Мы сустрэліся з Юрыем Якавенкам у майстэрні пасля вернісажу, каб пагутарыць пра “цвік” выстаўкі — кнігу “Песня песняў”.
— Якія асабістыя ўражанні майстра ад сустрэчы ў выставачнай прасторы са сваімі творамі?
— Калі нараджаецца кніга, ключавым словам становіцца “чаканне”. Як па мне, яго можна параўнаць хіба з чаканнем з радзільні свайго дзіцяці, — шчыра прызнаўся мастак. — Мы з друкаром знаходзіліся ў розных краінах, перамаўляліся, у асноўным, праз тэлефон. Сарвацца з месца і паехаць глянуць, што атрымліваецца, не выпадала. Таму давялося спадзявацца на майстроў, на іх безумоўную здольнасць зрабіць якасны друк…
— Гэта не першая ваша супраца з італьянскімі кнігадрукарамі: у тым жа выдавецтве і з тым самым друкаром — Джуліяна Якамучы — у 2008 годзе пабачыла свет “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, аздобленая вашымі афортамі. Як склаўся лёс таго выдання?
— Кніга была выпушчана таксама накладам у 130 асобнікаў, з трынаццаццю афортамі. І я, і выдаўцы чакалі, што найперш на яе выхад адгукнуцца ў Італіі. Калі згадаць гісторыю напісання твора, то гэта чаканне абгрунтаванае: па замове Папы Рымскага Мікола Гусоўскі стварыў паэму на лацінскай мове… А ў рэчаіснасці атрымалася, што шчасліва лёс выдання склаўся менавіта ў Беларусі. Кніга аказалася запатрабаванай і даволі хутка разышлася, бо стала адной з заўважных візітовак Беларусі. Яе дарылі высокапастаўленым асобам, дыпламатам…
Калі ж асобнік “Песні пра зубра” ўручылі італьянскаму каардыналу, каб перадаць у якасці падарунка Папу Бенедыкту ХVI, у Ватыкане было праведзена цэлае расследаванне па праўдзівасці інфармацыі. Высвятлялі, ці гэта сапраўдны факт, ці беларусы прыдумалі прыгожую легенду пра тое, што іх творца Мікола Гусоўскі ў Рыме, па замове Ватыкана, стварыў паэму!
Гэты выпадак у які раз пераканаў мяне, што нам трэба без залішняй сціпласці папулярызаваць сваю культуру, сваіх асоб, свае дасягненні… Беларусь была і застаецца еўрапейскай дзяржавай з не меншай гісторыяй, чым у суседзяў. Толькі трэба, па-першае, самім цвёрда гэта ўсвядоміць, а па-другое, навучыцца прэзентаваць гэта свету.
— На мой погляд, яшчэ адна выснова, безумоўна, напрошваецца з усяго сказанага: дзе і як ні адзначыўся б творца, для каго б і ў якіх землях ні тварыў, найбольш ягоныя дасягненні патрэбны яго Айчыне…
— Слушная думка. Калі па шчырасці, то першапачаткова мне і “Песню песняў” хацелася выдаць інакш. “Песня песняў” выдавалася Францыскам Скарынам. Зрабіць выданне не кнігай, а папкай, з гравюрамі Скарыны ды сваімі афортамі, з сучаснымі перакладамі і перакладамі першадрукара, каб мастацтвазнаўца Міхась Баразна прадмову да кнігі напісаў, — вось якая была ў мяне задума. Але, на жаль, у Беларусі я не знайшоў фундатараў, што дапамаглі б здзейсніць гэты праект. Ізноў адгукнуліся ды падтрымалі матэрыяльна італьянцы.
— І славуты твор, выдадзены на італьянскай ды англійскай мовах, з афортамі беларускага майстра і ў такім выкананні, безумоўна, прагучыць. Шкада толькі ўсё ж, што першапачатковая ваша задума не ажыццявілася… Так у выдання быў бы яшчэ больш выразны айчынны кантэкст, магчымасць прэзентаваць нашы гісторыю і культуру на самых высокіх узроўнях… Урэшце, а з якімі найбольш істотнымі цяжкасцямі пад час працы над кнігай вам давялося сутыкнуцца?
— Спачатку трэба было спыніцца на нейкім з варыянтаў перакладу. “Песня песняў” — вонкава просты і лёгкі твор. Ды, насамрэч, колькі ў ім глыбіннай філасофіі, сімвалізму!.. Дзіву даешся, як кожны з перакладаў прапануе сваю версію, інтэрпрэтацыю “Песні…” Ну а калі праца над афортамі ўжо пачалася, давялося цвёрда выказаць сваю пазіцыю да патрабаванняў з боку італьянскіх заказчыкаў. Справа ў тым, што на працягу ўсёй працы над кнігай (а гэта два з паловай гады) склад каманды фундатараў змяняўся. Быў перыяд, калі нібыта Ватыкан узяўся фундаваць выданне, і да мяне падступіліся з просьбамі перарабіць афорты, прыбраць залішні эратызм у выявах… Але, па-першае, я лічу, што афорты мае даволі стрыманыя. Па-другое, што значыць: “перарабіць”? Гэта ж не жывапіс: слой фарбы паклаў, тут падмаляваў, там замаляваў, тут дадаў, там прыбраў… Тэхніка афорта такая, што тут усё наноў трэба пачынаць. Я сказаў, што ілюстраваць кнігу буду згодна са сваім уяўленнем, і тузацца пад зменлівы настрой у маёй працы не выпадае…
— А што сказалі заказчыкі?
— Далі мне магчымасць займацца сваёй справай, а самі займаліся сваёй. Я, дарэчы, да сённяшняга дня дакладна не ведаю, колькі і якія фундатары бралі ўдзел у выданні, і ці быў у іх ліку Ватыкан…
— І “Песня пра зубра”, і “Песня песняў” — асаблівыя выданні па вызначэнні: стварэнне майстрамі сусветнага ўзроўню, абмежаваны наклад, асаблівыя ўмовы захавання… Прадоўжыце спіс асаблівасцей?
— І ў выпадку з першым выданнем, і цяпер у мяне з выдаўцом дамова на семдзясят пяць гадоў выкарыстання маёй працы. Гэта час, за які, лічыцца, кніга павінна пражыць сваё жыццё і набраць вагу: старонкі павінны пажаўцець, пастарэць — і тады, па вялікім рахунку, пачынаецца яе сапраўднае жыццё як рарытэта…
— Гэта значыць, няма падставы хвалявацца, што выданне “Песні пра зубра” пакуль не асабліва рэалізуецца ў Італіі? Як добрае віно, яно з гадамі будзе набываць усё большую каштоўнасць?
— Сапраўды, калі разважаць такім чынам.
— Аднак пажадаем, каб і “Песня песняў”, і “Песня пра зубра” як найхутчэй знайшлі сваіх уладальнікаў ды набывалі вагу і каштоўнасць у іх калекцыях. Няхай іх напаткае такі самы шчаслівы лёс, як тыя асобнікі “Песні пра зубра” тут, у Беларусі…
— Так, шчыра гэтага жадаю. Выстаўка тут, у родным горадзе — толькі пачатак прэзентацыі кнігі свету. Наперадзе — экспанаванне ў Італіі ды Грэцыі…