99 экспанатаў з шасці гістарычна-этнаграфічных рэгіёнаў нашай краіны размясціліся на вітрынах у Спаса-Праабражэнскай царкве-помніку з вёскі Барань. Гэтая выстава — плён працы ўсіх аддзелаў музея. Навуковыя супрацоўнікі адабралі для яе лепшыя ўзоры ганчарнага рамяства, знойдзеныя ў экспедыцыях і рупліва адноўленыя рэстаўратарамі.
Як патлумачыў загадчык навукова-фондавага аддзела Аляксей Абрамчук, керамічныя вырабы на нашых землях пачалі ствараць яшчэ ў эпоху неаліту. А ў X ст. з’явіліся першыя ганчарныя колы. Гліна — пластычны, вогнетрывалы матэрыял, які сустракаецца ў Беларусі паўсюль і адносна лёгка здабываецца. Таму аж да сярэдзіны XX ст. у сялянскіх хатах бытавала пераважна глінянае начынне, зробленае ганчарамі. Шкляны ж і металічны посуд быў даражэйшым і распаўсюджаным больш у гарадах.
Якія віды керамічнага посуду спарадзіла гаспадарчая вынаходлівасць нашых продкаў? Найперш, канешне, гаршкі розных памераў. Да гаршка падобны макацёр, але ягонае вусце шырэйшае. Гэта быў шматфункцыянальны прадмет: у ім не толькі расціралі мак ці яечныя жаўткі, але маглі таксама ставіць цеста або гатаваць стравы ў печы. У збан налівалі малако ці іншыя вадкасці. Яго лёгка пазнаць па ручцы і носіку для зліву. Гладыш формай падобны да збана, але не мае ні ручкі, ні носіка. Гляк адрозніваецца вузкай гарлавінай, якую закрывалі коркам, таму ў ім зручна было пераносіць ваду, квас, спіртныя напоі. Цыліндрычныя або яйкападобныя слоікі служылі для захоўвання варэння, саленняў, мёду. Увогуле ж існавала так багата разнавіднасцей глінянага посуду з мясцовымі назвамі, што дакладна разабрацца ў іх здольны толькі спецыяліст.
Найстарэйшы экспанат на выставе — вялізны гаршчок для захавання зерня з вёскі Гарадная Столінскага раёна. Ён датаваны сярэдзінай XIX ст. Вельмі цікавая авальная пасудзіна з Панямоння — доўгая латушка. На ёй маглі запячы цэлую качку ці малочнае парася. А ўвогуле ўнікальная рэч — вялікая маслабойка ў форме гладыша з драўлянай накрыўкай і берасцяной аплёткай, прывезеная з Усходняга Палесся. Дарэчы, большасць экспанатаў з гэтага рэгіёна паступіла ў музейны фонд у выніку выратавальных экспедыцый пачатку 1990-х па вёсках, адселеных пасля аварыі на ЧАЭС.
Аляксей Абрамчук падкрэсліў, што ў кожным рэгіёне ганчары валодалі адметнымі тэхналогіямі, мелі свае сакрэты вытворчасці. Па характэрных знешніх прыкметах керамікі можна вызначыць месца яе паходжання. Так, у згаданай ужо вёсцы Гарадная выраблялі белагліняны посуд, а ў Пружанах — чорнаглянцаваны. Прадукцыя гэтых ганчарных цэнтраў славілася далёка за межамі Заходняга Палесся. Ёсць звесткі, што пружанская кераміка ў 1930-я гг. праз перакупшчыкаў трапляла нават у Англію і Амерыку. Посуд з Гарадной ведалі ў Вільні і на Валыні, у Кіеве і Варшаве. Класічныя дасканалыя формы гараднянскіх вырабаў нагадваюць узоры антычнага мастацтва.
Святлана ІШЧАНКА
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №21 ад 21 мая.