— Як вам пашчасціла стаць аўтарам твора для Павільёна Беларусі на Expo ў Дубаі?
— Гісторыя пачалася, можна сказаць, з маёй першай персанальнай выставы “Паляроіды” ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва — было гэта ўвесну 19-га года. А якраз тады аргкамітэт беларускага павільёна на Expo шукаў творчыя праекты, каб напоўніць імі аб’ект, і звярнуўся ў нашу Акадэмію мастацтваў. Там ім параілі наведаць тры выставы, якія ў той час праходзілі: кафедры прамысловага дызайну з работамі ў галіне дызайну транспарту, кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і маю персанальную. Забягаючы наперад, скажу, што ў выніку ў Дубаі выстаўлены і цэлы блок дыпломных работ выпускнікоў акадэміі па спецыяльнасці транспартнага дызайну. На той момант не было ніякай канкрэтнай інфармацыі — проста на маю выставу прыйшлі дырэктар Павільёна Беларусі Святлана Яшэнка з Нацыянальнага цэнтра маркетынгу разам з праектным менеджарам з боку швейцарскага падрадчыка Гёкханам Йылмазам. І я памятаю, як Гёкхан, убачыўшы мае тэкстыльныя скульптуры, адразу імі зацікавіўся і нават сказаў нешта накшталт таго, што “якраз гэта нам і трэба”. А праз пару месяцаў мне патэлефанавала Святлана Яшэнка і прапанавала стварыць для Expo “дрэва ў духу таго, што вы робіце, толькі вышынёй 10 метраў”!
— Я так разумею, што ідэя менавіта дрэва ўжо існавала, бо тэма беларускага павільёна — “Лес тэхналогій будучыні”…
— Калі мне далі рэндары — макеты ў лічбавым фармаце, — якраз на тым месцы, дзе цяпер стаіць Дрэва пазнання, было пазначана нейкае ўмоўнае дрэва. Праўду сказаць, ад тых першапачатковых макетаў і няшмат засталося, цяпер многае выглядае інакш. Мне далі ўсе параметры, расказалі канцэпцыю: што гэта будзе так званая Wow-зона, што наведнік спачатку пройдзецца па іншых памяшканнях, і напрыканцы ўжо, праз калідор з мастацкімі фотаздымкамі, трапіць у Wow-зону — і зойдзе ён на ўзроўні кроны Дрэва, а потым па галерэях спусціцца ўніз, да яго каранёў. А яшчэ на першай жа рабочай сустрэчы Гёкхан сказаў, што яму хочацца, каб Дрэва было ў тых жа колерах, як і мая скульптура “Стварэнне Евы”, якую ён бачыў на выстаўцы.
І вось жа якое супадзенне, як сышліся зоркі — гэтай скульптуры на выставе “Паляроіды” не павінна было быць! Я яе рабіла для конкурсу ў Расіі, але ў апошні момант для экспазіцыі не хапала яшчэ аднаго твора, і я папрасілася выслаць работу крыху пазней, каб спачатку выставіць яе ў Мінску. Так прадстаўнікі Expo і змаглі яе ўбачыць, і яна дала штуршок стварэнню Дрэва пазнання. Колеры адны і тыя ж: блакітны і цёмна-ружовы, каралавы. І якраз тады я толькі пачала працаваць з біблейскай тэматыкай, а тут услед за “Евай” мне прапанавалі і Дрэва пазнання…
— Здагадваюся, што працэс стварэння быў вельмі працаёмкім, але ж “пашанцавала”, што Expo-2020 праз каранавірус перанеслі на 2021-ы…
— Думаю, мы паспелі б і так, проста, можа, не настолькі дасканала ўсё атрымалася б. А працы сапраўды было многа. Я ж спачатку планавала ўсю гэтую верхнюю частку з лісцем зрабіць як інсталяцыю, падвешаную да столі: асобна ствол на падлозе, асобна — крона над ім. Аднак архітэктары павільёна сказалі, што столь на гэта не была разлічаная і проста не вытрымае. Такім чынам, задача моцна ўскладнілася — патрэбна была самастаячая канструкцыя. І тады я звярнулася да скульптара Аляксандра Дранца, у якога ёсць вялікі вопыт працы з металам і з манументальнымі канструкцыямі. І вось яшчэ адно супадзенне, рука лёсу — пазнаёміліся мы з ім якраз на адкрыцці выставы “Паляроіды”. Потым наступнае пытанне — а дзе працаваць з такімі вялізнымі памерамі, калі вышыня скульптуры пад 10 метраў і дыяметр большы за 5 метраў? Належнай майстэрні і не знойдзеш. Так мы звярнуліся на скульптурны камбінат Саюза мастакоў. Дарэчы, калі расказалі там пра нашу ідэю, усе спачатку былі ў шоку — а як такое стварыць? Частку каркаса мы зрабілі з дапамогай Юрыя Уласіка, які быў нашым асістэнтам па метале.
— Вы змаглі сабраць Дрэва ў Мінску, пабачылі вынік?
— Не, так не атрымалася. Бо і мантаж складаны — у Дубаі мы тры тыдні з групай індыйскіх рабочых гэтым займаліся, ды й тэкстыль — матэрыял, які лёгка можна запэцкаць, парваць… Усю тэкстыльную частку я рабіла сама, а асістэнтам па тэкстылі была мая мама Людміла Высоцкая. Яна інжынер, як і бацька, але калі я пайшла вучыцца на тэкстыль, дык і сям’і давялося з ім пазнаёміцца. (Смяецца.) Уявіце, што ўсе ніці, з якіх складаецца крона, уручную панавіваныя на металічны дрот, а дроту пайшло чатыры кіламетры! Ворс рабіўся ўжо ў дывановай тэхніцы з розных валокнаў — шарсцяных, паўшарсцяных, акрылавых, іншых: гэтая розніца фактур была істотнай для маёй задумы.
— Пазнаёмце нас з ідэяй гэтага твора, з яго мастацкай канцэпцыяй.
— Калі ў некалькіх словах: сувязь з нашымі каранямі, сувязь мінулага і сапраўднага, рух уверх і далей у будучыню. Апорны ствол з канатаў — як паток энергіі роднай зямлі, Радзімы, што нас сілкуе. Карані ўнізе выкладзеныя таксама канатамі. Блакітны — колер энергіі, колер хуткасці думак, ментальных узаемадзеянняў. А мяккі і цёплы чырвоны колер унутры Дрэва сімвалізуе сям’ю, кроўныя сувязі, любоў. Усё разам атрымліваецца так, што ўверх, фантанам, уздымаецца энергія каранёў, энергія сям’і і наверсе раскрываецца ва ўсе бакі лініямі, як касмічны Сусвет. А цыліндры, што спускаюцца з галін, — гэта і ёсць мы, людзі, плады гэтага дрэва нашай культуры, нашай спадчыны. І ўсе мы звязаныя гэтымі лініямі, і ўсе працуем на адно агульнае дабро.
— Перад Новым годам вы пабывалі ў Дубаі, на ўжо дзейнай выставе, у адкрытым для ўсіх наведнікаў Павільёне Беларусі. Як уражанні? Адчулі гонар за свой твор?
— Яшчэ ўлетку мы ездзілі на мантаж Дрэва і адразу быццам трапілі ў нейкі фантастычны свет — як на Марс прыляцелі! Немагчыма было паверыць, што на месцы гэтай грандыёзнай будоўлі яшчэ нядаўна была пустыня. Туды нават метро праклалі! І на мантажы не толькі мантажнікі-высотнікі працавалі — і я пабыла ў гэтай скуры: дашывала на вышыні, дамацоўвала дэталі. Незабыўнае адчуванне, на ўсё жыццё запомню. І яшчэ тады ўсе, хто там працаваў ці заходзіў паглядзець, моцна здзіўляліся, бо бачылі, што атрымліваецца паўнавартасны і арыгінальны мастацкі твор.
А цяпер я прайшлася па павільёне як звычайны наведнік, разам з усімі. І я так захлыналася ў эмоцыях, што ажно слёзы наварочваліся. Калі пасля інавацыйных залаў, пасля міні-фільма пра адметныя мясціны Беларусі, пасля фотаздымкаў з нашымі лясамі і азёрамі ў выніку трапляеш у Wow-зону, то такі гонар узнікае — што гэта ўсё пра тваю краіну, што ты яе частка! І калі я бачыла Дрэва ўжо з належнай падсветкай, у гатовым інтэр’еры, мне ажно не верылася, што гэта менавіта я два гады над ім працавала, што атрымалася так, як і было задумана, і што колеры — такія, як і хацелася. А я ж сама ўсё фарбавала — 500 кілаграмаў бавоўны. Дрэва важыць больш за тону, у ім безліч дэталяў, і вось тое, што ўсё зраслося, — проста цуд! Я так гэта ўспрымаю.
— А як рэагуюць гледачы? Ці карыстаецца беларускі павільён на Expo папулярнасцю?
— Наведнікаў вельмі многа — па тры тысячы на дзень, а ў выхадныя і па пяць тысяч. Наш павільён, можа, і не самы вялікі, і нейкімі касмічнымі перформансамі не заваблівае, але я лічу, што сваё ён адпрацоўвае, мае свой адметны твар. І я сама магла па некалькі гадзін стаяць ля Дрэва і глядзець на людзей, што прыходзяць, — як яны захапляюцца, здымаюць, робяць сэлфі на фоне Дрэва. Раз-пораз я з кімсьці знаёмілася, дык усе шчыра здзіўляліся, калі даведваліся, што гэта ўсё зрабіла каманда з чатырох чалавек: думалі, што працавала нейкая вялікая кампанія, салідная архітэктурная фірма.
— Для Беларусі гэта, мабыць, унікальны твор, нічога падобнага ў нас раней не рабілі, праўда?
— Можна смела казаць, што гэта самая вялікая тэкстыльная скульптура ў Беларусі. У нас увогуле падобны напрамак новы. Але гэта не проста скульптура, а самастаячая скульптура, якая мае адзін пункт апоры, што робіць яе даволі рэдкай і ў маштабе свету. Бо звычайна вялікія канструкцыі ствараюцца ў выглядзе падвешаных інсталяцый ці нацягнутых рознымі прыстасаваннямі. Пакуль Expo не адкрылася, мне нельга было расказваць пра Дрэва, затое цяпер з усяго свету з прафесійных колаў пішуць — такую вялікую цікавасць яно выклікае.
— Ці маглі вы ўявіць, калі пайшлі вучыцца на тэкстыль у Акадэмію мастацтваў, што праз пэўны час зоймецеся падобнымі эксперыментамі? І як вам удалося так хутка прайсці шлях ад традыцыі да актуальнага, канцэптуальнага мастацтва? Не сакрэт, што да тэкстылю, увогуле да дэкаратыўна-прыкладных відаў некаторыя ставяцца крыху паблажліва.
— Канешне, не магла ўявіць, і тое, што цяпер адбываецца, гэта проста цуд. Пасля школы я ўвогуле збіралася паступаць на ядзерную фізіку, бо была алімпіядніцай па фізіцы, па астраноміі. Але недзе ўнутры ў мяне было жаданне стаць мастаком, хоць спецыяльнай адукацыі я не мела — праўда, і малявала, і вучылася гэтаму. У выніку перамагла мара — я здолела падрыхтавацца і паступіць на тэкстыль, на той момант асабліва яшчэ і не разумеючы, што гэта такое. Цуд цудам, але, мабыць, усё не проста так з’яўляецца — я вельмі ўпартая, я буду працаваць і працаваць, буду прабіваць і прабіваць, буду спаць па тры гадзіны, але зраблю.
Што тычыцца эксперыменту — мне проста адразу вельмі пашчасціла з выкладчыкам: гаворка пра Паўла Пятровіча Бондара, які ў тэкстылі быў эксперыментатарам нумар адзін у Беларусі. Калі б не гэты штуршок ад яго, я і не ведаю, як бы там далей. Пайсці па шляху эксперыменту мне было, мабыць, наканавана. Мне ніколі не падабалася ўспрыманне тэкстылю як нейкага “рукадзелля”, мяне жахліва раздражняла, калі ў акадэміі нашу спецыяльнасць той-сёй называў, і называе, “тряпками”. І ў мяне адразу было імкненне даказаць адваротнае: што гэта высакароднае мастацтва, сучаснае, актуальнае. Што ў творы можа быць канцэпцыя, што ў ім можна расказаць гісторыю, можна выказаць філасофскую ідэю і г. д.
— Цяпер вы і самі выкладаеце…
— Як выкладчык я паставіла сабе задачу нешта змяніць. Я не рыхтавалася, але мяне размеркавалі ў нашую ж акадэмію, чаму я спачатку не ўзрадавалася. Аднак потым зразумела, што лёс пра мяне паклапаціўся — я застаюся ў прафесіі, я маю магчымасць трансліраваць свае погляды на тое, якім павінна быць сучаснае тэкстыльнае мастацтва, я магу ствараць сваё ўласнае кам’юніці, сваё ўласнае творчае атачэнне. Бо студэнтаў я разглядаю ў якасці будучых калег і з першага ж курсу натхняю іх на тое, што тэкстыль — гэта сучаснасць і прастора для творчасці і эксперыменту.