Мяне выставы “Канцэпту” ўразілі найперш як журналіста. Гэта прафесійная звычка ўспрымаць рэчаіснасць з гледзішча фотакарэспандэнта, падсвядома вышукваць вачыма эфектныя кадры, вартыя газетнай паласы. Бывае, што і выстава нібыта някепская, і творы на ёй годныя, а экспазіцыя не выбудавана, і зачапіцца воку на ёй няма за што. Дык вось, на выставах Трыенале і найперш на той, пад якую быў задзейнічаны Палац мастацтва, была процьма прыгожых фрагментаў — чытай, эфектных кадраў. Прычым самі экспазіцыі пры наяўнасці мноства канкурыруючых чыннікаў захоўвалі цэльнасць. Канцэптуальную.
Паколькі трыенале — гэта творчы конкурс, журы мусіла вылучыць найбольш удалыя творы. Аўтару гэтых радкоў давялося браць удзел у рабоце журы, і скажу шчыра, гэта была цяжкая праца. Уявіце, што на кожную пазіцыю ў намінацыях рэальна прэтэндуе пяць-шэсць твораў. І паўстае пытанне: які крытэрый адбору лічыць вызначальным — арыгінальнасць задумы, майстэрства выканання, адпаведнасць грамадскаму запыту ці статус і аўтарытэт аўтара разам з ўсім комплексам ягоных творчых дасягненняў за шматгадовую плённую дзейнасць? Каму аддаць перавагу — таленавітым пачаткоўцам, якія адаптуюць пад свае ідэі досвед папярэднікаў, ці тых, хто гэты досвед напрацаваў? Зрэшты, хочацца думаць, што атрымалася больш-менш аб’ектыўна і адзначаныя былі работы, якія насамрэч увасабляюць перспектыўныя канцэпцыі.
Усяго намінацый было пяць: “Аб’ект” — назва гаворыць сама за сябе, “Праект” — прасторавая кампазіцыя, “Канцэпт 2D” — кампазіцыя на плоскасці, “Канцэпт 3D” — аб’ём, “Expirience” — тое, што мае рысы ўсіх названых вышэй папярэдніх намінацый, але да іх не належыць. “Еxpirience” датычыла найперш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Межы намінацый, як бачым, акрэсленыя даволі ўмоўна. Іх празрыстасць — адбітак нашай мастацкай рэчаіснасці, калі творчая спецыялізацыя і цэхавая прывязка могуць і не адпавядаць адна адной.
Беручы да ўвагі значнасць падзеі, кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў звярнулася да секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства БСМ з прапановай абмеркаваць фэст і ягоныя вынікі ў сваім асяродку з прыцягненнем зацікаўленых асоб з іншых творчых структур. Такое абмеркаванне адбылося. Удзел у ім бралі першы намеснік старшыні БСМ Наталля Шаранговіч, старшыня секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства Мікалай Паграноўскі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка, мастацтвазнаўцы Вольга Гоманава і Ларыса Фінкельштэйн, мастакі Ірына Кузняцова, Марыя Тарлецкая, Алесь Родзін, Ігар Кашкурэвіч.
З уласнага досведу я прыйшоў да высновы, што, незалежна ад таго, наколькі выразна акрэслена тэма сумоўя і вызначаныя прыярытэты дыскусіі, людзі, не звяртаючы ўвагі на згаданыя чыннікі і аўдыторыю, гавораць выключна пра сваё. Пра тое, што цікавіць і хвалюе менавіта іх. Але ў дадзеным выпадку можна лічыць, што сумоўе атрымалася, бо ўсе суразмоўцы не абыякавыя да праблемы адаптацыі нашай нацыянальнай культуры да сусветных трэндаў. А не засвоіўшы канцэптуалізму як права мастака на самавыяўленне, як у пэўным сэнсе апірышча творчай свабоды, мы наўрад ці здолеем стаць паўнавартаснымі ўдзельнікамі сусветнага культурнага працэсу.
Прычым у кантэксце нашай культуры само разуменне канцэптуалізму даволі расплывістае. Бо пэўная логіка як праява канцэптуальнасці прысутнічае нават у спантаннай, рэфлексіўнай творчасці, дзе ўнутраны стрыжань не тое каб не прачытваецца, але адсутнічае па вызначэнні. Удзельнікі дыскусіі збольшага пагадзіліся, што фэст, пра які ідзе гаворка, аказаўся паспяховым зусім не таму, што даў разгорнутае тлумачэнне з’яве, вынесенай у ягоную назву. Ягоны поспех абумоўлены тым, што ён сабраў крэатыўных творцаў, тых, хто разумее: артадаксальны, ідэалагічна абумоўлены рэалізм савецкай эпохі сваю ролю ў нашай культурніцкай прасторы адыграў, патэнцыял ягоны вычарпаны. Новы час патрабуе іншай эстэтыкі і пашырэння аўдыторыі спажыўцоў мастацтва, якія ў пэўным сэнсе з’яўляюцца суаўтарамі творцы, бо сваімі густамі і запытамі ўплываюць на мастака, як бы ён ні пазіцыяніраваў сябе вольным, свабодным, незалежным. А з гэтага вынікае неабходнасць больш смела, а яшчэ лепей — радыкальна скарыстоўваць сучасны інструментарый і сродкі камунікацыі. Камп’ютар, калі ім карыстацца ўмела, — гэта той жа аловак ці пэндзаль. А віртуальная прастора — такая ж экспазіцыйная пляцоўка, але павялічаная да неймаверных памераў. Зрэшты, навакольны свет сёння ўжо і не замежжа. Ён цалкам упісваецца ў формулу “Беларусь +”.
Вырашана і надалей ладзіць падобныя імпрэзы нацыянальнага маштабу, каб мастакам, маладым і сталым, было б дзе дэманстраваць крэатыўныя ідэі і эстэтычныя навацыі. Хаця, канешне ж, прыдумаць нешта новае ў нашым свеце даволі складана…
Некалькі год назад мне патрапіў у рукі часопіс, з якога мне запомнілася адна эфектная тэза. Аўтар мяркуе, што калі-небудзь робаты выцесняць чалавека з многіх сфер дзейнасці. Але ў чалавека застануцца сэкс і мастацтва. Так што, шукаючы новыя эстэтычныя формы, ствараючы новы мастацкі канцэпт, мы творча асэнсоўваем рэчаіснасць і працуем на будучыню.
Некаторыя з адзначаных журы твораў.
Расклад у выніку атрымаўся такі.
“Аб’ект”
1.Васіль Васільеў. “У чаканні Маісея”; 2.Глеб Отчык, Уладзімір Бірыцкі, Канстанцін Шаранговіч. “Лодка Людка. Паміж мінулым і будучым”; 3.Таццяна Макляцова. “Экзістэнцыяльны крызіс”.
“Праект”
1. Аляксандр Балдакоў. “LUMINARIUM”; 2.Ганна Мельнікава. “Сіндром Касандры”; 3.Алесь Родзін. “Шалёная гіброіднасць”.
“Канцэпт 2D”
1. Сяргей Грыневіч. “Інцыдэнт у начной маршрутцы”; 2.Захар Кудзін. “Мадонна”, “Сілуэт”; 3.Аляксандр Сільвановіч. Трыпціх “Цір”.
“Канцэпт 3D”
1. Аляксандр Шапо. “Логін”; 2.Аляксандр Сакалоў. Праект “Маскі”; 3.Павел Куніцкі. “Ціхаходка”.
“Expirience”
1. Алена Обадава. “Паляцелі гусі ў вырай”. Модульная кампазіцыя з састаўных частак; 2.Вольга Рэднікіна. “Трансфармацыя ў ABSTRAKT”; 3.Жанна Марозава. Кампазіцыя са шкла.
Акрамя таго, Спецыяльным дыпломам узнагароджаныя Іван Арцімовіч і Ганна Сілівончык за крэатыўнасць у праектнай дзейнасці.
Не абмінула журы ўвагаю і творчую актыўнасць Вольгі Жэбінай ( псеўданім "O.ZNE"). Ёй — таксама дыплом. Спецыяльны.