Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы: “Культура — гэта аснова самабытнасці і крыніца духоўнасці нацыі. Яна ўвасабляе ўнікальныя традыцыі беларускага народа. Яе стваральная сіла аб’ядноўвае грамадства, абуджае ў людзей самыя добрыя, светлыя думкі і пачуцці”.
Падчас нашага сённяшняга пасяджэння мы павінны ацаніць, ці дастаткова мы зрабілі ў мінулым, 2021 годзе, каб узняць аўтарытэт культуры на такі высокі ўзровень.
КАДРАВАЯ ПАЛІТЫКА
Забяспечанасць кадрамі арганізацый сферы культуры складае ў сярэднім 96%. Колькасць вакансій на канец года складала 4,5% ад агульнай штатнай колькасці. Найменшая колькасць вакансій — ва ўстановах адукацыі, найбольшая — у клубных і тэатральна-відовішчных арганізацыях.
За апошнія тры гады ва ўстановы культуры рэспублікі былі накіраваны па размеркаванні 2367 выпускнікоў. Цяпер у сярэднім 45% выпускнікоў працягваюць працаваць на прадастаўленых ім месцах пасля заканчэння адпрацоўкі па размеркаванні. У мэтах павышэння ўдзельнай вагі такіх спецыялістаў рэгіёнам неабходна больш шырока выкарыстоўваць магчымасці мэтавай падрыхтоўкі кадраў з ліку мясцовых жыхароў.
У 2021 годзе асаблівая ўвага была нададзеная рабоце з кіроўчымі кадрамі. Ажыццяўляецца паступовае амаладжэнне іх кадравага складу. Так, сярэдні ўзрост назначаных у 2020—2021 годзе кіраўнікоў арганізацый — 42-43 гады. Павышаныя патрабаванні з кіраўнікоў не толькі за выкананне эканамічных паказчыкаў, але і за дысцыпліну і маральны клімат у калектыве.
Разам з тым з прызначаных у 2021 годзе кіраўнікоў арганізацый былі ў рэзерве кадраў 56%. Самы высокі паказчык у г.Мінску — 63%, самы нізкі ў Мінскай вобласці — 30%. Гэтыя лічбы сведчаць аб недастаткова высокай эфектыўнасці фарміравання і падрыхтоўкі кадравага рэзерву.
У сувязі з гэтым Міністэрству культуры, начальнікам упраўленняў культуры абласцей і г.Мінска неабходна арганізаваць семінары, якія пастаянна дзейнічаюць, для “рэзервістаў” з мэтай падрыхтоўкі рэальных кандыдатаў на кіруючыя пасады.
Мэтам умацавання дысцыпліны і аздараўлення маральна-псіхалагічнага клімату ў калектывах закліканае служыць зацвярджэнне ў кожнай арганізацыі Кодэкса гонару работнікаў культуры.
ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАННЕ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Галоўным вынікам работы па ўдасканаленні прававога рэгулявання сферы культуры стала завяршэнне работы над законапраектам, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры.
Новы закон уступіць у сілу з 2023 года. Міністэрства ўжо прымае неабходныя меры для таго, каб укараненне новых норм Кодэкса было максімальна зручным для рэгіёнаў і арганізацый.
Напрыклад, у мэтах забеспячэння перадачы на ўзровень рэгіёнаў паўнамоцтваў, якія датычаць вытворчасці работ на аб'ектах гісторыка-культурных каштоўнасцях трэцяй катэгорыі, у 2022 годзе будзе дадатковае павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з абласцей і раёнаў з павелічэннем колькасці навучэнцаў у тры разы (з 25 да 75 чалавек).
САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць.
На працягу шэрагу гадоў перавыконваецца ўстаноўлены дзяржаўны сацыяльны стандарт у частцы расходаў на культуру ў разліку на аднаго чалавека. У 2021 годзе расходы склалі 2 базавыя велічыні пры нарматыве 1,5 базавай велічыні.
У мэтах збалансаванасці фінансавання ў сферы культуры паміж бюджэтам і ўласнымі сродкамі выніковай калегіяй на 2021 год быў даведзены паказчык росту аб’ёму пазабюджэтных (уласных) даходаў не менш як на 7,5 працэнта ў параўнанні з 2020 годам.
Рашэнне выніковай калегіі выканана. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый культуры ў 2021 годзе склалі больш за 145,5 млн рублёў — 138,8 працэнта ад узроўню 2020 года.
Вышэй за сярэдні ўзровень забяспечылі рост даходаў г.Мінск, Брэсцкая і Віцебская вобласці. З арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання найбольш эфектыўна спрацавалі Гомельскі цырк, Брэсцкая крэпасць-герой, Нацыянальны мастацкі музей.
Выканана рашэнне выніковай калегіі аб павелічэнні ў 2021 годзе не менш як на 2% аб’ёму экспарту паслуг. Асноўная ўдзельная вага (89,5%) прыпадае на ўстановы адукацыі — 6,8 млн долараў ЗША з тэмпам росту адносна 2021 г. — 105,7%. Істотна вырас аб’ём экспартных паслуг у Белдзяржфілармоніі, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Сярэднямесячная заработная плата работнікаў культуры за год павялічылася на 13,9% і за студзень-снежань 2021 г. склала 787 рублёў. Разам з тым узровень заработнай платы работнікаў культуры застаецца вельмі нізкім — 54,9% ад сярэдняй заработнай платы па краіне.
У адпаведнасці з Праграмай дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года пастаўлена задача: павысіць памер аплаты працы работнікаў сферы культуры да 80% ад сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы.
У сувязі з гэтым Міністэрствам культуры прынята пастанова, у адпаведнасці з якой з 1 студзеня 2021 г. уведзена новая стымулюючая выплата — надбаўка за спецыфіку работы ў сферы культуры работнікам культурна-асветных арганізацый у памеры 7% ад акладу.
Выніковай калегіяй Міністэрства культуры было прынята рашэнне аб накіраванні ў 2021 годзе на стымулюючыя выплаты работнікам арганізацый культуры пазабюджэтных даходаў на 9% больш, чым у 2020 годзе. У мэтах паэтапнага павелічэння заработнай платы прынята рашэнне аб выдзяленні арганізацыям сферы культуры дадаткова 36,9 млн рублёў, у сувязі з чым з 1 студзеня 2022 г. устаноўлена надбаўка за працу ў галіне ў памеры 16% ад акладу.
Адной з важных задач па-ранейшаму будзе заставацца павелічэнне на 9% аб’ёму пазабюджэтных (уласных) даходаў, што накіроўваюцца на стымулюючыя выплаты работнікам сферы культуры.
ПРАФЕСІЙНАЕ МАСТАЦТВА
У Год народнага адзінства годзе Міністэрствам культуры праведзена 55 дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў, што на 30% больш у параўнанні з папярэднім годам.
Шырокае грамадскае прызнанне атрымалі форум “Сімвал Адзінства”, гала-канцэрт для дэлегатаў і гасцей шостага Усебеларускага народнага сходу, рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), XXX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Нацыянальны конкурс прыгажосці “Міс Беларусь”, канцэртныя праграмы да дзяржаўных свят і памятных дат, міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі.
Адбор творчых канцэпцый мерапрыемстваў ажыццяўляўся на конкурснай аснове, у іх правядзенні бралі актыўны ўдзел маладыя рэжысёры, у канцэртных праграмах выступілі 37 маладых салістаў — лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.
Курс на шырокае прыцягненне творчай моладзі да правядзення знакавых культурных праектаў у жыцці краіны будзе працягнуты ў 2022 годзе.
Тэатрамі рэспубліканскай і камунальнай форм уласнасці забяспечана перавыкананне паказчыкаў па колькасці праведзеных мерапрыемстваў і ўласных даходаў.
Аднак тэатрамі не выкананы планавы паказчык па колькасці гледачоў. У тэатрах рэспубліканскай формы ўласнасці выкананне гэтага паказчыка склала 76 працэнтаў, камунальнай — 88 працэнтаў.
Негатыўны ўплыў тут аказалі як абмежаванні па 50-працэнтнай запаўняльнасці залаў, якія мелі месца, так і пралікі ў фарміраванні рэпертуарнай палітыкі, невыкананне планаў па пастаноўках прэм’ерных спектакляў, слабое выкарыстанне магчымасцей рэкламы ў сетцы Інтэрнэт.
Спадзяюся, усе работнікі тэатраў зрабілі належныя высновы і такое не паўторыцца ў 2022 годзе.
Тым больш у нашых тэатрах нямала прыкладаў эфектыўнай працы, на якія трэба раўняцца астатнім. Сярод тэатраў рэспубліканскай формы ўласнасці найбольш паспяховымі сталі Маладзёжны тэатр эстрады, тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, сярод рэгіянальных — тэатры Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай абласцей.
Разам з тым у аўтсайдарах аказаліся Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага і тэатры Гродзенскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей і горада Мінска, кіраўнікам якіх у 2022 годзе неабходна прыняць меры па прыцягненні гледача і нарошчванні ўласных даходаў.
Канцэртнымі арганізацыямі рэспубліканскай формы ўласнасці ў цэлым забяспечана выкананне ўсіх планавых паказчыкаў. Станоўчым прыкладам могуць служыць Беларуская дзяржаўная філармонія і Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, якія перавыканалі даведзеныя планы.
Сярод адстаючых — Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі і Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, якія не выканалі план па ўласных даходах.
Канцэртнымі арганізацыямі камунальнай формы ўласнасці забяспечана выкананне ўсіх планавых паказчыкаў, за выключэннем паказчыка па колькасці мерапрыемстваў, які склаў 87% ад плана.
Найбольш паспяховыя вынікі працы паказалі канцэртныя арганізацыі Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Сярод адстаючых аказаліся арганізацыі Брэсцкай, Гродзенскай абласцей і горада Мінска.
Сярод асноўных прычын невыканання даведзеных планаў — слабая работа па абнаўленні рэпертуару калектываў, папаўненні прэм’ернымі канцэртнымі праграмамі і неэфектыўная арганізацыя гастрольнай дзейнасці, у першую чаргу за мяжой.
Большай увагі патрабуюць пытанні развіцця і падтрымкі выяўленчага мастацтва ў рэгіёнах. Не выканалі рашэнне выніковай калегіі аб закупцы не менш як 15 твораў сваіх землякоў для мясцовых музеяў Брэсцкі і Магілёўскі аблвыканкамы. У 2022 годзе гэтае даручэнне павінна быць выканана ўсімі рэгіёнамі.
У пачатку 2022 года Урадам зацверджана новая рэдакцыя Палажэння аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якая дасць магчымасць навесці парадак у пытаннях адбору эскізных праектаў, стварэння і ўстаноўкі твораў.
У мэтах рацыянальнага планавання гэтай работы ў рэгіёнах у 2022 годзе неабходна правесці інвентарызацыю твораў манументальнага мастацтва і скласці зводны пералік па рэгіёнах.
Больш уважлівага і неабыякавага стаўлення патрабуе арганізацыя работы па вылучэнні таленавітай моладзі на заахвочванні спецыяльнага фонду Кіраўніка дзяржавы. Асабістую адказнасць за гэтую работу павінны несці кіраўнікі ўстаноў адукацыі, культуры і начальнікі ўпраўленняў культуры і супрацоўнікі Міністэрства культуры.
АДУКАЦЫЯ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Кантынгент навучэнцаў у дзіцячых школах мастацтваў склаў больш за 115,4 тысячы навучэнцаў, або 11,4% навучэнцаў школьнага ўзросту краіны, што на 860 навучэнцаў менш, чым у 2020 годзе.
Праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі асвойвалі амаль 5 тысяч чалавек, вышэйшай — больш за 4,5 тысячы.
Усе 3 установы вышэйшай адукацыі ў сферы культуры выканалі кантрольныя лічбы прыёму. З 19 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі выкананне гэтага паказчыка не было забяспечана толькі ў Віцебскім музычным каледжы імя Салярцінскага. Трэба адзначыць, што ў 2020 годзе ў сістэме адукацыі ў сферы культуры гэты паказчык не выканалі 4 установы. Разам з тым адзначана зніжэнне колькасці навучэнцаў па мэтавым накіраванні.
Усе выпускнікі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія падлягалі размеркаванню, былі забяспечаныя першым працоўным месцам.
У сувязі з абмежаваннямі, выкліканымі эпідэмічнай сітуацыяй, колькасць замежных грамадзян, якія паступілі ва ўстановы адукацыі, у 2021 годзе склала 733 чалавекі і ў параўнанні з 2020 годам скарацілася на 129 навучэнцаў. Разам з тым экспарт паслуг у галіне адукацыі ў сферы культуры ў 2021 годзе павялічыўся на 105,7% і склаў 6,8 млн долараў ЗША.
Самым слабым месцам у сістэме адукацыі ў сферы культуры застаюцца перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў. У такіх адукацыйных паслугах маюць патрэбу каля 2 тысяч работнікаў галіны.
Патрабуюцца перагляд і абнаўленне праграм павышэння кваліфікацыі з улікам новых тэндэнцый у развіцці эканомікі, дасягненняў работы ўстаноў культуры, больш шырокае прыцягненне да выкладання лепшых спецыялістаў-практыкаў арганізацый культуры. Пытанне архіважнае.
Вектарам, які вызначае напрамак ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, з’яўляецца Год гістарычнай памяці. Праца з дзецьмі і моладдзю павінна забяспечыць фарміраванне патрыётаў сваёй краіны, адказных людзей з канструктыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
КУЛЬТУРНА-АСВЕТНІЦКІЯ ЎСТАНОВЫ
Сетка культурна-асветніцкіх устаноў у 2021 годзе скарацілася на 131 арганізацыю. Работа па ўдасканаленні сеткі будзе прадоўжана і ў 2022 годзе шляхам пераходу на нестацыянарныя формы абслугоўвання і стварэння ўстаноў змешанага тыпу ў населеных пунктах з малой колькасцю жыхароў.
Праведзеная аптымізацыя не аказала негатыўнага ўплыву на якасць і даступнасць паслуг устаноў культуры. Разам з тым у шэрагу раёнаў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абласцей у 2022 годзе неабходна аператыўна вырашыць задачу ўкаранення мабільных форм культурнага абслугоўвання грамадзян.
Устаноўлены паказчык па колькасці наведванняў музеяў, бібліятэк і клубаў выкананы на 140, 115, 107 працэнтаў ад плана адпаведна.
Гэтаму садзейнічала павелічэнне колькасці праведзеных выстаў, экскурсій, культурна-адукацыйных мерапрыемстваў у музеях на 24,6%; мерапрыемстваў, якія праводзяцца клубнымі ўстановамі, на 11% да ўзроўню 2020 года, укараненне новых інтэрактыўных форм работ; адкрыццё новых экспазіцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, музеяў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.
Агульная колькасць наведванняў бібліятэк склала 30 823 554 наведванні, ці 3297 наведванняў на 1000 чалавек насельніцтва, пры плане 2854.
Жыхарам маланаселеных вёсак прапануюцца паслугі 106 бібліобусаў. Разам з тым у 13 раёнах Віцебскай, Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей бібліобусы адсутнічаюць, што негатыўна ўплывае на даступнасць паслуг бібліятэк насельніцтву.
У мэтах фарміравання адзінай электроннай базы дзяржаўнага кніжнага фонду “Электронная бібліятэка” ствараюцца цэнтры па аблічбоўцы ў абласных бібліятэках усіх рэгіёнаў. У 2021 годзе абсталяванне набыта Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцямі. У 2022 годзе гэтая работа будзе прадо-
ўжана ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.
Адной з асноўных праблем развіцця бібліятэк у 2021 годзе з’явілася невыкананне даручэння Кіраўніка дзяржавы па накіраванні на камплектаванне фондаў публічных бібліятэк не менш як 12% ад сумы, прадугледжанай на іх змест. Па выніках года гэты паказчык па краіне склаў 11,9% з прычыны невыканання нарматыву Віцебскай вобласцю (11,9%) і другі год запар Магілёўскай вобласцю (7,2%).
У 2022 годзе запланаваная рэалізацыя пілотнага праекта фінансавання бібліятэк з прымяненнем нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аказанне паслуг у разліку на адну тысячу чалавек, якая дасць магчымасць устанавіць прамую залежнасць паміж аб’ёмам выдзяляемых бібліятэцы сродкаў і колькасцю абслугоўваемых ёю чытачоў і павысіць эфектыўнасць яе работы.
У клубных установах разам з павелічэннем колькасці мерапрыемстваў і колькасці наведванняў мерапрыемстваў у параўнанні з 2020 годам назіраецца змяншэнне колькасці клубных фарміраванняў на 511 фарміраванняў і іх удзельнікаў на 2111 чалавек. Ахоп насельніцтва клубнымі фарміраваннямі складае 2,9% пры плане 3% ад агульнай колькасці жыхароў краіны. Сярод адстаючых — клубы Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей.
У цэлым у 2022 годзе змест работы ўсіх культурна-асветных арганізацый вызначаецца тэматыкай Года гістарычнай памяці. Ва ўсіх музеях ствараюцца экспазіцыі, прысвечаныя ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у бібліятэках і клубах праводзяцца мерапрыемствы гісторыка-краязнаўчай і патрыятычнай тэматыкі, а таксама на прышчапленне агульначалавечых каштоўнасцей.
КІНЕМАТАГРАФІЯ
У 2021 годзе работа кінагаліны была нацэленая на рэалізацыю падыходаў, закладзеных ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб развіцці кінематаграфіі”, што дало магчымасць забяспечыць рост эканамічных паказчыкаў кінавытворчасцей.
Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” пагасіла запазычанасці і па выніках года выйшла на станоўчыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці.
Кінастудыяй і недзяржаўнымі вытворцамі завершана вытворчасць 20 фільмаў, у тым ліку 4 мастацкіх, 11 дакументальных і 5 анімацыйных кінастужак.
У дзяржаўных кінапракатных арганізацыях у параўнанні з 2021 годам выраслі паказчыкі па колькасці гледачоў і ўласных даходах. Кінатэатры краіны наведалі 4396,5 тыс. чалавек, што на 910,3 тыс. чалавек больш, чым у 2020 годзе. Усяго кінавідовішчнымі і кінапракатнымі арганізацыямі ў 2021 годзе былі аказаны паслугі на суму 30756,2 тыс. рублёў, што на 13312,13 больш, чым у 2020 годзе.
Міністэрствам культуры і Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” было адноўлена правядзенне Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.
Дзякуючы прыцягненню да работы новай творчай каманды ў фестывалі прыняла ўдзел рэкордная колькасць краін — 54, пашырылася геаграфія ўдзельнікаў за кошт уключэння ў праграму работ кінематаграфістаў СНД, Азіі, Афрыкі, якія раней практычна не былі прадстаўлены на фестывалі. Упершыню за апошнія гады фестывальныя паказы адбыліся не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
У 2022 годзе да вытворчасці рыхтуецца разнастайная па сваім тэматычным і жанравым напаўненні кінапрадукцыя. Вядзецца сумесная вытворчасць трох мастацкіх фільмаў сумесна з Расійскай Федэрацыяй, кінапраект аб Вялікай Айчыннай вайне рэалізуецца сумесна з Узбекістанам.
АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ
У 2021 годзе Міністэрствам культуры і органамі кіравання культурай у рэгіёнах была працягнутая праца па выяўленні, захаванні і папулярызацыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся 18 новымі аб’ектамі. Найбольш актыўна работа па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці летась праводзілася ў Гродзенскай вобласці, найменш актыўна — у Гомельскай вобласці і г. Мінску.
Адрэстаўраваны 83 гісторыка-культурныя каштоўнасці. Агульны аб’ём накіраваных на гэтыя мэты сродкаў склаў больш за 79 млн рублёў, у тым ліку сродкаў рэспубліканскага бюджэту — 40,7 млн рублёў.
Сярод найбольш знакавых аб’ектаў, уведзеных у эксплуатацыю ў 2021 годзе, можна адзначыць завяршэнне пускавых комплексаў у Крэўскім, Навагрудскім замках, у Старым замку ў г. Гродна, Косаўскім палацы, крыпты касцёла Божага Цела ў г. Нясвіжы, будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску і інш.
З фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелена 1,4 мільёна рублёў на аднаўленне Гальшанскага замка, аб’ектаў сядзібы Агінскіх у аграгарадку Залессе, капліцы ў вёсцы Заказель Драгічынскага раёна, будынкі музея ў горадзе Лепелі.
Актуальнай задачай на найбліжэйшую перспектыву застаецца павелічэнне колькасці адрэстаўраваных і прыстасаваных пад сучасныя патрэбы помнікаў архітэктуры.
Сёння ў краіне налічваецца больш за 300 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў нездавальняючым стане. На 70% гісторыка-культурных каштоўнасцей адсутнічаюць зацверджаныя праекты зон аховы.
Значныя недахопы ў рабоце з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі былі адзначаны па выніках праверкі, праведзенай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. У 2022 годзе ўсе выказаныя заўвагі будуць выпраўлены і далейшая работа па ахове гісторыка-культурнай спадчыны арганізавана на новым якасным узроўні.
МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ
У 2021 годзе Міністэрствам культуры і органамі кіравання культурай у рэгіёнах забяспечана выкананне планаў па рэканструкцыі, капітальным і бягучым рамонце аб’ектаў культуры, набыцці абсталявання і музычных інструментаў.
Грашовыя сродкі, выдзеленыя ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў аб’ёме 15 млн рублёў, асвоены ў 2021 годзе ў поўным аб’ёме. Уведзены ў эксплуатацыю: першы і чацвёрты пускавыя комплексы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь; трэцяя чарга аб’екта “Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй касцёла Божага Цела ў г. Нясвіжы” — крыпта; чацвёрты пускавы комплекс аб’екта “Помнік архітэктуры XIX стагоддзя. Косаўскі палацава-паркавы ансамбль”.
Выкананы капітальны рамонт на 14 аб’ектах культуры і бягучы рамонт на 27 аб’ектах на агульную суму 5,8 млн рублёў.
На набыццё музычных інструментаў і абсталявання выдзелена і асвоена ў 2021 годзе больш як 6 млн рублёў. Закуплена 1344 адзінкі інструментаў (157% ад плана), адрамантавана 709 адзінак інструментаў (193% ад плана).
У 2022 годзе на працяг будаўніцтва 9 аб’ектаў выдзелены сродкі рэспубліканскага бюджэту ў аб’ёме 13 162,9 тыс. рублёў, на капітальны рамонт 17 аб’ектаў прадугледжана 4201,3 тыс. рублёў, на бягучы рамонт 22 устаноў культуры — 2 359,1 тыс. рублёў.
МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА
У 2021 годзе прайшлі Дні культуры Беларусі ў Казахстане і ў Прыморскім краі Расійскай Федэрацыі, а таксама Дні культуры Таджыкістана ў Беларусі. Адбыўся шэраг знакавых мерапрыемстваў у рамках 30-годдзя ўтварэння СНД. Сярод іх — 36-е пасяджэнне Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД пад старшынствам Рэспублікі Беларусь, Міжнародная выстаўка “ART EXPO” дзяржаў — удзельніц СНД у г.Барысаве і іншыя.
Важным напрамкам нашай работы з’яўляецца актыўнае ўзаемадзеянне з грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў замежжа, якія цяпер налічваюць 207 арганізацый.
У рамках правядзення Дзён беларускай культуры ў Рэспубліцы Казахстан у кастрычніку 2021 года адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай дыяспары Казахстана з гарадоў Нур-Султан, Караганда, Паўладар.
У лістападзе 30 кіраўнікоў замежных беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці з 7 краін прайшлі стажыроўку ва ўстановах культуры.
У 2022 годзе Міністэрствам культуры запланавана правядзенне абменных Дзён культуры з Расійскай Федэрацыяй, шэрагам дзяржаў СНД, Кітайскай Народнай Рэспублікай (у анлайн-фармаце), арганізацыя ў новым фармаце Фестывалю нацыянальных культур, у якім прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа. Сёння гэтая ініцыятыва ўжо выклікала станоўчы рэзананс у дыяспарах.
Інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці сферы культуры
Наколькі важная своечасова пададзеная інфармацыя, правільна выбудаваная інфармацыйная палітыка, далі зразумець падзеі апошніх гадоў.
Сёння відавочная запатрабаванасць грамадства да аператыўнага прадастаўлення інфармацыі, аб чым сведчыць цікавасць да тэлеграм-канала міністэрства. Толькі за апошні месяц колькасць ягоных падпісчыкаў павялічылася на 9%. Важна працягваць і падвышаць эфектыўнасць працы ў інфармацыйным полі.
Паважаныя члены калегіі і запрошаныя!
У 2022 годзе мы ставім перад галіной культуры важныя і адказныя задачы, якія будуць садзейнічаць паспяховай рэалізацыі мэт правядзення Года гістарычнай памяці, росту эканамічных паказчыкаў дзейнасці арганізацый культуры і даходаў работнікаў, павышэнню аўтарытэту і прэстыжу нацыянальнай культуры ў Беларусі і за мяжой.
У галіне кадравай работы:
забяспечыць рэалізацыю планаў мерапрыемстваў па фарміраванні дзейснага рэзерву кадраў, не дапускаць назначэння на пасады кіраўнікоў работнікаў, раней звольненых па дыскрэдытуючых абставінах;
прыняць у дзяржаўных арганізацыях культуры Кодэкс гонару працаўнікоў культуры.
У галіне прававога рэгулявання сферы культуры:
прыняць Закон аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры.
У галіне сацыяльна-эканамічнага развіцця культуры:
павялічыць не менш чым на 7,5% аб’ём пазабюджэтных (уласных) даходаў;
забяспечыць рост не менш чым на 2% аб’ёму экспарту паслуг арганізацыямі, падпарадкаванымі Міністэрству культуры;
забяспечыць павелічэнне не менш чым на 9% аб’ёму пазабюджэтных (уласных) даходаў, якiя накiроўваюцца на стымулюючыя выплаты работнікам арганізацый культуры.
У галіне прафесійнага мастацтва:
прыцягваць да правядзення дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў маладых рэжысёраў (не менш за два за год) і прадстаўнікоў таленавітай моладзі — пераможцаў міжнародных, нацыянальных, рэгіянальных конкурсаў і фестываляў (не менш за 30 за год);
ажыццявіць пераход дзяржаўных тэатраў на новы механізм бюджэтнага фінансавання;
правесці інвентарызацыю твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, устаноўленых у Рэспубліцы Беларусь, і сфарміраваць рэспубліканскі пералік гэтых твораў.
У галіне адукацыі:
сумесна з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам, арганізацыямі — заказчыкамі кадраў прыняць меры па павелічэнні навучэнцаў па мэтавым накіраванні;
адкрыць групы для навучання па адукацыйных праграмах павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў, работнікаў клубных арганізацый, метадычных цэнтраў народнай творчасці, тэатральна-відовішчных арганізацый, спецыялістаў, адказных за ахову гісторыка-культурнай спадчыны;
забяспечыць рост колькасці навучэнцаў — замежных грамадзян ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі;
у мэтах павелічэння экспарту адукацыйных паслуг актывізаваць работу па папулярызацыі беларускай адукацыі за мяжой, у першую чаргу ў краінах СНД, павышэнні яе канкурэнтаздольнасці.
У галіне культурна-асветніцкай работы:
правесці рэарганізацыю ўстаноў культуры шляхам стварэння ўстаноў змешанага тыпу зыходзячы з колькасці жыхароў населеных пунктаў;
рэалізаваць пілотны праект фінансавання бібліятэк з прымяненнем нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аказанне паслуг у разліку на адну тысячу чалавек, якія жывуць на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі;
стварыць рэгіянальныя цэнтры на базе абласных бібліятэк па аблічбоўцы бібліятэчных дакументаў, аснасціўшы іх неабходным абсталяваннем і праграмным забеспячэннем.
У галіне кінематаграфіі:
забяспечыць нарошчванне сумеснай вытворчасці фільмаў з Расійскай Федэрацыяй, Узбекістанам, Казахстанам;
пашырыць рынкі збыту беларускай фільмапрадукцыі за кошт краін СНД, Кітайскай Народнай Рэспублікі і іншых дзяржаў азіяцкага рэгіёна;
у мэтах прыцягнення таленавітай моладзі да вытворчасці фільмаў правесці конкурс кінапраектаў сярод маладых кінематаграфістаў з правядзеннем па яго выніках маладзёжнага кінафестывалю.
У галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны:
правесці ў 2022 годзе маніторынг стану нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;
распрацаваць і рэалізаваць планы мерапрыемстваў на перыяд да 2025 года па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей пакрокавымі дзеяннямі па кожным аб’екце, які знаходзіцца ў нездавальняючым стане;
распрацаваць і рэалізаваць планы кіравання Мірскім і Нясвіжскім замкамі як аб’ектамі ЮНЕСКА.
У галіне капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння галіны культуры:
забяспечыць кантроль за ходам будаўніцтва і выкананнем графікаў вытворчасці работ на аб’ектах культуры;
у першачарговым парадку накіроўваць сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў на фінансаванне ўводных аб’ектаў, а таксама аб’ектаў, якія маюць высокую ступень будаўнічай гатоўнасці;
у тэрмін да 20 снежня 2022 года ўвесці ў эксплуатацыю аб’екты: Косаўскі палацава-паркавы ансамбль і комплекс былога калегіума езуітаў у в. Юравічы;
Міністэрству культуры сумесна з Міністэрствамі эканомікі і фінансаў прапрацаваць пытанне выдзялення дадатковых сродкаў на завяршэнне работы ў галоўным корпусе палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы з мэтай уводу яго ў эксплуатацыю ў 2022 годзе;
Віцебскаму аблвыканкаму да 1 чэрвеня 2022 г. завяршыць капітальны рамонт Палаца культуры ў горадзе Барань Аршанскага раёна.
У галіне міжнароднага супрацоўніцтва:
у мэтах прасоўвання беларускай культуры забяспечыць стварэнне і размяшчэнне на сайтах арганізацый культуры анлайн-версій мерапрыемстваў з субцітрамі на англійскай і кітайскай мовах, удзел у міжнародных анлайн-фестывалях і конкурсах;
сумесна з Міністэрствам замежных спраў аказваць дапамогу арганізацыям культуры Рэспублікі Беларусь ва ўстанаўленні прамых кантактаў з замежнымі партнёрамі для арганізацыі гастроляў, прыцягнення замежнай бязвыплатнай дапамогі для рэалізацыі культурных праектаў;
для фарміравання станоўчага іміджу дзяржавы забяспечваць выступленні канструктыўна настроеных прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой у сродках масавай інфармацыі ў сувязі з важнымі падзеямі ўнутранага і міжнароднага жыцця Рэспублікі Беларусь.
Завяршаючы свой даклад, хачу падзякаваць кожнаму з вас і выказаць надзею на прадуктыўную працу ў далейшым.