— Зразумела, Лілія Станіславаўна, вам добра знаёмыя вашы выбаршчыкі і гэтыя мясціны. Мусіць, такая вялізная “дыялогавая пляцоўка”, умоўна кажучы, дасюль “выплёсквае” шмат думак ды меркаванняў, прапаноў ад суразмоўцаў, што тычацца кантэксту праекта новай рэдакцыі Канстытуцыі...
— Мабыць, першае і галоўнае, пра што адразу скажу: так, Барысаўшчына — мая малая радзіма, і калі табе знаёмы кожны куточак, калі ты — сярод сваіх землякоў, то заўсёды вельмі востра адчуваеш настрой людзей, разумееш іх пытанні і меркаванні, якімі яны дзеляцца. Маё такое назіранне: тое, што людзі ўцягнуты ў гэты працэс, што яны зацікаўлены ў рэферэндуме, у яго лёсавызначальным выніку, і ёсць плён вялізнай працы ўсёй краіны. Плён штодзённых намаганняў Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, якому народ давярае, падтрымліваючы ініцыятывы Прэзідэнта. Фактычна на працягу ўсяго 2021 года, калі таксама праходзілі шматлікія сустрэчы ў калектывах, і фарміраваліся тыя прапановы ў будучыя змены і дапаўненні, якія сёння апублікаваны і абмеркаваны. Вось гэтыя шматлікія сустрэчы засведчылі: людзі самі ўносілі прапановы ў праект Канстытуцыі, і новаўвядзенні рэдакцыі Асноўнага Закона — калі не ўсё, дык многае з таго, што заяўлялася, — задаволілі іх. Словам, выклікалі ў электарату маштабны станоўчы рэзананс.
— Наколькі вядома, распрацоўшчыкі праекта зусім нядаўна ўнеслі ў некаторыя фармулёўкі пэўных артыкулаў карэктывы...
— Сапраўды, ужо пасля апублікавання дакумента ад людзей з усёй рэспублікі паступіла амаль дзевяць тысяч водгукаў з адпаведнымі прапановамі, нягледзячы на тое, што, здавалася б, у праекце было прапісана ўсё. Літаральна ў кожным важным для грамадзян блоку — няхай гэта сацыяльны або блок ідэалогіі — з’явіліся пэўныя ўдакладненні, карэкціроўкі.
— Напрыклад?
— Гэта тычыцца, у прыватнасці, часткі аб дзяржаўнай сімволіцы, фармулёўкі аб не “абавязку” клапаціцца аб сваім здароўі, а “захоўваць” яго. Вось такія істотныя нюансы ў прапановах ўважліва разглядаліся і ў выніку прымаліся. І людзям тое імпануе. Бачу абсалютнае іх разуменне ў гэтыя дні маёй камандзіроўкі ў рэгіёне. А ім папярэднічалі два дзясяткі студзеньскіх сустрэч у калектывах, калі вялася рознабаковая, так бы мовіць, тлумачальная работа — раз’ясняліся палажэнні.
— Ну а цяпер, з вашага асабістага вопыту, на чым фіксуецца ўвага арганізатараў “дыялогавых пляцовак”?
— Я сказала б так: ідзе ўжо не тлумачальная, а, хутчэй, аналітычная кампанія. Ёсць жаданне пачуць, што думаюць людзі, даведацца, як яны настроены. Дык вось, абсалютная большасць грамадзян рэгіёна — а я ўжо праехала шэраг школ, вытворчасцей ды ўстаноў у сельскай мясцовасці і ў горадзе, — падтрымлівае рэферэндум і пойдзе галасаваць. Ёсць разуменне, што ад кожнага грамадзяніна Беларусі залежыць лёс нашай краіны. Усе адназначна выступаюць за сацыяльную дзяржаву, за тое, каб у краіне захоўвалася моцная ўлада, бо сістэма вертыкалі ўлады дапамагае людзям вырашаць іхнія праблемы. Людзі адгукнуліся, вядома ж, на замацаванне такіх вельмі важных для кожнага чалавека крытэрыяў, як сацыяльныя гарантыі — бясплатныя адукацыя, медыцына, клопат пра інвалідаў, тэма моладзі, сямейных каштоўнасцей, артыкулы па пытаннях патрыятычнага выхавання і гістарычнай памяці...
— Як вядома, вы, Лілія Станіславаўна, з’яўляецеся ў тым ліку аўтарам суперважнага законапраекта аб генацыдзе беларускага народа. Тэма гістарычнай памяці, неаспрэчна, святая для нацыі...
— ...і яна прайшла для мяне “чырвонай ніццю” праз увесь 2021 год, калі я працавала над названым вамі законапраектам, а таксама над актуальным законапраектам аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму. Усё гэта тычыцца інтэрпрэтацыі праўды гістарычнай памяці. А прынамсі Барысаўшчына — гэта, я сказала б, такі патрыятычны край, дзе падзеі не толькі далёкай мінуўшчыны, скажам, 1812 года, занатаваны ў гісторыі і яркіх знакавых гісторыка-культурных мерапрыемствах, але і Барысаўшчына партызанская, падпольная, што гераічна змагалася з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. 10 лютага ў раённай аб’яднанай бібліятэцы імя Каладзеева ў мяне адбылася вялікая сустрэча з краязнаўцамі Барысаўшчыны пры ўдзеле кіраўніцтва музеяў, бібліятэкараў, грамадскіх актывістаў. Краязнаўцы ўкладаюць душу і сэрца ў пошукавую і даследчую дзейнасць. І тут, як кажуць, мы адно аднаго знайшлі. Гэта было нашым узаемным жаданнем — абмеркаваць тэму гістарычнай спадчыны краю, захавання і развіцця яе, увасабляючы ў розных праектах.
— Пацікаўлюся: якіх, у прыватнасці?
— Гістарычная памяць, патрыятычнае выхаванне моладзі праз глыбокае веданне гераічных старонак роднага краю, у тым ліку — развіццё патрыятычнага турызму, мемарыялізацыя славутых мясцін Барысаўшчыны. На сустрэчы абмяркоўвалі прынамсі стварэнне электроннай карты спаленых вёсак рэгіёна: сёння ўжо дакладна вядома, што іх, сясцёр Хатыні, — 130, а не 84, як сцвярджалася ў мінулым годзе. У цэнтры ўвагі дыялогу стаялі таксама пытанні ўжытку беларускай мовы, ушанавання памяці класіка нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы, у прыватнасці, абмяркоўвалася працэдура ўсталявання мемарыяльнай дошкі народнаму паэту, які неаднаразова наведваў Барысаўшчыну, на будынку гарадскога Дома культуры.
— Словам, паводле вашага расповеду, людзей хвалююць самыя розныя аспекты, спалучаныя з тэмай Памяці пакаленняў. Сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці, абвешчаны ў краіне, народ будзе галасаваць у тым ліку і за прыняцце адпаведнага артыкула Канстытуцыі...
— Сапраўды, тэмы патрыятызму і гістарычнай памяці, замацаваныя ў новай рэдакцыі Асноўнага Закона дзяржавы, знайшлі, бадай, самы жывы і маштабны водгук у людзей. Яны разумеюць, навошта гэта Беларусі. Разумеюць, што гэта духоўны і маральны фундамент нашага грамадства, пераемнасць пакаленняў. Гэта і ёсць наш Генетычны Код! І тое, што дзяржава сёння моцная сваімі каранёвымі традыцыямі, заканамерна замацоўваецца праз галоўны закон. І вельмі важна, каб праекты, што плануюцца выканаўчай уладай на ўзроўні аддзелаў культуры, у маім разуменні, абапіраліся ў тым ліку і на мясцовых краязнаўцаў, на людзей, якія доўгія гады і сваёй прафесійнай дзейнасці, і грамадскай у тым ліку аддавалі на карысць Бацькаўшчыны, уздымаючы дасюль невядомыя пласты гісторыі Барысаўскага краю. Мы з маімі землякамі на сустрэчы ў бібліятэцы імя Каладзеева абмяркоўвалі тэму развіцця і ўзмацнення патрыятычнага турызму з пункту гледжання прынамсі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Так, ёсць брэнд “Барысаў і 1812 год”, але не менш яркая старонка ўпісана ў гераічнае мінулае барысаўчанамі ў векапомныя падзеі 1941-1945 гадоў. Не менш важкі ўнёсак Барысаўшчыны і ў працоўную скарбніцу роднай Беларусі. Сам горад Барысаў — буйны прамысловы цэнтр, а таму вельмі важна адлюстроўваць і гэтую тэму ў турыстычных маршрутах.
— А праекцыя на будучыню культурнай сферы рэгіёна, ці абмяркоўваўся гэты аспект у рэчышчы вашых з барысаўчанамі “дыялогавых пляцовак”? Як задзейнічаны ўстановы культуры рэгіёна ў падрыхтоўцы да рэферэндуму?
— Што тычыцца сферы культуры. Мне вельмі імпануе, што аб’яднаная бібліятэка стала сапраўдным цэнтрам культуры ўсяго нашага Барысаўскага раёна. Тут развіваецца не толькі менавіта бібіліятэчная дзейнасць, а і галерэйная, выставачная для школ мастацтваў, прэзентацыйная для новых праектаў, тэматычных экспазіцый. Таму, канешне ж, яе далучанасць і да важнейшай грамадска-палітычнай кампаніі краіны — яскравае сведчанне прызнання гэтай ідэалагічнай пляцоўкі. Сёння ў залежнасці ад колькасці насельніцтва дзесьці ўчасткі па галасаванні на маючым адбыцца рэферэндуме размешчаны ў дамах культуры, у школах, дзесьці — аб’яднаныя, але, ва ўсякім разе, па супрацоўніках сферы культуры, настаўніках сельскіх школ, супрацоўніках аграрных прадпрыемстваў можна ў цэлым сказаць, што іх настрой — гэта барометр настрою ў дзяржаве.
— Які ён паводле вашых назіранняў?
— На мой погляд, настрой у людзей спакойны, упэўнены ў тым, што мы на правільным шляху, што на гэтым этапе абавязкова павінны сказаць сваё слова ў падтрымку абноўленай Канстытуцыі, а тым самым акрэсліць сацыяльны курс развіцця дзяржавы, надаць новы імпульс усім сферам жыцця грамадства. Як у сферы дзяржаўнага кіравання, у сферы заканатворчасці, так і ў сферы прававой. Я тлумачу людзям, што верхавенства Канстытуцыі — гэта не проста словы, а яшчэ і магчымасць кожнага грамадзяніна, калі будзе такая неабходнасць, і пры вычарпанасці ўсіх іншых сродкаў, звяртацца па абарону сваіх правоў і інтарэсаў нават у Канстытуцыйны суд. Але што б я яшчэ хацела абавязкова падкрэсліць. Усё закладзенае ў змены і дапаўненні нашай Канстытуцыі ў значнай ступені, калі можна коратка ахарактарызаваць, гэта і ёсць тыя асноўныя пастулаты нацыянальнай ідэі і беларускай мадэлі развіцця.
— Што мы пад гэтым сёння разумеем?
— Разумеем, што гэта — народаўладдзе, і ў асобе Усебеларускага народнага сходу як вышэйшага прадстаўнічага органа мы гэтую форму замацоўваем, развіваем. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, і не толькі на постсавецкай прасторы, але найперш — вектар, курс развіцця краіны, тое, што апраўдала сябе ў няпростыя гады стварэння суверэннай Беларусі. Зноў жа, без чаго ўжо не ўяўляе сябе Беларусь? Без эфектыўнай, адказнай сацыяльнай дзяржавы з сацыяльнымі гарантыямі і сацыяльнай справядлівасцю. І апошняе, пра што скажу. Наша самабытнасць, традыцыйныя каштоўнасці... Яны, вядома ж, магутны пласт беларускай нацыянальнай культуры, нашых вытокаў, нашага жыццядайнага культурнага кода, які і фарміруе генетычны код народа і нацыі. І вось гэта нам трэба зберагаць, выхоўваючы чалавека-грамадзяніна, адказнага за сваю сям’ю і за сваю краіну.