Народны клуб гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” цяпер з’яўляецца адным з вядучых творчых калектываў Цэнтра культуры “Віцебск”. Назву “Варгенторн”, што ў перакладзе са старашведскай мовы азначае “Ваўчыная вежа”, суполка аматараў даўніны атрымала ў 2005 годзе. За гады на выступленнях клуба — тэатралізаваных прадстаўленнях на гістарычную тэматыку, з пастановачнымі баямі на аналагах старажытнай зброі, з танцамі і гістарычнымі мініяцюрамі — пабывалі многія і многія віцябчане і госці горада. Цікавасць удзельнікаў клуба канцэнтруецца менавіта на эпосе вікінгаў — гэта VIII—XI стагоддзі, хаця ў цэнтр увагі раз-пораз трапляюць і іншыя гістарычныя перыяды.
У будынку Палаца — канцэртнай залы “Віцебск” — для клуба з яго вялікім мноствам рэканструяваных прадметаў, з патрэбай у інструментах, станках і майстэрнях, месца, натуральна, не ставала. І вось некалькі гадоў таму праект, адным з пунктаў якога было стварэнне інтэрактыўнага Цэнтра жывой гісторыі ў Віцебску, выйграў конкурс і атрымаў падтрымку ад Еўрапейскага саюза — праект “Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё ІІ” Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь” Еўрапейскага інструмента суседства на 2014–2020 гады. Партнёрамі ў межах праекта сталі муніцыпальная ўстанова “Дом адзінства” з Даўгаўпілса і Цэнтр культуры “Віцебск”. У праграму быў уключаны шэраг мерапрыемстваў па культурным абмене з латвійскім Даўгаўпілсам — майстар-класы, канцэрты і іншае. З’яўленне цэнтра рэканструкцыі агульнай для дзвюх прыдзвінскіх тэрыторый гісторыі з-за пандэміі хоць і трохі затрымалася, але таксама нарэшце адбылося. Да ІХ стагоддзя ў гэтым гістарычным рэгіёне пражывалі балты, потым прыйшлі славяне і пачалася асіміляцыя. У “Варгенторне” рэканструююцца касцюмы і іншыя прадметы як славян, так і балтаў — латгалаў, куршаў. Дарэчы, калегі па праекце з латвійскага боку прысутнічалі на цырымоніі адкрыцця віртуальна — сачылі за падзеяй анлайн.
На ўрачыстай цырымоніі 23 кастрычніка прысутнічалі прадстаўнікі гарадской і абласной улады, з вітальным словам выступілі старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Глеб Лапіцкі і намеснік дырэктара Алена Адаранка — яна ж і каардынатар праекта “Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё ІІ”. Глеб Лапіцкі выказаў асаблівую ўдзячнасць віцебскім уладам, якія дапамаглі прывесці ў парадак памяшканне — бо гэты ніжні ўзровень культурна-спартыўнага комплексу Летняга амфітэатра ўжо каля дзясятка гадоў быў проста зачынены.
Для ўсіх гасцей была праведзена экскурсія. А наведнікаў Цэнтра сустракае шацёр знатнага ваяра-вікінга — інсталяцыя цалкам аднаўляе тагачаснае аздабленне падобнага шатра: у ім можна пасядзець, усё можна памацаць. У тым і асаблівасць Цэнтра: гэта не музей, тут няма музейных артэфактаў — усё зроблена рукамі ўдзельнікаў клуба, адноўлена паводле археалагічных знаходак і гістарычных дакументаў. Ёсць і невялічкая тронная зала — як кажа з усмешкай кіраўніца клуба “Варгенторн” Алена Бібік: “Цяпер мы можам аднаўляць і сярэднявечныя баляванні”. Ёсць і разнастайныя майстэрні, на базе якіх будуць ладзіцца майстар-класы для ўсіх цікаўных. Алена Бібік, дарэчы, асобна вылучае адукацыйную ролю Цэнтра жывой гісторыі — у юных наведнікаў ён выклікае самую гарачую цікавасць, і ўжо праведзеныя некалькі экскурсій для школьнікаў засведчылі, як дзяцей захоплівае невядомая ім раней гісторыя роднага краю. Пад час адкрыцця прайшлі і майстар-класы па гістарычным фехтаванні і сярэднявечных танцах, гасцей пазнаёмілі з асновамі бою на тэрыторыі Днепра-Дзвінскага рэгіёна ў IX–XI стагоддзях і з дружыннай культурай таго часу. Цяпер на працягу пяці гадоў — такія магчымасці дае атрыманы грант — усе жадаючыя могуць наведваць Цэнтр бясплатна, бясплатна ж для іх будуць ладзіцца і экскурсіі.
Адзін з кірункаў захаплення і дзейнасці клуба “Варгенторн” — гістарычнае фехтаванне. HEMA — Historical European Martial Arts — сучасная назва еўрапейскай баявой традыцыі XVI–XVIII стагоддзяў, што ў нашым часе адраджаецца паводле фехтавальных манускрыптаў, напісаных майстрамі таго часу. Школы HEMA існуюць па ўсім свеце, і ў віцебскім клубе восем чалавек сур’ёзна займаюцца гэтай справай, удзельнічаюць у турнірах. Зразумела, іх выступленні і майстар-класы заўсёды выклікаюць захапленне ў гледачоў. Дарэчы, шматгадовы кіраўнік клуба “Варгенторн” Сяргей Бабенка, чалавек у Віцебску вядомы, цяпер выкладае мастацтва гістарычнага фехтавання ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. А клубам кіруе Алена Бібік — яна яго ўдзельніца з 2007 года. Яе ўласнае гістарычнае захапленне — тэкстыль, хаця па адукацыі Алена майстар разьбы па дрэве. Акрамя таго ў клубе працуе і адзіная ў Віцебску школа ірландскага танца, у якой заняткі ладзіць дыпламаваны міжнароднай асацыяцыяй ірландскага танца спецыяліст — Вольга Яленская.
Усё ж гістарычная рэканструкцыя, эксперыментальная археалогія, адраджэнне тэхналогій старажытнага рамесніцтва — гэта галоўны кірунак дзейнасці “Варгенторна”. Цяпер у клубе каля 25 чалавек, на пачатку восені адбыўся новы набор — навічкі па традыцыі праходзяць трохмесячны выпрабавальны тэрмін, за які павінны стварыць свой уласны гістарычны касцюм. А на Ёдль — дзень зімовага сонцастаяння — падчас святкавання тыя, хто прайшоў іспыт, прымаюцца ў дзейныя члены клуба.
Людзі, захопленыя гістарычнай рэканструкцыяй, маюць самыя розныя прафесіі, ёсць і студэнты, і сёлета нават 14-гадовы школьнік. Хтосьці прыходзіць, хтосьці сыходзіць. Але клуб жыве ўжо каля 20 гадоў, калі на пачатку 2000-х арганізавалася суполка тых, хто захапіўся спачатку сусветамі пісьменніка Джона Толкіна — стаў удзельнікам руху ролевых гульняў талкіністаў паводле “Уладара пярсцёнкаў”, “Хобіта” і іншых літаратурных твораў. Аднак, трапіўшы неяк на фестываль сапраўднай гістарычнай рэканструкцыі, віцебская суполка захапілася рэальнай, а не выдуманай гісторыяй — у 2005 годзе клуб стаў называцца “Варгенторнам” і неўзабаве атрымаў званне народнага.
І цяпер па многіх напрамках клуб нават не назавеш аматарскім — гісторыя тут вывучаецца і аднаўляецца вельмі сур’ёзна і па-навуковаму, а майстры дасягнулі ўзроўню прафесіяналаў: эксперыментальная археалогія і адраджэнне старажытных рамесніцкіх тэхналогій вымагае як практычных уменняў, так і тэарэтычных ведаў. З’яўленне вялікага памяшкання, у якім акрамя выставак абсталяваны і самыя розныя майстэрні, відавочна, дазволіць і яшчэ лепей працаваць, і зацікавіць гэтай справай іншых. Ізноў трэба зрабіць акцэнт на адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці — інтэрактыўны Цэнтр жывой гісторыі, несумненна, стане кропкай прыцягнення для юных аматараў даўніны, стане месцам правядзення не толькі майстар-класаў, але і розных лекцый, семінараў, святаў. І стане заўважным і цікавым як для віцябчан, так і для турыстаў.
Фота прадастаўлены ДУ “Цэнтр культуры «Віцебск»”.