Так, менавіта розум, сэрца ды ўяўленне ствараюць прыдатную прастору для “гадавання” культуры. Алтайскі ўраджэнец Васіль Шукшын паступіў у інстытут у 25 гадоў. Прызнаваўся з сорамам, што начытанасць яго была, мякка кажучы, адносная і веды. Але ён вучыўся з настойлівасцю правінцыйнага хлопца. У выніку здолеў не толькі дагнаць аднакурснікаў, але і значна перагнаць. Так прафесійныя чытачы становяцца прафесійнымі пісьменнікамі.
І яшчэ адзін даволі далікатны момант. У шматлікіх прыбібліятэчных літаб’яднаннях нельга патураць графаманству. У адваротным выпадку у мясцовыя альманахі трапляюць надзвычай слабыя творы. Любы метадыст старой школы цудоўна мяне зразумее. А работнікам культуры яшчэ раз нагадаю пра высокую адказнасць, раз і назаўжды ўскладзеную на іх плечы.
Рыгор Барадулін напісаў калісьці “Я, напэўна, апошні, / Хто моліцца слову, / Як ссівелы паганец / Жывому агню.” Шаноўны Рыгор Іванавіч, ад імя знаёмых мне работнікаў нацыянальнай культуры кажу: “Вы не апошні! Наша слова жывым агнём грэе сэрцы многіх з нас!” Свята веру ў тое, што пасля скону бацькоў іх дзеці не панясуць хатнія кніжныя калекцыі ў букіністыкі.
Так што ўдарым чытаннем па непісьменстве! І тут любыя сродкі да месца. Напрыклад, метадыст Жабінкаўскай раённай бібліятэкі Марыя Гаджыева паведамляе, што на плошчы раённага цэнтра, насупраць дзіцячай бібліятэкі, для буккросінгу выкарыстоўваецца… былы халадзільнік. Яго прывезлі з раёна, пафарбавалі і прыстасавалі пад арыгінальную шафу. Ахоўвае кніжную ёмістасць металічны буслік. Уся гэтая інсталяцыя ўзнікла падчас святкавання Дня горада. Месца для буккросінгу імгненна стала для жыхароў Жабінкі знакавым. За папаўненнем часопісаў і кніжак сочаць бібліятэкары.
Вялікім кніжнікам, як вядома, быў Максім Багдановіч. Словы абуджалі фантазію. Фантазія нараджала вобразы. Вобразы знаходзілі прыдатныя словы. Цяжкая і шчаслівая праца паэта! Намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч распавяла, як быў адзначаны юбілей Максіма Багдановіча ў Елкаўскай, Каралінскай і Зэльвенскай бібліятэках. І чытачы, і бібліятэкары чыталі вершы зорнага паэта, гаварылі пра іх уплыў на сучасную беларускую літаратуру. У нашым Гомельскім дзяржуніверсітэце загадчык кафедры Іван Штэйнер так чытаў лекцыі пра Максіма Багдановіча, што кожны са студэнтаў пачынаў ганарыцца, што ён беларус. Гэты малады геній і Купалу з Коласам падштурхоўваў да творчага бяссоння. Тая сітуацыя, калі маладыя класікі наступаюць на пяты сталым. Чытайце кніжкі, спадарове!
Не засталіся ў баку ад святкаванняў з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча у кніжніцах Мураванай Ашмянкі, Баруноў і Гродзі Ашмянскага раёна. Пра гэта напісала бібліятэкар Кацярына Чайкоўская.
Рэтраспектыву культурнага жыцця Ашмяншчыны працягвае загадчык сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны Таццяна Іванова: “9 снежня споўнілася 120 гадоў з дня асвячэння праваслаўнага храма ў Гальшанах. У сувязі з гэтым аформлена фотавыстава работ краязнаўцы, былой загадчыцы нашай установы Валянціны Лабунінай. Экспазіцыя “Гальшанскай Свята-Георгіеўскай — 120!” знаёміць з дзейнасцю царквы цягам 120 гадоў”.
І апошняя на сёння навіна з Ашмянскага раёна. Напрыканцы лістапада перад пачаткам Піліпаўскага (Каляднага) посту работнікі культуры аграгарадка Кракоўка ладзілі традыцыйныя вячоркі: спявалі, згадвалі народныя гульні, дзяліліся ўспамінамі аб тымі, як раней ладзілі абрад “Запусты”.
З Дзяржынскага гарадскога дому культуры паведамляюць: 14 снежня запаліліся зорачкі талентаў удзельнікаў чацвёртага па ліку абласнога інклюзіўнага фестывалю творчасці “Запалі сваю зорку”.
Ніна Калач, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі, распавядае: “У нашым публічным цэнтры прававой інфармацыі дзейнічае школа прававых ведаў, дзе праходзяць заняткі са старшакласнікамі, на якіх прысутнічаюць адвакат, спецыялісты юрыдычнай кансультацыі, натарыяльнай канторы і раённага суда. Заняткі ладзяцца ў форме дыялогу, тэматычных гутарак, кансультацый і дапаўняюцца ролевымі і дзелавымі гульнямі”.
Неаспрэчна тое, што вядучая тэма сённяшняй нашай пошты — падрыхтоўка да Навагодніх свят. Метадыст са Свіслачы Ірына Русак паведамляе, што агеньчыкі на галоўнай ёлцы райцэнтра запаленыя!
Святочная ілюмінацыя ўключылася і па аграгарадках Слонімскага раёна.
У Астраўцы з’явіўся новы цэнтр культуры і народнай творчасці. Значыць, і галоўная ёлка горада памяняла месца. І ўсе рыхтуюцца да Новага года.
На Дзятлаўшчыне працягваюць рэалізацыю праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”. Вось што расказвае загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец: “Гэтым разам самадзейныя артысты скіраваліся ў вёску Малыя Краглі. Загадчык сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская, кіраўнік народнага хору ветэранаў Таццяна Шостка, сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча прыехалі павіншаваць з 90-годдзем Канстанціна Вінцукевіча”.
З вялікай любоўю напісала пра Гудзевічы Мастоўскага раёна Антаніна Чэрнік — загадчык мясцовага дома культуры. Пры ўстанове дзейнічаюць клуб сталых людзей, сямейны клуб выхаднога дня, дзіцячыя фармаванні. А яшчэ ёсць дзевяць калектываў аматарскай творчасці, сярод якіх — народны і ўзорны ансамблі. Цудоўна вядомы і Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Сапраўды, Гудзевічам ёсць чым пахваліцца!
Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае!
Сустрэнемся праз тыдзень.