Чалавек у звычайным жыцці не ведае сваіх здольнасцей. Часам закладзены ў нас Богам патэнцыял раскрывае толькі экстрым. І ўсё адно: словаспалучэнне “невідушчы мастак” падаецца фантастыкай. Прынамсі, на першы погляд. Але калі вы зазірняце ў Сеціва, дык знойдзеце там звесткі пра такіх творцаў і будзеце ўражаны якасцю іх твораў у самых розных стылістыках — ад негеаметрычнай абстракцыі да даволі пераканаўчага рэалізму. У кожнага з іх свая методыка. У любым выпадку вызначальныя тут валявы характар і нескароная прага жыцця. Памятаю, у адным з аповедаў Самерсэта Моэма ёсць эпізадычны персанаж — невідушчы скульптар, які абмацвае твар партрэтуемага, а потым пераносіць рэфлексію рук на партрэт. Невідушчыя жывапісцы ў сэнсе канцэптуальным робяць тое ж самае, адно што сёння ў іх праз тэхнічны прагрэс ёсць магчымасць мець дадатковыя камунікацыі з рэчаіснасцю.
Выстава, пра якую ідзе гаворка, мае назву “TECHNOколер”. Карціны ствараліся з дапамогай адмысловага мабільнага дадатка і прылады, якія дазваляюць “бачыць” колер. Выстава ладзіцца дзякуючы падтрымцы МТС як частка праекта BelonikaArt. У экспазіцыі больш за 40 карцін. Іх аўтары засвоілі адмысловыя тэхналогіі. Некаторыя работы маюць асаблівую структуру. Спецыяльныя элементы дазвалялі аўтарам пэўным чынам арыентавацца на палатне.
Усе экспанаты ствараліся з дапамогай прылады, якая не толькі “бачыць” нюансы аб’екта, але і здольная перадаць іх праз гук, праз мелодыю на смартфоне. Нешта падобнае з’явілася яшчэ за савецкім часам, калі на дыскатэках у трэндзе была так званая “цветомузыка”. Калі гукавы тон адпавядаў пэўнай колеравай насычанасці.
Разглядаць гэты праект з мастацтвазнаўчага гледзішча сэнсу не мае. Ён хутчэй цалкам палягае ў рэчышчы псіхалогіі і тэхналогіі. Ёсць гісторыя сусветнага мастацтва. Гэта ўзоры мастацкай творчасці і асобы, пра якія мусіць ведаць кожны адукаваны чалавек. А яшчэ ёсць пласт культуры, які ахоплівае шырокую грамаду, дзе шэдэўры не тое каб наогул адсутнічаюць, але не так заўважныя, і тым болей — не так запатрабаваныя. І нарэшце ёсць мастацтва, што мае функцыі сацыяльнай адаптацыі людзей, якія з нейкіх прычын вымушаны жыць з пэўнымі фізіялагічнымі асаблівасцямі. Творчасць была і ёсць важным чыннікам самасцвярджэння асобы і яе адраджэння пасля заняпаду, пасля драматычных ці нават трагічных здарэнняў, калі чалавеку здаецца, што далейшае жыццё не мае сэнсу.
Калісьці мне давялося браць інтэрв’ю ў кіраўніка нацыянальнай арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў. Ён сярод іншага ў той гаворцы з болем згадаў, што грамада пакуль што няздольная ўсвядоміць, якія моцныя людзі з інваліднасцю. Тыя, хто прайшоў праз пакуты, калі свядомасць засціць навязлівая думка пра суіцыд, хто здолеў пераадолець д’ябальскую спакусу і навучыўся жыць са сваёй бядой, з’яўляюцца сёння не да канца запатрабаваным патэнцыялам краіны.
У рэчышчы гэтай думкі я разглядаю і праект, рэалізаваны ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея. Па-першае, ён звяртае ўвагу да наяўнай праблемы. Ёсць людзі, суайчыннікі, якія маюць патрэбу не толькі ў нашым спачуванні, але і раўнапраўным супрацоўніцтве з імі. Мы думаем, што гэтыя мастакі невідушчыя? А можа, ім дадзена ўбачыць тое, што схавана ад нас, тых, каму не выпала гэтых пакут і выпрабаванняў. Па-другое, гэта папулярызацыя новых тэхналогій, якія адкрываюць і новыя далягляды не толькі для тых, каму не пашчасціла, але і для іншых.
Словам, выстава вартая таго, каб яе наведаць і паглядзець на творчасць моцных духам людзей.