— Сёлета, як і летась і два гады таму, тэатр падрыхтаваў для дзяцей адразу дзве казкі, што будуць ісці ўсе канікулы на розных пляцоўках. Гэта ўжо стала традыцыяй?
— Добрай традыцыяй! У нас папоўнілася трупа. З калектывам пачаў плённа супрацоўнічаць той жа Руслан Чарнецкі, іншыя выдатныя драматычныя артысты, а не толькі салісты эстрады. Змяніўся і сам кірунак дзейнасці: у нашай афішы, як вы маглі заўважыць, цяпер пераважваюць не канцэрты, хай і тэатралізаваныя, а суцэльныя музычныя спектаклі. І атрыманая намі Нацыянальная тэатральная прэмія — бадай, дадатковы доказ таго, што мы можам канкурыраваць у гэтай сферы з іншымі калектывамі. Адпаведна, з’явіўся свой глядач. Публіка цяпер прыходзіць не толькі адпачыць, але і далучыцца да чагосьці новага. Сваю дзіцячую аўдыторыю мы таксама да гэтага прывучаем: у кожным спектаклі не толькі падкрэсліваем прывабны забаўляльны бок, але і акцэнтуем асветніцкія рысы. Гэта не значыць, што тэатр ператвараецца ў яшчэ адну школу з абавязковымі заняткамі ў раскладзе. Сваёй мэты мы дасягаем праз інтэрактыў, гульні, квэсты — дзейнічаем спакваля і быццам незаўважна. Да сёлетніх свят у нас выходзіць музычная казка “Чароўнае слова”, дзе маленькія гледачы будуць і задачкі рашаць, і падушкамі кідацца. Гісторыя пра капрызнага хлопчыка і тыя пераўтварэнні, што адбываюцца з ім, нязмушана вучыць, як важна быць удзячным сваім бацькам. Ці ж гэта не важна? І для маленькіх, і для тых дзяцей, што ўжо выраслі і самі сталі бацькамі. Мы павінны быць бліжэй адно да аднаго.
— Але ў вас, пэўна, не заўсёды атрымліваецца сустрэць тыя ж навагоднія святы разам з сям’ёй?
— У мяне муж, дзве дачкі, бацька. І як бы я ні была загружана працай, як бы ні складаліся абставіны, я сустракаю Новы год заўжды дома, з сям’ёй. Бо сям’я — гэта любоў між блізкімі людзьмі. Яна выратуе, не дазволіць пераступіць маральныя межы. Калі страціць сямейныя каштоўнасці, дык навошта ўвогуле тое жыццё?
— Цалкам з вамі згодная. Другі дзіцячы спектакль, падрыхтаваны тэатрам, — таксама для сямейнага прагляду?
— “Сем жаданняў”, што мы ладзім у зале на праспекце Пераможцаў, 14, не зусім спектакль у яго традыцыйным разуменні. За аснову была ўзятая вядомая казка пра квецік-сяміквецік. Але дзеці там яшчэ больш уключаныя ў разгорт сюжэтнай лініі, сваімі дзеяннямі рухаюць яе. Ёсць нават спаборніцтва між дзвюма глядацкімі камандамі — штосьці накшталт квэсту. Паказы ладзяцца ў рамках акцыі “Нашы дзеці” з дапамогай гарадскіх уладаў, якія зрабілі святочнае афармленне залы. Прастора дазваляе адкрыць добрую фотазону, якая заўжды карыстаецца попытам, пакінуць месца для дзіцячых гульняў. Мы ўжо заваявалі аўтарытэт на гэтай пляцоўцы, атрымліваем добрыя водгукі.
— Не забыты і дарослыя? У афішах пазначаны два шоу — “Калядныя сустрэчы” і “Іронія лёсу, альбо Цешча пад шубай”.
— Апошні згаданы вамі праект — гумарыстычны, што відавочна па ягонай назве. А “Калядныя сустрэчы” калісьці былі тэлевізійнымі, цяпер мы робім штосьці падобнае непасрэдна ў тэатры.
— З тэлебачаннем, дарэчы, вы таксама працягваеце сябраваць?
— Так, для канала СТБ мы падрыхтавалі навагодні канцэрт, пастаноўшчыкам выступіў галоўны рэжысёр нашага тэатра Іван Клешчанка. Акрамя нашых артыстаў, запрасілі Ірыну Дарафееву, Алёну Ланскую, Руслана Беразоўскага, іншых зорак.
— І ўсё гэта пры тым, што літаральна тыдні тры таму ў вас выйшла прэм’ера музычнай камедыі “Жаніцьба Рабіновіча”.
— Я два гады выношвала гэту ідэю — напісаць п’есу ў выглядзе гэткага скетч-шоу, дзе што ні рэпліка — гумар. Музычнымі нумарамі сталі яўрэйскія хіты і не вядомы раней песенны альбом, створаны кампазітарам Ізмаілам Капланавым і адшуканы пасля яго смерці музыказнаўцам Вольгай Брылон. Атрымалася вельмі весела, без аніякай тугі, у гэткім стылі шыкоўнай Адэсы. І раптам нарадзілася новая ідэя: а чаму б не зрабіць суцэльны шэраг такіх спектакляў, заснаваных на нацыянальных традыцыях розных народаў, што жывуць у Беларусі? Склалася б добрая тэатральная традыцыя — у працяг традыцый нашага народа.
— Вы гэта пра запланаванае на 2022 год?
— Думаю, на больш далёкую перспектыву. Але ж і сярод бліжэйшага — планаў сапраўды шмат. Хочацца і добрую камедыю паставіць, і шэраг тэматычных канцэртаў; у нас была падрыхтавана адметная праграма да Дня маці, але з-за пандэміі нам тады не дазволілі яе правесці, так і засталася пакуль нерэалізаванай сцэнічна. А яшчэ ў нас будуць новыя мюзіклы — і пра Пушкіна, і нават пра праваслаўнага святара. А на пачатку года ў нашым тэатры з’явіцца дзіцячая опера. Вершаванае лібрэта напісала я, музыку — наш саліст і кампазітар Аляксандр Сухараў, юбілейную вечарыну якога мы нядаўна праводзілі. Опера будзе называцца “Чароўны баль”, але дзейнымі асобамі выступяць не прынцы з прынцэсамі, а... казуркі. Бо гэтая опера — паводле “Мухі-Цакатухі” Карнея Чукоўскага. Зробленая з гумарам, аздобленая цікавымі касцюмамі. Мы любім сваіх гледачоў — усіх узростаў!
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ