Пленэр, ініцыятарам якога сталі мясцовыя ўлады, забіў двух зайцоў адразу: маладыя творцы на чале з выкладчыкам БДАМ Валерыем Калясінскім атрымалі добрую магчымасць дэбюту ў гарадской прасторы, а тая, у сваю чаргу, — непаўторныя складнікі. Прычым праект не запатрабаваў якіхсьці неймаверных грашовых сродкаў. Бо галоўнае, усё ж, не сума грошай, а — ідэя. Ды імпэт, неабходны, каб яе ажыццявіць.
“Хіба можна чакаць пладоў ад дрэва, чые карані хворыя?”Акурат той дзень, калі я знаёміўся з культурай Ашмянскага краю, стаў апошнім працоўным днём Валянціны ЛУЗІНАЙ на яе пасадзе намесніка старшыні райвыканкама: на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь большасць жыхароў краю аддала за яе свае галасы, і цяпер гэты ініцыятыўны чалавек ужо прыступіў да працы ў парламенце. Работнікі культуры раёна развітваліся са сваім кіраўніком літаральна са слязьмі на вачах. І, пагутарыўшы з ёю, можна было зразумець іх прычыну.
Не зазіраючы ні ў якія паперкі, Валянціна Лузіна можа доўга і падрабязна распавядаць пра кожную ўстанову культуры краю, кожны прыкметны калектыў. А колькі прачулых, узнёслых слоў я пачуў ад яе на адрас усіх рупліўцаў культуры Ашмяншчыны, імёны якіх яна таксама ведае на памяць! Хаця лішне нават казаць, што сфера кампетэнцыі намесніка старшыні райвыканкама ўключае зусім не толькі культуру.
— Ёсць рэчы, якія заўсёды павінны быць магістральнымі, — з гэтых слоў Валянціна Міхайлаўна распачала адказ на маё здзіўленае пытанне. — Трэба ўмець вызначаць прыярытэты, каб закласці той падмурак, які забяспечыць будучыню і росквіт нашай дзяржавы. Таму мая перадвыбарчая праграма пачыналася не з палітычных або эканамічных пазіцый: самы першы яе раздзел быў прысвечаны менавіта духоўнасці і культуры. І я абсалютна пераканана, што той край, дзе на культуру “махаюць рукой”, ніколі не спазнае свайго росквіту.Бо вынікі такой недальнабачнай пазіцыі адаб’юцца на ўсіх сферах жыцця без выключэння, у тым ліку і ў вытворчасці.— Думаю, для некаторых апошняе меркаванне зусім не бясспрэчнае…— Хіба можна чакаць пладоў ад дрэва, чые карані хворыя? Чым мацнейшая карнявая сістэма, тым больш дрэва супрацьстаіць навальніцам і ўраганам: сама зямля яго трымае. Менавіта таму асаблівы акцэнт у сваёй працы мы робім на патрыятычнае выхаванне, папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны нашага раёна, каб жыхары краю ведалі яе змалку, ад самых пялюшак.
І тут мы спрабуем унікнуць панылага дыдактызму — важна, каб у дзяцей была магчымасць творча асэнсоўваць мінуўшчыну свайго краю. Напрыклад, вучні Ашмянскай гімназіі ўжо некалькі разоў ладзілі раскопкі пад кіраўніцтвам спецыялістаў, і, між іншым, знайшлі нямала цікавых артэфактаў, якія сведчаць пра тое, што век мястэчка куды большы за афіцыйна прызнаны. А потым падрыхтавалі цудоўны даклад з мультымедыйным суправаджэннем, які быў агучаны пад час традыцыйнай нашай канферэнцыі “Гальшанскія чытанні”. Навукоўцы з Інстытута гісторыі НАН Беларусі былі папраўдзе ўражаны.
А яшчэ мы ладзім конкурс дзіцячай творчасці “Ашмяншчына — вачыма маладых”, дзе ёсць нават інтэрнет-галасаванне. Веданне гісторыі, прапушчанае праз прызму ўласнага ўспрыняцця, дазваляе зусім іначай усведамляць сучаснасць. Вось і адказ на ваша пытанне. Хіба не зменіцца ў чалавека стаўленне да сваёй малой радзімы, калі ён даведаецца, што сярод яго землякоў — Соф’я Гальшанская, пачынальніца магутнай дынастыі Ягелонаў, прадстаўнікі якой каралявалі ці не па ўсёй Еўропе, што да паўстання Алімпійскага руху не абы-якое дачыненне мае наш зямляк Зыгмунт Мінейка?
Лічу, краязнаўчы складнік вельмі важны не толькі для развіцця культуры і самасвядомасці, але, у перспектыве, і для рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу нашага рэгіёна, які мае ўсё неабходнае для таго, каб стаць турыстычным цэнтрам. Мясцовыя ўлады прыкладаюць дзеля гэтага вялікія намаганні. Скажам, неўзабаве мае выйсці буклет “Ашмяншчына турыстычная”.
Першыя зрухі ў справе турыстызацыі краю без работнікаў культуры не абыходзяцца. Літаральна кожныя выхадныя ў Конна-спартыўны цэнтр “Гіпіка”, які плённа працуе ў вёсцы Грынцы, выпраўляюцца з канцэртам мясцовыя артысты. Іх песні заўсёды даспадобы рэспектабельным гасцям Цэнтра, многія з якіх маюць замежнае грамадзянства.— Самы важны зрух у культуры краю заключаецца ў тым, што кожны работнік гэтай галіны здолеў самарэалізавацца, — працягвае Валянціна Міхайлаўна. — Паглядзіце, як вырасла ў нас колькасць калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны”: цяпер іх ужо 16! Зведваючы поспех на сцэне, самадзейныя артысты атрымліваюць штуршок для далейшага творчага росту. Працаваць кепска такія людзі ўжо папросту не змогуць. Таму атэстацыя нашых калектываў не толькі пацвярджае атрыманыя імі званні, але і дэманструе іх творчы рост. Але самы строгі суддзя — гэта публіка.
Як адзначыла Валянціна Лузіна, аўдыторыя ў Ашмянах вельмі патрабавальная. Настолькі, што дагадзіць ёй атрымліваецца не ва ўсіх поп-зорак: нярэдка іх выступленні праходзяць тут без асаблівага ажыятажу. Затое на канцэртах мясцовых знакамітасцей залы набітыя бітма. Білеты на традыцыйныя “Калядныя сустрэчы”, якія ладзяцца ў раёне вось ужо пятнаццаць гадоў, разыходзяцца, бы гарачыя піражкі, хаця каштуюць не зусім сімвалічныя грошы — пад дзесяць тысяч. Дарэчы, выступаюць мясцовыя зоркі не толькі ў саміх Ашмянах — яны актыўна гастралююць па ўсім раёне і за яго межамі.Па словах Галіны Балінскай, плаціць за культуру мясцовыя жыхары прызвычаены здавён, таму і план платных паслуг удаецца выканаць — хаця матэрыяльная база і ашмянскіх, і амаль усіх раённых устаноў культуры пакідае жадаць лепшага. На працягу доўгіх гадоў яна не спазнала ніякіх сур’ёзных уліванняў, і толькі з нядаўняга часу сітуацыя стала пакрысе выпраўляцца. Гэтую тэндэнцыю жыхары раёна звязваюць з прыходам на пасаду кіраўніка яго адміністрацыі Юрыя Адамчыка.— Люблю паўтараць: бацькоў, радзіму і матэрыяльную базу не выбіраюць, — кажа начальнік аддзела культуры. — І за апошні час мы ўжо, лічы, ператварыліся ў філармонію: канцэрты на розных пляцоўках ідуць адзін за адным без супыну.— У раёне багата разнапланавых музеяў: агулам іх 13, — распавядае Валянціна Лузіна. — Ад музея мяккай цацкі ў школе Мураванай Ашмянкі да народнага гісторыка-краязнаўчага музея ў Гальшанскай гімназіі, багатага на рарытэты. І такая разгалінаваная сетка спрыяе і выхаваўчай працы, і прыцягненню турыстаў.— Якімі якасцямі, на вашу думку, павінны валодаць работнікі культуры?— Гэтыя якасці — кампетэнтнасць і добрасумленнасць — нашым работнікам культуры ўласцівы ў поўнай меры. Вельмі важна тое, што ў іх колах няма зайздрасці і нездаровай канкурэнцыі, — усе працуюць у адной камандзе. Узаемаадносіны сярод нашых работнікаў культуры мяне заўсёды па-добраму ўражвалі: свае радасці і журботу яны заўсёды дзеляць разам. Гэта патрыёты сваёй справы, якія шчыра працуюць, сапраўдныя асобы. А творчыя людзі заўсёды знаходзяцца ў працэсе пошукаў і самаўдасканалення.