“АРТ-Жыжаль” — гэта рэгіянальны і нацыянальны брэнд. З 2003 па 2021 гады ў ім прынялі ўдзел 127 мастакоў з 27 краін. Летась творчае сумоўе сабрала 17 мастакоў (сімвалічная лічба, бо пленэр 17-ты) з шасці краін — з Беларусі, Украіны, Расіі, Малдовы, Грузіі, Перу. Дзве апошнія краіны даслалі на гэты пленэр сваіх мастакоў упершыню.
Удзельнікам было прапанавана асэнсаваць праз сучасную эстэтыку здабыткі фальклору і міфалогіі. Зразумела, што ніякіх сюжэтных ці стылёвых абмежаванняў не было. Кагосьці вабіць містыка ранніх цывілізацый, персанізаваная ў вобразах багоў язычніцкага пантэону, кагосьці — міфалагічная мадэль зорнага неба, а нехта засяродзіўся на гарадскім фальклоры нашых дзён, на іранічнай сакралізацыі побытавых з’яў. Усяго на выставе больш за 60 твораў. Асабіста мне было цікава спачатку паспрабаваць зразумець, што хацеў сказаць мастак, а толькі потым паглядзець на шыльдачку з назвай. Калі-нікалі тое, што падалося, і насамрэч супадала з аўтарскай задумай…
Выступаючы на вернісажы, нязменны кіраўнік пленэру Валерый Калтыгін сказаў, што ён вельмі задаволены тым, што выстава адбываецца ў галерэі Шчамялёва. Спадар Валерый памятае Леаніда Дзмітрыевіча і шануе яго як асобу за здольнасць радавацца жыццю насуперак не заўжды спрыяльным акалічнасцям, а ягоную творчасць — за выразна аптымістычны дух. “Беды-нягоды, — казаў спадар Валерый, — будуць у любым выпадку, будуць нават у самым паспяховым паводле вонкавых чыннікаў жыцці, а супрацьстаяць гэтаму, калі ты мастак, трэба ствараючы прыгажосць як альтэрнатыву бруду. Такі талент быў у творцы, чыё імя носіць галерэя”. Яшчэ Валерый Аркадзевіч адзначыў, што большасць удзельнікаў гэтага пленэру належаць да прыгожай часткі чалавецтва, і гэтая акалічнасць адбілася ў эстэтыцы твораў праз вытанчанасць і гарманічнасць.
Потым, ужо ў прыватнай размове, спадар Валерый гаварыў пра праблемы, звязаныя з далейшым развіццём пленэру. Сёння поспех “АРТ-Жыжалю” ў значнай ступені вызначае энтузіязм ягоных удзельнікаў. Цудоўна, што такое творчае сумоўе ўвогуле ёсць, але, каб рухацца далей, трэба ўмацоўваць ягоную матэрыяльную базу і тэхналагічны патэнцыял, якія дазволяць пашырыць поле эксперыменту і, адпаведна, зрабіць пленэр яшчэ больш прывабным для нашых мастакоў і замежнікаў. Сур’ёзныя праекты патрабуюць сур’ёзных укладанняў і разумення, што аддача будзе не адразу, а толькі калі праект насамрэч раскруціцца. У ідэале трэба ствараць Нацыянальны цэнтр керамікі, і ўжо на ягонай базе ладзіць навучанне, доследы, творчую працу. Вось такая ў спадара Валерыя мара…