...Лёс пацалаваў нованароджаную Насцю: адзначыў радзімкай на лбе. Яна падобная на ціку, якую носяць у Індыі ў цэнтры лба, і ўказвае на трэцяе вока чалавека. Сімвалічна, але мо менавіта з-за гэтай адзнакі ў маленькай мінчанкі пачыналася доўгая дарога ў старажытную і загадкавую Індыю з яе ўнікальнай гісторыяй і культурай. І, мусіць, зусім невыпадкова васьмігадовая дзяўчына пачала займацца індыйскімі танцамі. У ансамблі “Сапна” (мара), што было пры пасольстве Індыі ў Беларусі, цудоўна разумелі важнасць узбагачэння культур абодвух народаў.
— Я вельмі ўдзячная за гэта, — згадвае Настасся. — Асабліва хачу адзначыць майго педагога па танцах Алену Сіпач. Яна вучыла не толькі танцаваць, але і выкладала нам хіндзі. Гэта потым вельмі дапамагло ў творчай дзейнасці. Не магу не згадаць Алену Молчан, якая дапамагла зразумець сакрэты акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства ў студыі “Вадаліў” пры Палацы прафсаюзаў… І, канешне, пуцёўку ў жыццё нам давала Кацярына Пашкевіч, адпраўляючы нас на міжнародныя конкурсы.
У 16 гадоў Настасся Гамолка вырашыла наведаць сяброў у Індыі. І паспяхова здала іспыты ў Кінашколу, якая знаходзіцца ў Дэлі. Дапамагло веданне мовы. Праз час дзяўчына трапіла на кастынг у Мумбаі — горад індыйскай кінаіндустрыі. Пачалі паступаць прапановы здымацца ў фільмах. Адначасова працавала перакладчыкам, дыджэем і мадэллю.
— Серыял “Тайны лесу”, — распавядае Настасся, — гэта вялізны праект, пра які гаварыла ўся Індыя. Мне трэба было сыграць для проб дзве сцэны, вельмі эмацыянальныя. На падрыхтоўку было ўсяго тры дні. Адначасова ў мяне выходзіў вялікі спектакль, і рэпетыцыі ішлі штодня з самай раніцы і да ночы. Гэтыя дзве сцэны на кастынгу я сыграла, як патрабавалі рэжысёры: шмат плакала. Праз месяц мне патэлефанавалі і сказалі, што я зацверджаная. Але даты серыяла і спектакля супалі, і я адмовілася ад серыяла. Аднак лёс у каторы раз дапамог. Здымкі былі перанесеныя. І леташнім кастрычнікам я ўжо была ў Гімалаях. Цудоўны акцёрскі ансамбль: прадстаўнікі Германіі, Амерыкі, Індыі, Фінляндыі. Творчыя кантакты з імі мяне вельмі ўзбагацілі. Здымалі ў мінус дзесяць градусаў. Пасля жыцця ў Мумбаі я адвыкла ад такога надвор’я… Вельмі ганаруся тым, што наша прафесія, як і прафесія дыпламатаў, дапамагае наводзіць паміж краінамі масты сяброўства і міру…
За плячыма Настассі Гамолка — трыццаць праектаў. Гэта спектаклі і фільмы самых розных жанраў: меладрамы і камедыі, дэтэктывы і кароткаметражкі.
Актрыса любіць Індыю, але часта там распавядае пра сінявокую Беларусь. І не толькі расказвае, але і знаёміць з творчасцю нашых таленавітых людзей. Ды не забывае распавесці суразмоўцам, як індыйскія сябры развучвалі “Купалінку”, танчылі “Лявоніху” і “Крыжачок”.
— У тэатры ў Індыі для некаторых пастановак я або спявала на беларускай мове, або ставіла харэаграфію, і такім чынам навучала індусаў. Было вельмі весела! Асабліва тады, калі яны вучыліся спяваць па-беларуску.
Ганна Адор не заспакойваецца на дасягнутым. Нягледзячы на цяжкі кавідны час, паспяхова здала іспыты ў магістратуру драматычнай школы пры ўніверсітэце Эсекс у Лондане. Значыць, будуць новыя фільмы і ролі.
І яшчэ вось што сказала мне Ганна-Настасся: “Скарылі мяне шчымлівыя адносіны ўладаў краіны і народа да рэлігіі. Раство — адно з самых значных свят індускіх хрысціян. Замест сасны яны ўпрагожваюць бананавыя і мангавыя дрэвы алейнымі лямпачкамі, а ў цэрквах паўсюль чырвоныя кветкі і свечы. Людзі з задавальненням робяць адно аднаму падарункі і падаюць бедным. Няхай Раство і Новы год будуць напоўнены мірам і радасцю для народаў Беларусі і Індыі!”
Міліца БЕЛАЗЕРСКАЯ