РER ASPERA AD ASTRA...
...З Міхаілам Андрэевічам я блізка пазнаёміўся ў канцы 1960-х, калі ён мяне, маладога мастацтвазнаўцу, запрасіў на кубачак гарбаты ў сваю майстэрню, якая знаходзілася ў доме на тэрыторыі мастацка-вытворчага камбіната па вуліцы Някрасава, 7. Мастак якраз заканчваў карціну, прысвечаную аршанскім партызанам-заслонаўцам. З таго часу мы сталі рэгулярна сустракацца...
Першае вялікае інтэрв’ю ў яго я ўзяў у 1968 годзе для часопіса “Нёман” (№12). Тады Міхаіл Андрэевіч яшчэ не меў ніякіх ганаровых званняў. 46-гадовы жывапісец нават не быў “заслужаным”! Але мне падалося, што на той час гэта яго мала хвалявала, хаця ён быў уладальнікам медаля “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”, сярэбранага медаля Акадэміі мастацтваў СССР і ордэна “Знак Пашаны”. Для мастака было больш важна ведаць, як глядач успрымаў створаныя ім незадоўга да гэтага карціны “Партызанская мадонна” і “Віцебскія вароты”, якія ў прэсе ўжо шырока абмяркоўваліся.
Лёс Савіцкага — лёс унікальны. На розных этапах жыцця ён спазнаў, што такое зло, чалавечая несправядлівасць, здрадніцтва, зайздрасць, горыч няўдач, хваробы, жорсткія паклёпы некаторых кулуарных крытыкаў, асабістыя душэўныя перажыванні і пакуты. Але — выстаяў. Выстаяў, бо не драбніў сябе і не блытаўся па розных “модных” мастакоўскіх дарогах. Зрэшты, такі тыповы лёс большасці выдатных майстроў, і Савіцкі ў гэтым шэрагу не быў выключэннем. Тым не менш ён спазнаў і прыжыццёвую славу, і атрымаў самыя высокія ганаровыя званні, прэміі, узнагароды, і любоў мільёнаў гледачоў, і міжнароднае прызнанне сваіх творчых дасягненняў. Словам, ён дастойна прайшоў per aspera ad astra...
Пасля смерці Майстра нам у спадчыну застаўся бліскучы жывапісны эпас цэлай эпохі. Урэшце, ён і сам як асоба — цэлая эпоха. Каб яшчэ раз у гэтым упэўніцца, трэба паглядзець выставу “Міхаіл Савіцкі. Да 100-годдзя з дня нараджэння”, якая ўчора разам з гашэннем канверта з маркай да юбілею мастака адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, арганізаваная сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Мастацкай галерэяй Міхаіла Савіцкага. Дарэчы, у гэтай галерэі сёння прадстаўлена экспазіцыя твораў яго шматлікіх вучняў — выхаванцаў Творчых акадэмічных майстэрань Міністэрства культуры Беларусі, якія ўзначальваў Міхаіл Андрэевіч з 1981 года і да скону свайго жыцця.
Ніхто не стане спрачацца, нават апаненты, што Савіцкі, пачынаючы з 1960-х, аб’ектыўна быў бясспрэчным лідарам у беларускай выяўленчай культуры, і гэта лідарства ён на працягу наступных амаль пяці дзесяцігоддзяў мала каму саступаў. Такі факт. Таму што ён сваёй творчасцю здолеў узвесці сабе помнік нерукатворны і ўвайсці ў лік класікаў выяўленчага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя.
Сёння я хачу расказаць, уласна, не пра карціны Савіцкага, пра якія ўжо шмат сказана-пераказана ў СМІ, манаграфіях, альбомах, дакументальных фільмах. Я раскажу пра самую трагічную старонку яго біяграфіі, якая яшчэ недастаткова вядомая сучасным чытачам, асабліва маладым. Пра тое, як пасля палону склаўся лёс намесніка камандзіра 793-га асобнага батальёна сувязі 345-й стралковай дывізіі Паў-
ночна-Каўказскага фронту Міхаіла Савіцкага — аднаго з апошніх абаронцаў Севастопаля. Пра сам баявы шлях маладога салдата Чырвонай арміі, пачынаючы з 22 чэрвеня 1941 года, і пра яго ўдзел у жорсткіх баях за гэтую чарнаморскую цвярдыню я расказваў на старонках «К» у 2021 годзе (№№ 8, 9, 10).
З ПАЛОНУ — У ПЕКЛА ЛАГЕРА
Але цяпер — пра палон. Севастопаль. Камяністае ўзбярэжжа Херсанескага мыса — самай заходняй кропкі Крымскага паўвострава. Гарачае лета 1942-га. Прыціснутыя да мора маракі і чырвонаармейцы, сярод якіх быў Міхаіл, чацвёра сутак, практычна без харчоў і пітной вады, стрымлівалі націск ворага, пакуль не скончыліся патроны.
Падрабязныя дэталі свайго паланення Савіцкі не помніў. Апошняе, што бачыў, — фантан успучанай зямлі і каменнага пылу. Гэтым выбухам ён быў кантужаны, але здолеў вярнуцца на бок жыцця, не пераходзячы мяжу небыцця. Калі ачуняў, над ім стаяў нямецкі аўтаматчык з закасанымі па локаць рукавамі…
Палонных пасадзілі на камяні ля берага. Здавалася, звінела цішыня. Вось такі аксюмаран. Праз паўгадзіны эсэсаўцы сталі ўсіх збіраць і строіць па дзесяць чалавек у калону. У першую чаргу выявілі палітработнікаў і яўрэяў і тут жа на месцы іх расстралялі кароткімі аўтаматнымі чэргамі.
Увесь бераг быў заціснуты танкамі і танкеткамі. Палонных павялі разбітай дарогай у бок Камышовай бухты. Калі хто падаў ад знямогі, фашысты яго дабівалі. Спыніліся ў Бахчысараі. Тут жа быў перасыльны лагер, куды ваеннапалонных запакавалі так, што яблыку не было дзе ўпасці ў самым прамым сэнсе. Людзі ў страшэннай цеснаце баракаў пакутавалі трое сутак. Потым рушылі ў сімферопальскі перасыльны лагер, у так званы бульбяны гарадок. З трох тысяч ваеннапалонных да месца прызначэння дайшла прыкладна палова.
Праз нейкі час вязняў чакаў горад Мікалаеў. Гналі, як скаціну, па пыльных дарогах, амаль без ежы і вады. За двое сутак шляху некалькі дзясяткаў чалавек не змаглі перанесці гэты пякельны этап. Загінулі. Астатніх прывялі на вялікую плошчу, загароджаную калючым дротам. Гэта быў лагер з вартавымі вежамі і кулямётамі на тэрыторыі пасёлка, недалёка ад суднабудаўнічага завода.
Вязняў кінулі прама на брудную падлогу. У кожным пакоі памерам 15-16 квадратных метраў даводзілася спаць у тры пагібелі, бо туды набівалі да 40 чалавек. Кармілі раз на дзень баландай з бульбяных адкідаў. У суткі выдавалі 200 грам гаркаватага хлебнага эрзацу: шалупінне, лісце сланечніку, апілкі. У многіх не было кацялкоў і ежу бралі проста ў пілоткі. З вязняў пастаянна здзекаваліся, зневажалі, жорстка збівалі прыкладамі... Спадзявацца на выратаванне практычна не выпадала, і дзе ў сапраўднасці знаходзіўся фронт — ніхто не ведаў...
ГРУПА СУПРАЦІЎЛЕННЯ ДЗЕЙНІЧАЕ
Але тут прыйшоў загад: усіх адносна здаровых ваеннапалонных накіраваць па этапе ў фашысцкую Германію. Трэцяму рэйху да зарэзу патрабавалася бясплатная рабочая сіла. І вось Германія. Зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія. Горад Штукенброк. Стацыянарны лагер Форэлькруг-Зенэ. У гітлераўскіх рэестрах ён быў пазначаны як Шталаг — 326 (VI-K) для рускіх ваеннапалонных. Тэрмін “шталаг” расшыфроўваецца як стацыянарны лагер, прызначаны для ўтрымання пад вартай палонных “ніжніх чыноў” праціўніка. У адрозненне ад канцлагераў і гета, усе шталагі кіраваліся вермахтам, а не СС. Але і тут для вязняў былі неймаверна цяжкія ўмовы. Гэты шталаг быў адначасова і базавым, і перасыльным. І так здарылася, што праз тры тыдні Савіцкага з невялікай групай найбольш моцных таварышаў накіравалі ў так званы выпраўленча-працоўны лагер горада Дзюсельдорфа на вагонабудаўнічы завод фірмы Zanf, што належала СС.
М. Савіцкі: “Наша заводская каманда налічвала дзевяноста чалавек, і ў ёй дастаткова лёгка знайшліся тыя, хто мог давяраць адзін аднаму. Мяне пасля невялікага навучання прызначылі ў брыгаду электразваршчыкаў. Вучылі, як варыць трывалае шво. Але з гэтага можна было атрымаць і, так бы мовіць, зваротны ўрок: пры якіх умовах шво можа атрымацца нетрывалым і ненадзейным. Гэта было галоўнай умовай для пачатку дыверсійнай работы. Паступова скалочвалася група супраціўлення з кіруючым цэнтрам з чатырох чалавек. Кіраўніком усёй нашай дыверсійнай дзейнасці стаў Георгій Іванавіч Карнілаў. Забягаючы наперад, скажу, што пасля вайны ён мяне адшукаў: у часопісе “Огонек” убачыў рэпрадукцыю маёй карціны. Падчас першай жа нашай сустрэчы ўгаварыў, дакладней “прымусіў” мяне ўзяцца за працу над цыклам палотнаў, якія потым атрымалі назву “Лічбы на сэрцы”. А тады на заводзе ён займаў месца нібыта непрыкметнае — працаваў простым зваршчыкам у электрацэху. Але сярод вязняў карыстаўся вялізным аўтарытэтам як чалавек смелы ды рашучы, гатовы пайсці на рызыку. Былы камісар партызанскага атрада імя Сталіна ў Крыме, ён трапіў у палон у раёне Керчанскіх катакомбаў прыкладна ў той жа час, што і я”.
Міхаіл хутка засвоіў усю тэхналогію вагоннай вытворчасці, навучыўся рабіць не толькі трывалыя швы, але і зварваць іх так, каб яны не адразу распаўзаліся, а толькі праз нейкі час, калі вагоны былі ўжо ў дарозе. Зразумела, ён быў не адзін. Нават у такіх нялёгкіх умовах патрыёты шукалі любыя магчымасці, каб нанесці ворагу шкоду. Да дыверсійнай дзейнасці далучалася ўсё большая колькасць рабочых. У выніку сабатажу сотні вагонаў вярталіся на завод для чарговага рамонту.
ДАНОС ПРАВАКАТАРА
Калі вялізны двор завода запоўнілі скасабочаныя вагоны, якія не вытрымлівалі і аднаго перагону,
удзел вязняў у сабатажы мог стаць зусім зразумелым. Каб не спакушаць лёс, вырашылі паступова рыхтаваць пабег з лагера. Але для гэтага трэба было як след падрыхтавацца і паспрабаваць арганізаваць яўкі ў горадзе, дзе маглі б адседжвацца ўцекачы. Задача архіскладаная, але трэба было яе неяк вырашаць.
М.Савіцкі: “Час ішоў... І пакуль мы ў гэтым кірунку кумекалі, у мяне з’явіўся яшчэ адзін від дзейнасці, які нібы адносіўся да мастацтва, гэта дазволіла для ўсёй нашай суполкі здабываць тую-сюю ежу і цыгарэты. Бо рацыён складаўся з чарпака баланды, і мы апухалі ад голаду. Я навучыўся рабіць пярсцёнкі са звышцвёрдай хроманікелевай сталі... Цяпер проста не ўяўляю, як гэта можна было выканаць без спецыяльных інструментаў і лупы... Але сваім шэдэўрам тае пары я лічу два заручальныя пярсцёнкі. Паверхню кожнага — пры шырыні абадкоў у два і тры міліметры — я апрацаваў мікраскапічнымі, але вельмі дакладнымі шасціграннікамі, а таму кольцы зіхацелі так, быццам аздобленыя алмазамі. Не паверыш, у маіх пярсцёнкаў нават з’явіўся пэўны стыль. На іх пайшла своеасаблівая мода сярод вольнанаёмных рабочых, якія і былі асноўнымі заказчыкамі...”
Ювелірная практыка аба-
рвалася імкліва. З-за правакатара, які з’явіўся ў лагеры неяк ціха ды непрыкметна, групу сабатажнікаў павінны былі вось-вось накрыць. Адзін з антыфашыстаў, які спаў побач з ім на нарах, на свой страх і рызыку выкраў у правакатара данос з пералікам некаторых прозвішчаў патрыётаў. Там былі і імёны Карнілава ды Савіцкага. Праўда, пад пытаннем. Значыць, не сёння дык заўтра пад каўпаком у нацыстаў апынецца ўся група. Выйсце адно — бегчы не марудзячы.
ПАБЕГ “СЯМ’І”
На рызыкоўны пабег пагадзіліся толькі трое: Міхаіл Савіцкі, Мікалай Карнілаў і Марыя Аляксандрава з Растова-на-Доне, гордая і сімпатычная саракагадовая жанчына, настаўніца нямецкай мовы, якую немцы ўгналі ў лютым 1942-га. Працавала яна ў зборачным цэху завода, але мела права, як і ўсе астарбайтары, часам свабодна выходзіць у горад. А значыць, валодаючы нямецкай мовай, магла паспрабаваць знайсці якіясьці явачныя кватэры.
М.Савіцкі: “Мы вырашылі, што надзейней за ўсё стварыць “сям’ю”: “бацькам” маім будзе Карнілаў, “маці” — Аляксандрава. Сфабрыкаваў я даведкі, што мы — “сям’я Кузняцовых”, родам з Оршы, і “засведчыў” іх уласнаручна зробленай пячаткай. Паводле легенды, мы працавалі пад Кёльнам у памешчыка-баўэра. Але пасля налёту англійскай авіяцыі на горад і ягонае наваколле вымушаны былі ратавацца ад “дывановых” бамбёжак. Была на ўсялякі выпадак у нас у запасе і іншая легенда. Ведаючы, што лагер савецкіх грамадзянскіх асоб, вывезеных у Германію, згарэў у Кёльне разам з усімі дакументамі, мы ў час праверак прадстаўляліся былымі рабочымі гэтага працоўнага лагера. Абедзве легенды спрацоўвалі ў залежнасці ад абставін”.
...Абставіны пакуль былі на баку ўцекачоў. На шостыя суткі прайшлі прыкладна 240 кіламетраў і дабраліся да Ніжняй Саксоніі — гарадка Хільдэсхайм. Пасля адпаведнай паліцэйскай праверкі ўладкаваліся на невялікую фабрыку бакалейнага абсталявання ў якасці рабочых-інструментальшчыкаў. Аднак немцы былі звышпільнымі: кожны пабег вязня заўсёды рупліва расследаваўся і, як правіла, на тэрыторыі Германіі завяршаўся арыштам. Словам, летам 1944 года давялося зноў хавацца. Але ўжо ўдваіх — паколькі Марыя ў час начных перасоўванняў дзесьці згубілася. Па прапанове Карнілава вырашылі яшчэ раз паспытаць шчасця — пакінуць праклятую Германію і бегчы праз Бельгію ў Францыю. Прабіраліся пешшу па начах. Дайшлі да бельгійскага горада Льежа, але чымсьці прыцягнулі ўвагу патруля.
М.Савіцкі: “Нас схапілі і да канчатковага высвятлення “падазроных асоб” кінулі ў вільготны і смярдзючы падвал, дзе, як я прыкмеціў яшчэ з вуліцы, вокны былі закладзены цэглай. Мы зразумелі, што выратаваць нас можа толькі пабег. Уначы, пазрываўшы да крыві пазногці, разабралі цэглу і праз вакно пабеглі па незнаёмых вулачках. Ачунялі ў нішы нейкага старога пад’езда. Потым выбраліся з гэтага гарадка. Але мы ведалі, што паднятая трывога, і схавацца нам няма куды. Павярнулі на ўсход, каб зноў прабрацца ў Хільдэсхайм, спадзеючыся, што ў гэтым напрамку патрулі не такія ўжо пільныя. Да горада дабраліся паспяхова і вырашылі апраўдаць сваю адсутнасць на фабрыцы бакалейнага абсталявання тым, што, маўляў, ездзілі да знаёмых па той бок Рэйна, а на зваротным шляху патрапілі пад бамбёжку і ў мітусні згубілі маю “маці”.
Якія мы былі наіўныя! Гестапаўцы на фабрыцы нас ужо чакалі. Дасюль не разумею, як яны маглі прадбачыць нашы дзеянні? Прывезлі ў дзюсельдорфскую турму. Надзелі “бранзалеты” і — напрамкі ў камеру смертнікаў. Мы з Карнілавым падрыхтаваліся да горшага. Але нечакана ў суправаджэнні некалькіх канваіраў нас і яшчэ пяцярых вязняў вывелі з турмы, запхнулі ў крытыя грузавікі і ў суправаджэнні аўтаматчыкаў пераправілі ў канцэнтрацыйны лагер пад назвай Бухенвальд, хаця, па праўдзе кажучы, мы пра той лагер тады і не падазравалі...”
АД БУХЕНВАЛЬДА ДА “КРЫВІНАК”
...Вязні працавалі на Густслаўскім заводзе па вытворчасці зброі, які знаходзіўся ў двух кіламетрах ад Бухенвальда. Мала хто з іх выжыў. Агулам праз лагер прайшло каля чвэрці мільёна чалавек з усіх еўрапейскіх краін. Савіцкі, які па-ранейшаму заставаўся Міхаілам Кузняцовым, знаходзіўся ў Бухенвальдзе пад “чырвоным вінкелем” з літарай R, што азначала — палітычны вязень, па нацыянальнасці — рускі (беларусы і ўкраінцы таксама прылічваліся да “рускіх”). Гэтыя страшныя аксесуары паказаны Савіцкім у аўтабіяграфічным партрэце “Вязень №32815” з серыі “Лічбы на сэрцы”. У лагеры панавала масавая смяротнасць ад голаду, холаду, эпідэмій, знясільвальнай працы, здзекаў. Для выяўлення і знішчэння знямоглых праводзілася “фільтрацыя”. Расправы над вязнямі суправаджаліся экзекуцыямі і насілі садысцкі характар: спальванне або закопванне жывых людзей, цкаванне іх сабакамі і г.д. Апісваць словамі ўсё гэта немагчыма...
А потым быў канцэнтрацыйны лагер Дора, або Дора-Мітэльбау, размешчаны ў Цюрынгіі на поўначы Германіі. Тут звышсакрэтна пад зямлёй выраблялі лятаючыя снарады V-2 — “зброю помсты — 2”, якую немцы выкарыстоўвалі супраць Англіі. Менавіта сюды 10 лютага 1944 года накіравалі з Бухенвальда Савіцкага і яшчэ 60 вязняў. Усіх шчыльна заціснулі ў вялізны грузавік, прымусіўшы сядзець на кукішках. Ахоўвалі чатыры эсэсаўцы з аўтаматамі. Прыбыўшы ў лагер, зняволеныя суткі правялі на марозе, у снезе, без ежы: за гэты час усіх фармальна зарэгістравалі. А да іх на гэтай фабрыцы смерці ўжо пакутавалі больш за 30 вязняў-рабоў...
Быў яшчэ адзін страшны канцлагер для савецкіх ваеннапалонных на поўдзень ад горада Гота, які таксама “прымерыў” на сябе Савіцкі. Гэта — “Крывінкі”. Там вязні будавалі бункеры, капалі тунэлі і шахты. Пасля смерці Міхаіла Андрэевіча я спрабаваў адшукаць дакументальныя сведчанні пра гэтыя самыя “Крывінкі”, але такой назвы нідзе не знайшоў. Магчыма, так яго называлі толькі вязні. А пры жыцці мастака я так і не сабраўся ў яго ўдакладніць. Мяркую, што ён меў на ўвазе лагер смерці блізу Ордруфа — таксама як адно з падраздзяленняў Бухенвальда.
Захавалася пісьмо былога вязня канцлагераў “Крывінкі” і Дахау Аляксандра Пацука, дасланае з Харкава свайму таварышу па пакутах Міхаілу Савіцкаму ад 7 студзеня 1973 года. Ліст трапіў у Саюз мастакоў, дзе я тады працаваў. Я адразу паімчаў да Міхаіла Андрэевіча на вуліцу Пераможную, дзе ён жыў, адшукаў дом № 17, кватэру № 71 і ўручыў адрасату вестку “з мінулага” літаральна на парозе.
У лісце, як я пазней даведаўся, аўтар з горыччу ўспамінаў пра тыя жахі, якія яны, зняволеныя “дахадзягі”, паспыталі ў гэтых лагерах смерці. Памятаю, Савіцкі доўга чытаў пісьмо, узіраючыся ў кожны радок, потым нервова скамечыў недапаленую цыгарку і, не прамовіўшы ні слова, з гэтым лістом пайшоў у другі пакой...
ПЯКЕЛЬНЫ ТРОН САТАНЫ
Апошні канцлагер, які прайшоў Савіцкі, быў Дахау, непадалёк ад Мюнхена. Са сваімі шматлікімі філіяламі ён прызначаўся для фізічнай расправы з найбольш небяспечнымі, з пункту гледжання фашыстаў, “злачынцамі” — у асноўным савецкімі ваеннапалоннымі, а таксама партызанамі, падпольшчыкамі і антыфашыстамі акупаваных еўрапейскіх краін. Рэжым у лагеры быў такім, што сярэдняя працягласць жыцця зняволенага складала не больш за тры месяцы. Гэта дало права епіскапу Мюнхена Ёгану
Нейхаўзлеру — былому вязню Дахау — сцвярджаць: “Тут сатана ўзвёў свой пякельны трон”.
М.Савіцкі: “Але, што дзіўна, я ніколі не верыў, што памру. Не верыў, што фашысты перамогуць, усімі фібрамі душы супраціўляўся смерці. Нават калі прывезлі ў Дахау на зніштажэнне, калі выцягнулі з вагона-карцара мой шкілет і кінулі тут, ля платформы, — я верыў. Памятаю, знайшоў у сабе сілы агледзець сябе — шкілет шкілетам. Што тут казаць, ехалі ж тры тыдні пад адкрытым небам, на бляшанай падлозе, без ежы, а на двары красавік, холад сабачы... Я ляжаў, а міма эсэсаўцы сноўдаюць, такіх, як я, дахадзяг прыстрэльваюць. Да мяне чарга дай-
шла — думаю, няўжо і мой канец? Але ўмяшаліся нейкія салдаты: што вы нагрувашчваеце тут трупы? Нам няма калі іх прыбіраць — вязіце, маўляў, адразу проста ў печ!
Закінулі нас на двухколку адзін на аднаго, як дровы, — і ў лагер. Скінулі на зямлю каля тыфознага трыццатага барака-лазарэта. Пазней даведаўся: гэта быў асобы барак, колькі існаваў Дахау — з яго выходзілі толькі праз трубы крэматорыя... “Arbeit macht frei” (“Праца робіць чалавека свабодным”) — такі здзеклівы надпіс быў адчаканены на рашэтчатых варотах лагера. Падумаў, правільней было б яго замяніць цытатай з Дантэ, кімсьці напісанай крэйдай на 25-м каранцінным блоку: “Lasst alle Hoffnung fahren, die ihr hier eintretet” (“Пакінь спадзевы ўсякі, хто сюды ўваходзіць”)...”
АЛЕ Ж — ВЫЖЫЎ!
29 красавіка Савіцкі ачомаўся ад шуму, ад страшэннага крыку, змяшанага з нечалавечым болем і адначасова з дзікай радасцю. З цяжкасцю расплюшчыў вочы. У вялізным бараку, дзе ва ўсю яго даўжыню ў чатыры шэрагі ляжалі стогнучыя і трызнячыя шкілеты, з’явіліся людзі ў незнаёмай форме. Гэта былі салдаты-пехацінцы 45-й дывізіі 7-й арміі ЗША.
А Міхаіл, лежачы ў цяжкім забыцці, не мог спачатку зразумець, што ж адбылося. А калі зразумеў, дык жахнуўся: як ён вытрымаў столькі дзён без ежы і амаль без вады? Чаму не памёр, як большасць ягоных таварышаў? Шмат было “чаму”. Але ж — выжыў!
Вось такім запомніўся Савіцкаму дзень вызвалення. Увечары ў Дахау прыбылі дадатковыя амерыканскія часткі для аказання першай медыцынскай дапамогі вызваленым, а 2 мая з’явіўся эвакуацыйны шпіталь ЗША. У тым шпіталі Савіцкі яшчэ доўга не мог хадзіць, толькі поўзаў на карачках. Аднак малады арганізм урэшце пайшоў на папраўку.
Праз некалькі дзён у Дахау прыляцелі савецкія афіцэры спецатрада СМЕРШа з мэтай ізаляваць савецкіх грамадзян ад іншых вязняў, што стала першым крокам падрыхтоўкі іх да рэпатрыяцыі. Пасля допытаў і скрупулёзнай праверкі ў камендатуры СМЕРШа, там жа, у Германіі, Савіцкага прызналі “добранадзейным”. Такія “фільтрацыі” праходзілі ўсе савецкія ваеннапалонныя.
Як годнага да воінскай службы, у пачатку чэрвеня 1945-га Міхаіла накіравалі ў 288-ы гвардзейскі зенітна-артылерыйскі полк 6-й гвардзейскай механізаванай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Венгрыі. Па загадзе начальніка штаба дывізіі Васілія Карэцкага радавога Савіцкага прызначылі ваенным мастаком па афармленні інтэр’ераў дамоў афіцэраў і салдацкіх клубаў. Яго дзіцячая мара — стаць мастаком — пачынала збывацца хаця б такім чынам...
У пачатку снежня 1946 года надышоў час мабілізавацца. І ўжо праз восем месяцаў 25-гадовы Міхаіл падаў дакументы ў мастацкае вучылішча, якое толькі што адкрылася ў Мінску...
Барыс КРЭПАК