы Бігосаўскага сельсавета знаходзіцца яго “Хата бабкі Параскі”, або Літаратурная сядзіба “На шляху з грэкаў у варагі”, якая з”яўляецца сапраўдным музеем помнікаў сялянскай працы мінулых часоў… Ён аддана і бескарысна служыць культуры нашага раёна”. Гэта словы дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Верхнядзвіншчыны Валянціна Крук, якая паспрыяла дзейнасці музея, магла ведаць падрабязнасці творчых высілкаў.
А вось што “з налёту, з павароту” зафіксаваў літаратуразнаўца, перакладчык Лявон Баршчэўскі:
…Усё — спрадвечнае, як свет,
Усё — як песня матчына.
Усё грунтоўна і як след
Слядком вякоў пазначана!
9 жніўня 1993-га і Навум Гальпяровіч далучыў свае клічнікі:
Не! Нашай мовы дух не знікне
І ўжо не счэзне спакваля,
Калі ў нас ёсць Сяргей Панізнік
І ёсць прыдзвінская зямля!
Празаічнымі радкамі “засвяціўся” у Гасцявой кнізе Пятро Васючэнка. У чэрвені 1996-га мы ў Полацку згадвалі Янку Купалу. Потым на станцыі “Баравуха”, дзе служыў Іван Дамінікавіч у 1916 годзе, адкрывалі мемарыяльную дошку. Ушанаваўшы яго, адправіліся ўніз па цячэнні Дзвіны. Я запрасіў калег — супрацоўнікаў Літаратурнага музея Янкі Купалы Антаніну Хатэнку, Фаіну Ваданосаву — наведаць Цінкаўцы. Далучыліся Мікалай Ільніцкі, Галіна Ладзісава, Алесь Аркуш. “Некаторыя экспанаты музея, без перабольшання, бясцэнныя”, — так аформіла агульнае меркаванне Валянціна Кудлацкая ў віцебскай газеце “Народнае слова”…
Ад сустрэч застаўся надпіс Генадзя Бураўкіна на ягонай кнізе “Конь незацугляны”: “Слаўнаму і любімаму Сяргею Панізніку — у хаце бабкі Параскі. З нізкім паклонам — Генадзь Бураўкін. 10.VІ.1998 г.”. На Шлях з грэкаў у варагі траплялі кнігі з подпісамі ад Алеся Пісьмянкова, Пятра Ламана, Адама Мальдзіса, Людмілы Хмяльніцкай, Ірыны Жарнасек, Франца Сіўко… Уладзімір Скарынкін на зборніку “Лосвіда” пакінуў радкі:
Тым, хто вандруе
“з грэкаў у варагі”,
Няўрымслівасці зычу і адвагі.
Набыццё і захаванне
Час чытае новыя старонкі жыцця. А я — старонкі Гасцявой кнігі: ”Мы, вучні і настаўнікі Балінскай пачатковай школы, 26 верасня 1998 года пабылі ў Хатцы бабкі Параскі. Вельмі ўражаны…” І ніжэй — 18 подпісаў тых, хто пабачыў тут “шмат цікавага”. У той жа дзень пакінула свой запіс і госця з далёкай Масквы — дачка народжанага ў Сібіры Сяргея Сартакова. Маці рускага пісьменніка нарадзілася каля Сар’і і пасля сталыпінскага перасялення захавала айчынную памяць. Ці не таму Сартакоў пры сустрэчы з Максімам Танкам хваліўся, што ён “напалову беларус”. Вось чаму паслаў сваю дачку пазнаёміцца з радаводнымі вытокамі. А ў Цінкаўцах Таццяна Сяргееўна пакінула запіс пра тое, як яе ўразіў чароўны, непаўторны, незабыўны музей — “Хата бабкі Параскі”. Апошнія радкі звіняць так: “Именно здесь я почувствовала душу народа белорусского. О возрождении национальной культуры сейчас говорят и говорят многие. Вы — делаете!”
План работы літаратурна-этнаграфічнага музея на 1999 год быў багаты. Паспрабую “праясніць” некаторыя старонкі. 18 красавіка ў Бігосаўскім доме культуры прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны 20-годдзю заснавання музея. У гэты ж дзень мяне парадавалі наведвальнікі з Расіцы.
20 красавіка пакінула аўтографы “моладзь з Бігосава”. А 21-га — палачане: старшыня Полацкага гістарычнага клуба “Вытокі” Міхась Баўтовіч, манах манастыра Святых Барыса і Глеба — брат Юрась Камлыга. Выказаў я падзяку і палачанам, і былому вязню Саласпілскага канцлагера Вячаславу Марозу з в. Марозы, які прысылаў мне з Латвіі, дзе застаўся жыць, свае горкія ўспаміны...
Сяргей ПАНІЗНІК, паэт, стваральнік музея "Хатка бабкі Параскі. На шляху з грэкаў у варагі"