Калі віруе Казінец,
табе канец і мне канец…
Але жадаю, каб канца
век не было ў Казінца!
Другі радок плаўна вынікаў з першага, бо, нават калі Казінец і даваў волю пачуццям, ён ніколі не прыніжаў падначаленых. Нават калі здавалася, што ён не мае рацыі, было ўсё роўна сорамна і хацелася хутчэй загладзіць канфлікт, каб толькі ён не быў у роспачы, не заставаўся ў зоне душэўнага дыскамфорту. Мы ўсе любілі і шанавалі яго. За чалавечую годнасць. За высокі прафесіяналізм. За ўзнёслае стаўленне да Музыкі і спрадвечнае жаданне рабіць штосьці цікавае, новае, незвычайнае, нязвыклае — на радасць слухачам. І так было ва ўсе гады, што ён стаяў за пультам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча ў якасці кіраўніка. Напэўна, Казінец быў рэкардсменам па колькасці часу, за перыяд якога з’яўляўся галоўным дырыжорам аркестра. А гэта ні многа ні мала — 47 гадоў (без колькіх дзён)! Прыйшоў у калектыў неспрактыкаваным дырыжорам-пачаткоўцам і ўсё далейшае жыццё бясконца вучыўся, няспынна ўдасканальваў свой прафесійны ўзровень, каб стаць урэшце вялікім Майстрам, мастаком нацыянальнага маштабу. Тым, на каго раўняліся і каго ставілі ў прыклад як аднаго з лепшых прадстаўнікоў беларускай дырыжорскай школы другой паловы ХХ стагоддзя.
Зрэшты, ён не любіў гучных слоў, быў далёкі ад любога пафасу ў свой адрас і перапыняў гэта на пні. Адзіным крытэрыем для яго была паўсядзённая праца. І тут ён не даваў сабе спуску. Увесь час абдумваў нейкія канцэртныя праекты, пісаў аркестроўкі, замаўляў беларускім кампазітарам новыя творы, каб потым іграць прэм’еры. Чытаў кнігі, слухаў і глядзеў шматлікія праграмы па культуры і быў у пастаянным руху — у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова. Бо літаральна да таго, як хвароба абмежавала яго рамкамі ўласнай кватэры, ён пастаянна рабіў доўгія пешыя прагулкі, па некалькі кіламетраў у дзень! Ад свайго дома на вуліцы К. Чорнага да філармоніі нязменна хадзіў пехатой, чым вельмі ганарыўся.
А які ён быў прыгожы! Здаецца, з узростам рабіўся яшчэ больш статным, прывабным, высакародным… Як цяпер бачу, як ён ідзе на сцэну да пульта — засяроджаны, стрыманы і адначасова свабодны і крыху вальяжны… Яго жыццёвая мудрасць і пачуццё гумару — асобная тэма. Трапнае слова, слушная парада ці правільная выснова ў любой дыскусіі былі яго нязменнай візітнай карткай. Найцікавейшы, парадаксальны суразмоўца, мудры дарадчык, ён заўсёды ведаў цану вуснага і друкаванага слова. Нездарма ж яго блізкім сябрам быў Генадзь Бураўкін! Беларускую літаратуру Казінец ведаў бліскуча. У апошнія гады асабліва падабаўся яму Уладзімір Караткевіч. Маэстра марыў аб мюзікле паводле яго твора “Ладдзя роспачы”. Не збылося… Але для кожнага, хто быў побач з Міхаілам Антонавічам, ведаў і любіў яго, ён, паводле ўсё таго ж Караткевіча, “быў, ёсць, будзе”. У нашых сэрцах, у нашай памяці, у дзейнасці яго ўлюбёнага аркестра. Назаўжды!..
Вольга БРЫЛОН
Музыказнаўца і рэжысёр канцэртных праграм Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча