Масквіч Мікіта Хубаў на “Беларусьфільме” ў 1963-м сумесна з масквічом Андрэем Кірылавым абаранялі дыпломы кінааператараў ва ВГИКа, здымаючы “Трэцюю ракету” паводле Васіля Быкава. Жорсткая фабула, прафесійны сцэнарый, моцная рэжысура Рычарда Віктарава — франтавіка, як і аўтар сцэнарыя, — дыплом аператары абаранілі бліскуча. “Слуп” італьянскага неарэалізму кінарэжысёр Джузэпэ дэ Санціс ухваліў карціну словамі: “Я гэтаму фільму аддаў бы ўсе прызы ўсіх фестываляў!” І сапраўды: пастановачныя эпізоды атак, бамбёжак і баёў, паводзіны персанажаў выглядалі нібы знятымі аператарамі-кінахранікёрамі, удзельнікамі той вайны!.. Праўда, адзін высокі военачальнік СССР “Трэцюю ракету” не ўхваліў і вельмі рэзка выказаўся аб кінатэатрах, дзе яе дэманстравалі. Але абышлося.
Кірылаў адбыў у Маскву, а Хубаў на шэсць наступных гадоў плённай працы затрымаўся ў Мінску. Сам па сваіх сцэнарыях і ў суаўтарстве зняў адзначаныя фестывальнымі ўзнагародамі дакументальныя карціны “Штодзённасць салёных забояў”, “Брэсцкая шаша”, “Шчырая размова”, “На старых сенажацях”.
1.
Напрыканцы 65-га нас нехта звёў. У час застолля ў рэстаране “Беларусь” — тады насупраць стадыёна — збліжаліся, даводзілі пра сябе, краналі ў размове тое-сёе, а потым стаў я абмалёўваць цудоўны горад, у якім вырас, — улюбёную Гародню. Мікіта зацікавіўся, але заўважыў, што для фільма аб горадзе патрэбна знайсці сюжэт, які б звязаў аповед, нейкую падсветку падзей. Я прапанаваў:
— Ёсць такая ідэя: гарадскі бюджэт — “Гарадзенскі кашэль”.
Хубаў з цікавасцю глянуў і сказаў словы, якімі ганаруся па сёння:
— Валодзя, за ўвесь мой час тут вы адзіны чалавек у Мінску, які сказаў, што ў яго ёсць ідэя.
Канешне, неўзабаве мы перайшлі на “ты”.
Па нашых сумесных сцэнарыях Хубаў-рэжысёр адзін за другім у другой палове 60-х зняў “Гарадзенскі кашэль”, “Святочны альбом”, “На нашай вуліцы свята”, “Хатынь, 5 км” (сумесна з Алесем Адамовічам і Ігарам Калоўскім). Апошнім стаў шырокаэкранны фільм “Героі не спазняюцца”.
* * *
У заяўцы і ў сцэнарыі мы падкрэслівалі, выразна націскалі: ваенна-патрыятычная тэма, піянеры чакаюць прыбыцця ў іх вёску Доргунь ветэранаў мінулай вайны, якія ваявалі тут! Канешне, гэта былі хітрыкі: мы ж з Хубавым ведалі, што ніякія героі не з’явяцца, ніхто не прыедзе. Але даверлівыя піянеры сустракаюць рэйсавыя аўтобус за аўтобусам, дацямна, чакаюць… вераць. Дзетак на прыпынак прыходзіць усё менш… І толькі адзін, апошні хлопчык, выкрыкваючы: “Усё роўна яны прыедуць!” — дачакаўся: з лесу вырываецца калона грозных танкаў, сённяшнія танкісты, не збаўляючы хуткасці моцных равучых машын, вітаюць хлопчыка!
Чаму абралі Доргунь — вёску ў заходнім куточку Беларусі, бліз мяжы з Польшчай і Літвой?
* * *
А мой тата Аляксандр Віктаравіч тады быў на пасадзе старшыні Сапоцкінскага гарпасялковага выканкама — у ягоную, як ён казаў, “парафію” з сямнаццаці вёсак уваходзіла і Доргунь. Гэта ён арганізаваў і піянераў з важатай і барабанамі, і маршрутныя аўтобусы ў патрэбныя кінематаграфістам часы, і танкі, і размяшчэнне на начлегі здымачнай групы рэжысёра Мікіты Георгіевіча Хубава. А яго самога — сябра і суаўтара сына старшыні — пасялілі ў доме старшыні выканкама. Я прывёз групу туды ў першы раз і ад’ехаў, таму сведкам на збліжэнні Хубава з маім бацькам не быў і на здымкі з Мінска не прыязджаў. Але неўзабаве ў доме Арловых у Сапоцкіне Хубава ўжо звалі па-хатняму “Мікіткам”, а галаву радзіны Хубаў клікаў па-свойску: “Віктаравіч”. Ён і пазней сустракаўся з маімі бацькамі ў Мінску, калі яны заязджалі да мяне. Пры тэлефонных, пісьмовых ці асабістых сустрэчах са мной Мікіта заўсёды перадаваў прывітанне “Віктаравічу”.
Пасля фільма “Героі не спазняюцца” ў 1968-м Мікіта з’ехаў у Маскву назаўсёды. Пра нечаканую развязку, якая адбылася ў лютым 2020-га, яму ўжо не дазнацца: адышоў у лістападзе 2018-га.
* * *
А паралельна ў тыя ж гады, што і наша кінасупрацоўніцтва з Хубавым, у той жа вёсцы Доргунь завязваўся і развіваўся іншы цікавы сюжэт, звязаны з фільмам “Героі не спазняюцца”, з яго ўдзельнікам-хлопчыкам, з домам Арловых у Сапоцкіне і мной-мінчуком. Сюжэт той амаль дэтэктыўна развяжацца ў сувязі з нашай даўняй стужкай ажно праз 52 гады…
Божухна, як мільгацяць гады тыя!
2.
У лютым 2020-га ў мяне ў Мінску раздаўся званок з Гародні: усхваляваны жаночы голас удакладняў: ці я Уладзімір Арлоў, ці я рэжысёр, ці сын Аляксандра Віктаравіча Арлова з Сапоцкіна, ці сапраўды маю дачыненне да фільма “Героі не спазняюцца”, які ў 1968-м здымаўся ў Доргуні?
Усё пацвярджаю.
Тады жанчына па тэлефоне прадстаўляецца: “Ядвіга Бялая, у дзявоцтве Колтвін, — і выкладвае: — Той стойкі ўпарты хлопчык у вашым фільме — яму там дзесяць год — мой старэйшы брацік Віця Колтвін… Праз шэсць год пасля фільма, у 74-м, яго не стала, загінуў… Так хацелася б мне з вамі, Уладзімір Аляксандравіч, сустрэцца… Мама да смерці не раз прасіла, нават загадвала мне: “Сын Аляксандра Віктаравіча Арлова жыве ў Мінску, ён рэжысёр, знайдзі яго і аддзяч за тую дапамогу, за тыя даброты, якія Віктаравіч зрабіў для нашай радзіны Колтвін-Ціцінскіх, літаральна ратаваў нас… Знайдзі яго сына, раскажы пра гэта — ты ж сведка!..” Але я ўсё саромелася. А вось бачу вас у тэлепередачах “Люблю і памятаю” па БТ-3 — і ўрэшце рашылася…
Сустрэліся ў 2020-м на Дзяды на могілках у Сапоцкіне, дзе ляжаць бацькі Ядвігі, брат Віця і непадалёк мае — тата і бабуля.
Месца прыкметнае: дзве капліцы — архітэктурная каштоўнасць, “ахоўваецца дзяржавай”, — родавыя скляпы. Могілкі інтэрнацыянальныя: беларусы, рускія, палякі, яўрэі — усе побач, адно ля аднаго. Тут паны, шляхта, тутэйшыя, ксяндзы, аседлыя прыезджыя, савецкія служачыя — за два з паловай стагоддзі, — тут і палеглыя абаронцы Сапоцкіна ў 1918-м, 1939-м, 1941-м.
Спазналіся з Ядвігай Фёдараўнай, з яе мужам Мадэвушам Бялым. І гісторыя радзіны Колтвін-Ціцінскіх разгарнулася на фоне досыць сумнай харчовай сітуацыі ў СССР у гады, у якія жыў і я. Ведаю тое не па ўспамінах і дакументах, а ўвачавідкі.
Тое і сведчу.
3.
Харчовая крама ў Мінску на плошчы Перамогі змяшчалася ў доме, на даху якога здаўна і па сёння красуюцца літары “ПОДВИГ НАРОДА” — цяпер там гандлююць дарагім адзеннем.
Дык у 60-я ўнутры крамы на вітрыне ў чатырох празрыстых плексігласавых каробачках прапанаваліся крухмал, сода, соль і лушчаны гарох, паколаты палавінкамі. Ніжэй, пад паўкруглым шклом, ахалоджваліся трохлітровыя слоікі з бярозавікам. Усё.
А што можна было есці, чым насыціцца — тое “давалі”, “выкідвалі ў продаж”, “даставалі”, здабывалі “па блаце”, атрымлівалі зрэдку ў нейкіх заказах ці па талонах-купонах — і чэргі, чэргі… Затое дапамагаў СССР усім у свеце, хто толькі заяўляў, што надумаў “будаваць камунізм”: нейкім “слабаразвітым краінам”, іграючы ролю сытых і заможных, хаця хлеб сам СССР закупаў ужо за золата ў Канадзе, ЗША.
Памятаю гаспадыню пакояў, дзе я студэнтам кватараваў, — маці трох дзетак. Яна пры мне праглядала газету і раптам натыкнулася, прачытала: “Навадненне ў Індыі…”
Далей былі словы, якія не прыдумалі б нават нашы выдатныя камедыёграфы Макаёнак ці Дзялендзік. Жанчына задумліва вырашала:
— “Навадненне ў Індыі…” Навадненне ў Індыі — трэба ісці па гарох, бо й гароху не будзе!
Тады ж, у 1964-м, ідэолагі з уздыхам палёгкі паклалі на паліцу кінашэдэўр — карціну “Беларусьфільма” паводле Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, дзе псеўда-Хрыстос рабіў “цуд”: адкрываў касцельныя амбары з зернем, тым уціхамірваючы галодны бунт народа, задавальняючы хлебам патрэбы…
Так жыў СССР, так жыла Беларусь, так жылі ў Сапоцкіне, так жылі ў вёсцы Доргунь. Так жыла ў той вёсцы радзіна Колтвін (па бацьку) і Ціцінскіх (па маці).
* * * * *
Маці Леанціна Станіславаўна, бацька Фёдар Сяргеевіч, чацвёра дзетак: Юра 1957а года, Віця 1958-га, Жанна 1962-га і Ядвіга 1964-га. Раптам у год нараджэння самай малодшай бацька памёр. Як далей жыць?! Ну так, бабуля — матчына маці — прыглядзіць за дзеткамі, але цяпер на шасцёх чалавек, на шэсць галодных ратоў — адзін працаздольны: маці Леанціна.
У Доргуні — саўгас, неабсяжныя надзелы цукровых буракоў, якія не раз за лета трэба праполваць, потым збіраць, цягаць кошыкамі ў кучы, ды шмат і іншых прац у палях і на фермах… Нагадваю: 60-я гады, тады яшчэ мала механізацыі — усё ручкамі, ручкамі!
І тут на дапамогу напаўсіротам прыходзіць мой тата.
Ядвіга згадвае:
— Я дакладна не магу ўзгадаць, як так атрымалася, што ў мамы склаліся цёплыя адносіны з вашай сям’ёй. Я не магу сказаць, што яны сябравалі не разлі вада. Я падзялюся тым, што сама памятаю, з цеплынёй згадваю. Адносіны Арловы з намі падтрымлівалі, былі нераўнадушныя. Я дзяўчынкай часта бывала ў вас дома, добра памятаю двор, пакоі дома, цёцю Ліду (гэта мая мачаха. — Аўтар) — яна мяне частавала “смачняткамі”, вашу бабулю: калі мы разам ляжалі ў бальніцы, яна мне, дзіцю, расказвала казкі… І, канешне, памятаю дабрадзея Аляксандра Віктаравіча Арлова.
Што ж так зблізіла абезгалоўленую гаротную сям’ю тутэйшых з вёскі Доргунь і прыезджага савецкага чыноўніка?
(Заканчэнне будзе)
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр